«Hate to State» (Нянавісць да дзяржавы) — беларускi анарха-панкавы гурт. Адзін з першых гуртоў у Беларусі ў жанры краст-панк.

Hate to State
Жанры Анарха-панк
Панк-рок
Краст-панк
Гады 1997—2000
2013
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Мова песень руская
Склад Ігар Конік
Віця Жаркевіч (Маа)

Удзельнікі правіць

  • Ігар Конік — бас
  • Віця Жаркевіч (Маа) — спеў, тэкст

Усяго ў гурце змянілася сем бубначоў, чатыры гітарысты і дзве вакалісткі, і толькі Ігар і Маа былі нязменнымі ўдзельнікамі.

Гісторыя гурту правіць

Пачатак правіць

Калі Маа вярнуўся з Германіі, дзе жыў 4 гады, ён сустрэўся з Ігарам. Яны абмяркоўвалі сітуацыю — гуртоў няма, рух на нулі, нічога няма. А пасля вырашылі, што наракаць няма сэнсу і трэба ствараць свой гурт. Першыя рэпэтыцыі адбыліся вясною 97-га года. Яны адбываліся ў хаце знаёмага, які пісаў у «Музычную газету» пад псэўданімам Баралдой Мерген, ён сам мусіў быць гітарыстам у гурце. Калі Ігар атрымаў месца для рэпетыцый на сваім заводзе, выявілася, што граць Баралдой Мерген зусім не ўмее. Яго спрабавалі навучыць, але безвынікова. У 1998 годзе выдаецца на касетах першы і адзіны дэмаальбом гурту «Hate Demo».

Падарожжа ў Маскву правіць

У 1998 годзе у Мінску быў фестываль «nuCLEAR free land». На ім разам з «Hate to State» выступаў маскоўскі гурт «Три креста». Там жа яны і пасябравалі. Госці з Масквы ўзялі ўсе касеты «Hate to State», пару дзясяткаў усяго, ды павезлі ў Маскву. Увосень яны патэлефанавалі, сказалі, прыязджаць да іх выступаць. Для Ігара і Маа гэта была падзея, з-за якой яны нават разгубіліся крыху.

Вандроўка пачалася з вакзалу. Праязджаючы ля ГУМу гурт вырашыў купіць бутэльку гарэлкі. Удзельнікі напіліся падчас падарожжа, з-за чаго на мяжы была патасоўка з памежнікамі, у ходзе якой Маа разбілі акуляры і жадалі забраць пашпарт. Па прыездзе ў Маскву панкі не зразумелі дзе яны апынуліся, потым праспаліся.

Сам канцэрт прайшоў добра, публіка нават спявала песні гурту. Убачыўшы, што адбывалася з п’янымі людзьмі на канцэрце музыкі пераасэнсоўваюць свае погляды: адмовіліся ад алькаголю, сталі вэгетарыянцамі, бо задумаліся пра тое, што мы спажываем прадукты забойства.

Канцэрт у Брэсце правіць

Выступ адбыўся 18 красавіка 1999 года ў клубе «Прогресс» (Прагрэс). Прыезжыя музыкі патрапілі ў нейкія разборкі з тутэйшымі. У скутку Маа мантыроўкай разбілі галаву. Спачатку выступілі тутэйшыя хардкоршчыкі «Knuckleduster», затым «Hate To State» з акрываўленым Маа на вакале, які гойсаў з мікрафонам па сцэне перад сямюдзесяццю гледачамі, выкрыківаючы тэксты песень: «Голод, холод, ветер, смерть», «ОМОН SS, ОМОН SS». Затым наступіла чарга «Deviation». Пасля іх чацвёртай песні «Х…й вам, альбо Таталітарызм ня пройдзе» прыехалі міліцыянеры і скончылі канцэрт.

Канец гурту правіць

У 2000 годзе «Hate To State» даў свой апошні канцэрт у Мінску разам з гуртамі «Правакацыя» і «Call Centre» з Фінляндыі.

