Gazeta Grodzieńska (бел.: Гродзенская газета) — перыядычнае выданне ў Рэчы Паспалітай, першае на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Gazeta Grodzieńska
Тып газета
Выдавец Гродзенская друкарня
Заснавана 1776
Спыненне публікацый 1783
Мова польская
Перыядычнасць штотыднёвік
Галоўны офіс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

У другой палове XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай з’явіліся першыя перыядычныя выданні. Гродна стала трэцім горадам Рэчы Паспалітай (пасля Варшавы і Вільні) і першым правінцыяльным цэнтрам, у якім быў свой друкаваны орган. Гэта была «Gazeta Grodzienska» на польскай мове. Яе з’яўленне сведчыць аб імкненні прадстаўнікоў мясцовага Асветніцтва (А. Тызенгаўз) узняць разумовы узровень шляхты, уздзейнічаць на яе у радыкальным напрамку.

Першыя нумары газеты ўбачылі свет у маі 1776 года[1] Ініцыятары заснавання «Газеты Гродзенскай» звярнуліся за матэрыяльнай дапамогай да польскага караля, набылі абсталяванне для друкарні ў Вільні, дзе друкаваўся «Кур’ер Віленскі», а ў Паставах адкрылі завод па вытворчасці паперы.

Апошні захаваны нумар газеты датуецца 28 снежня 1780 года, але перастала яна выходзіць у 1783 годзе[1]. «Газета Гродзенская» па тыпу выдання была адной з першых афіцыйных мясцовых газет, намнога апярэдзіўшы «Губернские ведомости»[2].

Апісанне

правіць

Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) ў Гродне на польскай мове на двух старонках фарматам 15 на 20 см (у некаторых выпадках, напрыклад, у час падарожжа Кацярыны II па Беларусі ў 1780 годзе, аб'ём павялічваўся ўдвая)[1]. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. «Газета Гродзенская», як і ўсе выданні таго часу, была невялікай, падобнай на лістоўку, друкавалася малым тыражом (да 300 экз.) і выходзіла адзін раз на тыдзень па чацвяргах[2].

У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-палітычныя праблемы, што на той час было рэдкай з’явай. Яе рэдактар і выдавец А. Сабалеўскі надаваў вялікае значэнне важнасці распаўсюджання інфармацыі, меў вопыт гэтай працы і таму імкнуўся ператварыць сваю газету ў грамадска-палітычнае выданне. «Газета Гродзенская» друкавала як мясцовую інфармацыю — беларускую, польскую, расійскую — так і замежную[2].

Выданне пісала, у прыватнасці, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях, рабоце сойму, выбарах дэпутатаў. Выходзілі матэрыялы аб міжнародных падзеях, напрыклад, аб вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы, канфліктах паміж Аўстрыяй і Прусіяй, аб наведванні расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ Полацка. Газета публікавала інфармацыю пра падзеі ў Гродне (канцэрт і ілюмінацыя ў студзені 1779, публічныя экзамены ў школе ў 1780). Змяшчаліся аб’явы (аб выданых кнігах, збеглых прыгонных, продажы і арэндзе маёмасці і інш.).

Цікава, што ідэйна-палітычны змест выдання вельмі хутка наблізіўся да крытычных ацэнак палітыкі Польшчы і Расіі ў адносінах да Беларусі[2]. Сваёй смеласцю і весткамі, незгоднымі з палітыкай двара, газета неаднаразова выклікала незадавальненне польскага караля, які разлічваў, што «Газета Гродзенская» будзе прапагандыстам польскай палітыкі. У перадавых артыкулах крытычна абмяркоўваліся надзейныя грамадска-палітычныя праблемы (напрыклад, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях), што для таго часу было з’явай унікальнай. Па патрабаванні караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада газетнага цэнзара, пад ціскам якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з іншых выданняў. Цэнзарам газеты быў Францішак Сухадолец. Але, як відаць з тлумачэння Тызенгаўза, цэнзар не заўсёды меў час чытаць выданне. Напрыклад, у сакавіку 1777 года польскі кароль папракаў Тызенгаўза за артыкул аб езуітах.

Апошні выяўлены нумар газеты ад 28 сакавіка 1780.

Зноскі

  1. а б в Герасімчык, І. А. Гісторыя беларускай журналістыкі XVI—XIX стагоддзяў. Дакументы і матэрыялы: вучэб.-метад. дапаможнік/ І. А. Герасімчык.- Гродна: ГрДУ, 2015.- 223с.
  2. а б в г Слука, А. Г. Беларуская журналістыка: падручнік / А. Г. Слука.- Мінск: БДУ, 2011.- 447с.

Літаратура

правіць
  • Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Мн., 1980. — С. 243—244.