Квакша звычайная

(Пасля перасылкі з Hyla arborea)

Квакша звычайная, Драўнянка (Hyla arborea) — невялікае земнаводнае сямейства квакшаў.

Квакша звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hyla arborea Linnaeus, 1758

Сінонімы
  • Rana viridis Linnaeus, 1761
  • Hyla viridis Laurenti, 1768
  • Hyla vulgaris Lacépède, 1788
  • Calamita viridis — Schneider, 1799
  • Hylaria viridisRafinesque, 1814
  • Dendrohyas arborea — Tschudi, 1838
  • Dendrohyas arboreus — Fitzinger, 1843
  • Dendrohyas arborea var. daudinii Gistel, 1868
  • Hyla arborea var. orientalis Bedriaga, 1890
  • Hyla arborea var. molleri Bedriaga, 1890
  • Hyla arborea schelkownikowi Chernov, 1926
  • Hyla arborea kretensis Ahl, 1931
  • Hyla meridionalis molleri' — Parker, 1956
  • Hyla arborea cretensis — Stugren and Lydataki, 1986
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  662424
NCBI  121869
EOL  332925

Апісанне правіць

Даўжыня цела дасягае 35-45 мм, вядомая максімальная даўжыня — 52 мм; маса 4-9 г. Зверху квакша афарбавана ў ярка-зялёны колер, знізу — у жаўтавата-белы. Верхняя і ніжняя часткі цела падзелены тонкай чорнай палосай, якая пашыраецца ззаду і ўтварае пятлю ўгару у вобласці пахвіны. Зверху цёмная палоса мае белы беражок. Афарбоўка квакшаў прыкметна мяняецца ў залежнасці ад тэмпературы і вільготнасці навакольнага асяроддзя (напр., пры паніжэнні тэмпературы і павьшэнні вільготнасці афарбоўка цямнейшая).

Цела зграбнае, канечнасці адносна тонкія і доўгія. Кончыкі пальцаў квакшы расшыраны ў дыскі, якія з’яўляюцца прыстасаваннем да лажання па дрэвах (па вертыкальных паверхнях). Дыскі на кончыках пальцаў дапамагаюць ёй прыклейвацца да лістоў, галін, ствалоў дзякуючы таму, што яны багатыя на лімфатычныя і слізістыя залозы. Самцы маюць слаба развітыя шлюбныя мазалі.

Распаўсюджанне правіць

Распаўсюджана квакша звычайная ў Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропе, Пярэдняй Азіі (на паўднёвым усходзе да Цэнтральнага Ірана), у Паўночна-Заходняй Афрыцы. Гэта адзіны прадстаўнік сямейства квакшаў на Беларусі (жыве ў заходніх і паўднёвых раёнах, у значнай колькасці сустракаецца ў басейне Прыпяці і прырэчышчы Нёмана).

Тыповымі месцамі пражывання квакшы з’яўляюцца шыракалістыя і змешаныя лясы, хмызнякі, некаторыя лугі. Найчасцей іх можна сустрэць у прырэчышчавых дубровах, алешніках, на поймавых лугах, зарослых хмызняком, па берагах канаваў.

Асаблівасці біялогіі правіць

Большую частку актыўнага жыцця квакшы праводзяць на дрэвах, хмызняках ці на высокіх травяністых раслінах, дзе зялёная афарбоўка цела добра іх маскіруе. Удзень сядзяць нерухома, толькі зрэдку спрытна хапаюць насякомых, якія побач пралятаюць ці прапаўзаюць. Больш актыўна палююць на змярканні. Перад паляваннем звычайна купаюцца ў расе ці ў сажалцы, каб папоўніць праз скуру запасы вільгаці. У паляванні ім дапамагае доўгі і клейкі язык, які перыядычна выкідваецца з роту. Квакша не толькі добра лазіць па дрэвах, але і выдатна скача, што ў паляванні на насякомых, якія лётаюць, вельмі важна. Квакшы таксама добра плаваюць, калі трэба.

Рацыён квакшаў у асноўным складаюць наземныя формы. Звычайна яны кормяцца лістаедамі, блошкамі, конікамі, вусенямі.

У канцы верасня — кастрычніку квакшы падаюцца на зімоўку, выкарыстоўваючы для яе дуплы, норы, прастору пад каранямі і лясным подсцілам, шчыліны каменных збудаванняў. Ёсць звесткі, што яны могуць зімаваць і ў глеі на дне вадаёмаў. Прачынаюцца вясною даволі рана (на Палессі ў пачатку красавіка).

У цёплыя дні, асабліва пад вечар і ўначы, самцы квакшы спрабуюць голас. Дзякуючы добра развітому гарлавому рэзанатару, што раздзімаецца, як шар, ён вельмі моцны, нагадвае качынае краканне, але на больш высокай ноце.

З сярэдзіны красавіка да канца мая адбываецца спароўванне і нераставанне, у гэты перыяд квакшы збіраюцца каля вадаёмаў. Пладавітасць адной самкі — каля 800—1000 ікрынак, якія адкладваюцца некалькімі порцыямі ў выглядзе невялікіх камячкоў. Для размнажэння выкарыстоўваюцца стаячыя вадаёмы, што добра праграваюцца на сонцы. Ікра квакшы можа даволі доўга супрацьстаяць высыханню: яна не гіне, калі амаль высахлы вадаём зноў аднаўляецца пасля дажджу. У вадаёме ікра непрыкметная, бо ляжыць на дне. Развіццё яе доўжыцца каля 10 дзён. Апалонікаў лёгка адрозніць па вельмі развітым завостраным хвасце, плаўніковы беражок якога праходзіць па спіне да самых вачэй, вочы моцна зрушаны набок. Лічынкавае развіццё працягваецца каля 90 дзён.

Утрыманне ў няволі правіць

Квакшы добра прыстасоўваюцца да жыцця ў няволі. Вядомы выпадкі, калі яны не толькі жылі ў тэрарыуме больш за 20 гадоў, але нават і размнажаліся.

Фотагалерэя правіць

Літаратура правіць

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4

Спасылкі правіць