Раптоўнае адраджэнне правіць

У 2013 годзе Ігар і Віця адрадзілі гурт дзеля аднаго канцэрта з нагоды гадавіны ў 50 год у Ігара. Выступ адбыўся ў клубе «Піраты»

Светапогляд правіць

Пра свае погляды:

Мы — анархісты! За гэтым стаіць нешта большае за літару «А», намалёваную на сцяне ці Ягора Летава на майцы большасці тых, хто кліча сябе «анархістамі». На наш погляд анархія — гэта тая мадэль ладу грамадства, пры якім не будзе расавай, нацыянальнай и іншай варожасці, эксплуатацыі чалавека чалавекам…

Пра беларускую панкавую сцэну:

Такой сцэны, якую нам жадалася б мець, у нас у Беларусі няма. Ёсць некалькі суполак, якія жадаюць згуртавацца ў сцэну, але добрых клубаў няма, няма куды запрашаць добрыя гурты з Піцера ці Масквы. Клубы, якія працуюць на камерцыйнай аснове, такія гурты запрашаць проста не будуць, а ў клубах, якія здаюць свае пляцоўкі фашыстам, сатаністам і г.д., мы і самі граць не жадаем.

Тыя гурты, якія можна аднесці да нашай сцэны і DIY-панк руху, на жаль, покі не згуртаваныя.

З беларускіх гуртоў жадалася б павылучваць «DEVIATION» (Гродна), «TWIN PIGS» (Івацэвічы) — гэта хлопцы што трэба, за іх я ўпэўнены. «ПРАВАКАЦЫЯ» (Мінск) — таксама гурт, які мае сваю пазіцыю, я думаю, што і яны не пачнуць прадавацца. З гуртам «СОНЦА МАО» не зусім зразумела — накшталт і анархісты, і панк-хардкоршчыкі, але граюць музыку, якая ўсё больш падобная на «MTV-noncy». Зноў жа, прамошн, раскрутка, канцэрты дзе папала і з кім папала — не магу зразумець, чым гэтае выклікана. «ЙО-ЙО» таксама маглі б паўдзельнічаць у будаўніцтве незалежнай сцэны, але яны не ідуць на кантакт. «ДАЙ ДАРОГУ!» (Брэст) на словах панкі, але ад ідэі далёкія, сябруюць з нацыстамі. Вось вам і ўвесь панк…

Пра сутнасць панкавай музыкі:

У Расеі ёсць некалькі добрых гуртоў, з якімі мы выступалі: «XXX», «Б-67», «UNCONFORM». Гэта straight-edge гурты. калі чалавек знайшоў у сабе сілы адмовіцца ад шкодных звычак, ужо гэта кажа пра нешта. Апроч іх ёсць яшчэ такія гурты, як "ДОЛБИ СИСТЕМУ, «ПОСЛЕДНИЕ ТАНКИ В ПАРИЖЕ» і некаторыя іншыя. Гурты «ДАЙ ПИСТОЛЕТ», «МАРРАДЕРЫ», «ПЯТЬ УГЛОВ» граюць нармальна, але іхнія інтерв’ю паказваюць, што мэты іх мала адрозніваюцца ад Укупніка ці кагосьці гэтага кшталту. Многія забываюць, што панк — гэта не камерцыйнае, а хутчэй антыкамерцыйныя погляды, не проста музычны напрамак, а цэлая контркультура. Дзякуючы мас-медыя панк вырадзіўся ў грубых абадранцаў, якія шакуюць бабулек. Але многія гэтаксама зразумелі, што супрацьпастаўленне сябе сістэме, дзяржаве — не ў самазнішчэнні, а ў рэальным змаганні супраць дзяржавы і ейнай ідэалогіі, напрыклад, у знішчэнні стэрэатыпаў, якія навязаны нам капіта­лістычным грамадствам.

