Java (мова праграмавання)

(Пасля перасылкі з Java)

Java (маўленне джа́ва) — аб’ектна-арыентаваная мова праграмавання, распрацаваная карпарацыяй «Sun Microsystems» на пачатку 1990-х гадоў. Праграмы, напісаныя на Java, звычайна кампілююцца ў байткод, які потым пры патрэбе пераўтвараецца ў машынны код падчас выканання. Таксама пад Java часам разумеюць праграмную платформу, для якой была напісана гэтая мова.

Java
Выява лагатыпа
Клас мовы мультыпарадыгменная: аб'ектна-арыентаваная, функцыянальная, імператыўная
З’явілася ў 1995
Аўтар(ы) Sun Microsystems
Пашырэнне файлаў .java, .class, .jar, .jmod
Тыпізацыя даных строгая, статычная
Зведала ўплыў Lisp, Objective-C, C++, Smalltalk
Паўплывала на C#, PHP, Python, Scala
Ліцэнзія GNU General Public License[1]
Сайт oracle.com/java/

Мова шмат чаго пераняла ад сваіх папярэднікаў C і C++, але вылучаецца прасцейшай рэалізацыяй аб’ектаў і меншай колькасцю механізмаў нізкага ўзроўню. Скрыптавая мова JavaScript мае падобны сінтаксіс, але не мае дачынення да Java.

На цяперашні час «Sun Microsystems» пастаўляе GPL-рэалізацыю кампілятара і віртуальнай машыны Java.

Станам на верасень 2022 года апошняя версія мовы — Java 19, доўгатэрміновая падтрымка (LTS) працягваецца для версій Java 17, 11 і 8.

Гісторыя

правіць

Java стала вынікам працы адмыслоўца з карпарацыі Sun Microsystems Джэймса Гослінга над праектам «Oak» (Дуб) у чэрвені 1991 года. Гослінг мэтай сваёй працы паставіў распрацоўку віртуальнай машыны і мовы праграмавання для яе, з сінтаксісам і прынцыпамі, падобнымі да C/C++. Першая версія мовы Java 1.0 з’явілася ў 1995 годзе. Галоўным прынцыпам гэтага праекту стаў лозунг «Write Once, Run Anywhere» (WORA), што ў перакладзе на беларускую мову гучыць як «Напішы адзін раз, запускай усюды», што абяцала гарантыю нармальнай работы аднаго і таго ж кода на любых падтрымліваемых платформах. Віртуальная машына забяспечвала даволі высокі ўзровень бяспекі (магчымасць абмежавання сеткавых, дыскавых аперацый і інш.), прычым яго можна было змяняць пры неабходнасці. Праз некаторы час большасць папулярных вэб-браўзераў пачала падтрымліваць бяспечнае выкананне аплетаў Java, убудаваных у вэб-старонкі. Пачынаючы з версіі «Java 2», Sun Microsystems выпускае некалькі розных пакункаў Java для розных платформаў. Напрыклад, версія J2EE прызначана для праграм з высокімі патрабаваннямі да апаратнага забеспячэння, а версія J2ME, наадварот, прызначана для мабільных платформ.

У лістападзе 2006 г. Sun выпусціла частку зыходнага кода Java пад адкрытай ліцэнзіяй GPL. 8 траўня 2007 года Sun скончыла працэс адкрыцця ўсяго галоўнага кода Java, за выключэннем невялікай часткі кода, на якую Sun не мела аўтарскіх правоў. З дапамогай праекта IcedTea, які з дазволу Sun распрацоўвала кампанія Red Hat, у чэрвені 2008 г. Java стала поўнасцю адкрытай.

Асаблівасці

правіць
  1. Аб’ектна-арыентаваныя тэхналогіі праграмавання
  2. Магчымасць выканання аднаго выканальнага файла на розных аперацыйных сістэмах
  3. Падтрымка камп’ютарных сетак
  4. Бяспечнае выкананне праграм аддалена, з іншага камп’ютара
  5. Простасць выкарыстання, заснаваная на рэалізацыі толькі дзейсных метадаў аб’ектна-арыентаванага праграмавання
  6. Аўтаматычнае збіранне смецця

Прыклад

правіць

Прыклад напісання праграмы Hello world:

public class HelloWorldApp {
    public static void main(String[] args) {
        System.out.println("Hello World!");
    }
}

Паводле правіл мовы зыходны файл павінен называцца адпаведна публічнаму класу, які ён змяшчае, з дадаткам суфікса .java, напрыклад, HelloWorldApp.java. Кампілятар Java скампілюе зыходны файл у байт-код і створыць файл з суфіксам .class (у паказаным выпадку HelloWorldApp.class) — пасля гэтага яго можна выканаць.

Спасылкі

правіць
  1. https://www.lemondeinformatique.fr/actualites/lire-java-open-source-c-est-fait-et-c-est-en-gpl-21350.html