Gazeta Grodzieńska
Gazeta Grodzieńska (бел.: Гродзенская газета) — перыядычнае выданне ў Рэчы Паспалітай, першае на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Gazeta Grodzieńska | |
---|---|
Тып | газета |
Выдавец | Гродзенская друкарня |
Заснавана | 1776 |
Спыненне публікацый | 1783 |
Мова | польская |
Перыядычнасць | штотыднёвік |
Галоўны офіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ другой палове XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай з’явіліся першыя перыядычныя выданні. Гродна стала трэцім горадам Рэчы Паспалітай (пасля Варшавы і Вільні) і першым правінцыяльным цэнтрам, у якім быў свой друкаваны орган. Гэта была «Gazeta Grodzienska» на польскай мове. Яе з’яўленне сведчыць аб імкненні прадстаўнікоў мясцовага Асветніцтва (А. Тызенгаўз) узняць разумовы узровень шляхты, уздзейнічаць на яе у радыкальным напрамку.
Першыя нумары газеты ўбачылі свет у маі 1776 года[1] Ініцыятары заснавання «Газеты Гродзенскай» звярнуліся за матэрыяльнай дапамогай да польскага караля, набылі абсталяванне для друкарні ў Вільні, дзе друкаваўся «Кур’ер Віленскі», а ў Паставах адкрылі завод па вытворчасці паперы.
Апошні захаваны нумар газеты датуецца 28 снежня 1780 года, але перастала яна выходзіць у 1783 годзе[1]. «Газета Гродзенская» па тыпу выдання была адной з першых афіцыйных мясцовых газет, намнога апярэдзіўшы «Губернские ведомости»[2].
Апісанне
правіцьВыдавалася з мая 1776 да 1783 (?) ў Гродне на польскай мове на двух старонках фарматам 15 на 20 см (у некаторых выпадках, напрыклад, у час падарожжа Кацярыны II па Беларусі ў 1780 годзе, аб'ём павялічваўся ўдвая)[1]. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. «Газета Гродзенская», як і ўсе выданні таго часу, была невялікай, падобнай на лістоўку, друкавалася малым тыражом (да 300 экз.) і выходзіла адзін раз на тыдзень па чацвяргах[2].
У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-палітычныя праблемы, што на той час было рэдкай з’явай. Яе рэдактар і выдавец А. Сабалеўскі надаваў вялікае значэнне важнасці распаўсюджання інфармацыі, меў вопыт гэтай працы і таму імкнуўся ператварыць сваю газету ў грамадска-палітычнае выданне. «Газета Гродзенская» друкавала як мясцовую інфармацыю — беларускую, польскую, расійскую — так і замежную[2].
Выданне пісала, у прыватнасці, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях, рабоце сойму, выбарах дэпутатаў. Выходзілі матэрыялы аб міжнародных падзеях, напрыклад, аб вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы, канфліктах паміж Аўстрыяй і Прусіяй, аб наведванні расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ Полацка. Газета публікавала інфармацыю пра падзеі ў Гродне (канцэрт і ілюмінацыя ў студзені 1779, публічныя экзамены ў школе ў 1780). Змяшчаліся аб’явы (аб выданых кнігах, збеглых прыгонных, продажы і арэндзе маёмасці і інш.).
Цікава, што ідэйна-палітычны змест выдання вельмі хутка наблізіўся да крытычных ацэнак палітыкі Польшчы і Расіі ў адносінах да Беларусі[2]. Сваёй смеласцю і весткамі, незгоднымі з палітыкай двара, газета неаднаразова выклікала незадавальненне польскага караля, які разлічваў, што «Газета Гродзенская» будзе прапагандыстам польскай палітыкі. У перадавых артыкулах крытычна абмяркоўваліся надзейныя грамадска-палітычныя праблемы (напрыклад, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях), што для таго часу было з’явай унікальнай. Па патрабаванні караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада газетнага цэнзара, пад ціскам якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з іншых выданняў. Цэнзарам газеты быў Францішак Сухадолец. Але, як відаць з тлумачэння Тызенгаўза, цэнзар не заўсёды меў час чытаць выданне. Напрыклад, у сакавіку 1777 года польскі кароль папракаў Тызенгаўза за артыкул аб езуітах.
Апошні выяўлены нумар газеты ад 28 сакавіка 1780.
Зноскі
Літаратура
правіць- Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Мн., 1980. — С. 243—244.