Пра байкот клуба «Альтернатива» (Альтэрнатыва):

Думаю, што акрамя нас гэты клуб байкатуюць і «DEVIATION», але здзіўляе, што многія суполкі надта спакойна ставяцца да палітыкі гэтага клуба. Па-першае, клуб прыйме любых выступоўцаў. Таму на сцэне могуць спяваць гурты, якія спавядаюць фашызм, нацызм, сексізм, сатанізм і гэтак далей. Па-другое, ім напляваць на публіку. Ахова можа фактычна бесперашкодна збіваць народ, калі гэта ёй зажадаецца. Вобшукі з ног да галавы на ўваходзе. Такое ўражанне, што людзі прыходзяць не на канцэрт музыку паслухаць, а ў нейкі канцлагер, дзе іх заганяюць за краты і загадваюць, што ім можна рабіць, а што не. Тое ж самае і ў адносінах да музыкаў. Да музыкі, уласна, тут ніхто не прыслухоўваецца — даюць граць настолькі, насколькі ты дазваляеш зарабляць на табе грошы. Гук наладжвае зусім «выключаны» гукарэжысёр, якому ўсё адно, хто грае і які павінны быць у іх гук.

Галоўнае, каб прыйшло болей народу і каб было продана болей квіткоў. Такія мэты ўсялякага нармальнага клуба, як, праводзячы канцэрты, выказваць нейкія ідэі, даваць магчымасць граць новым і невядомым гуртам, для іх не існуюць.

Покі ўсе музыкі не задумаюцца, покі ёсць гурты, якія з задавальненнем граюць у «Альтэрнатыве», калі іх задавальняюць метады адміністрацыі клуба і на першае месца ставіцца жаданне як мага больш і часцей выступаць, сітуацыя не зменіцца. Няхай яны выступаюць. Мы, тым часам, прызываем да байкоту. Сваім прыкладам мы жадаем паказаць, што не трэба падстройвацца пад сітуацыю, яе трэба змяняць!

Пра сутычкі з фашыстамі:

Былі, чаму ж ім не быць? Мы можам адказаць за свае антыфашысцкія погляды. Маа на кожным канцэрце паміж песнямі прапагандуе ідэі Супраціву і часам паспявае прачытаць цэлую «лекцыю» з бесшабашным вяселлем.

Пра прынцып D.I.Y.:

(Do It Yourself — Зрабі сам) — гэта своеасаблівая сістэма зносін, якая супрацьпастаўляецца камерцыйнаму падыходу да музыкі і не толькі. Яна ўключае выпуск касет, зіноў (самавыдадзеныя часопісы), арганізацыю канцэртаў, акцый без дапамогі людзей, якіх цікавіць толькі фінансавы бок любой справы. Аддаючы магчымасць камусьці яшчэ рабіць гэта за цябе, ты пазбаўляешся магчымасці ведаць, на што ідуць грошы ад продажу касет, часопісаў, квіткоў на канцэрты (можа на падтрымку фашыстаў?), ці цябе могуць без тваёй згоды ўвапхнуць у адзін зборнік з нацысцкімі гуртамі. Самастойна занімаючыся ўсімі справамі, ты не рызыкуеш укляпацца ў лайно.

Пра вегетарыянства:

Я зразумеў, што цвярозае жыццё і вэгетарыянства — гэта шлях супраціву мас-культуры і афіцыёзным такім уціскам таксама, хоць сам я сябе ніколі стрэйт-эйджэрам не называў. І пасля мы гэтыя ідэі прывезлі ў Мінск.

Пра сябе:

Мы людзі, якія адказваюць за свае словы і ўчынкі і насамрэч хочуць нешта змяніць у гэтым свеце, а не вечна п’яныя маладзёны з іракезамі, як гэта шмат каму ўяўляецца.

Творчасць правіць

Hate Demo (1998)

Першы і адзіны дэмаальбом гурту, быў выдадзены на касетах.

  1. Hate (Нянавісць)
  2. No (Не)
  3. Cold, Hunger, Wind, Death (Холад, голад, вецер, смерць)
  4. Omon — SS (I) (Амон — СС)
  5. Mc Donalds Zum Kotzen (МакДональдс смактае)
  6. Fuck (Халера)
  7. I Hate All What I See (Усё, што я бачу, я ненавіджу)
  8. Omon — SS (II)
  9. Kill Me (Забей мяне)
  10. Guerrillas (Партызаны)

Спасылкі правіць