Гэтыя жывёлы не маюць лёгкіх. Яны страцілі лёгкія і перагародку паміж перадсэрдзяямі ў сувязі з пераходам да пастаянаводнага спосабу жыцця.
Даўжыня цела 2,7-30 см. Сэрца двухкамернае, газаабмен ажыццяўляецца праз скуру і слізістую абалонку ротавай паражніны.
Большасць пастаянна знаходзіцца ў вадзе, у асноўным у горных ручаях Паўночнай Амерыкі, часткова ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, а 5 відаў пячорных саламандраў сустракаюцца ў Паўднёвай Еўропе. Значная колькасць трапічных, субтрапічных і пячорных відаў водзіцца на сушы.
Актыўныя галоўным чынам уначы. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі; пячорныя бязлёгачныя саламандры ловяць казурак доўгім языком, які выкідваюць на адлегласць, роўную амаль палове даўжыні цела.
Апладненне ўнутранае. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў вадзе або на сушы (пад камянямі, у вільготнай глебе, у дуплах, у норах грызуноў і інш.). У наземных умовах самка звычайна ахоўвае кладку яец, абвіваючы яе сваім целам. Развіццё з метамарфозам або з яец адразу з’яўляюцца цалкам развітыя асобіны; часам пажыццёва захоўваюцца лічынкавыя прыкметы (частковая неатэнія); некаторыя віды жывародныя.
- ↑ Min, M.S., S. Y. Yang, R. M. Bonett, D. R. Vieites, R. A. Brandon & D. B. Wake. (2005). Discovery of the first Asian plethodontid salamander. Nature (435), 87-90 (5 May 2005)
- Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1996. ISBN 985-11-0067-6