SEAT Ibiza — кампактны легкавы аўтамабіль. У мадэльным шэрагу маркі SEAT з 1984 года.

Ibiza (Тып 021, 1984–1993) правіць

 
SEAT Ibiza (021)

Першае пакаленне ўпершыню паказалі ў 1984 годзе на Парыжскім аўтасалоне. Асновай для машыны паслужыла платформа хэтчбэка Fiat Ritmo/Seat Ronda. Невялікі аўтамабіль меў даўжыню ўсяго 3,64 метра, шырыню 1,61 метра, вышыню 1,39 метра і важыў 920 кілаграмаў. Вуглаваты кузаў быў спраектаваны Джуджара, у працах над інтэр’ерам і падрыхтоўцы да вытворчасці ўдзельнічала атэлье Karmann, маторы распрацоўвалі сумесна з Porsche. Шэраг рухавікоў складаўся з бензінавых рухавікоў аб’ёмам 0,9, 1,2, 1,5 і 1,7 л, магутнасцю ад 40 да 103 к.с. і атмасфернага дызельнага рухавіка Fiat аб’ёмам 1,7 л. З 1986 года сталі даступныя рухавікі з упырскам паліва і каталізатарам.

У 1988 годзе быў прадстаўлены спартыўны варыянт SXi.

 
SEAT Ibiza (021A)

У 1991 годзе быў праведзены рэстайлінг (індэкс — 021A).

З 1984 па 1993 гады выпушчана 1 284 648 аўтамабіляў.

У 1997 годзе правы на выпуск былі прададзены сумеснаму прадпрыемству Nanjing Automobile (Кітай) і Lion Group (Малайзія). У 1999 годзе пачалася вытворчасць пад назвай Zhongguo Nanjing NJ6400. Калі ў кастрычніку 2003 года скончыўся тэрмін дзеяння ліцэнзіі, Nanjing перапраектавала мадэль. Абноўленую машыну перайменавалі ў Nanjing Yuejin Soyat. Вытворчасць аўтамабіляў спынілася ў 2007 годзе пасля таго, як Nanjing Auto быў набыты SAIC Motor[1].

Ibiza (Тып 6K, 1993—2002) правіць

 
SEAT Ibiza (6K)

Другое пакаленне (завадскі індэкс Typ 6K) прадстаўлена ў 1993 годзе. Аўтамабіль быў распрацаваны сумесна з Volkswagen, які ў 1990 годзе стаў уласнікам маркі Seat. Машына створана на платформе А03, на якой пазней дэбютаваў VW Polo трэцяга пакалення. Дызайн зноў быў распрацаваны Джуджара. Выпуск наладзілі на новым заводзе ў Мартарэлі.

Габарыты выраслі да 3,81×1,63×1,42 м. Акрамя трох- і пяцідзверных хэтчбэкаў мадэльная гама пашырылася купэ, седанам Cordoba, універсалам Cordoba Vario і фургонам SEAT Inca, Ibiza Cupra 1.8Т магутнасцю 156 к.с. Абмежаваным тыражом у тысячу штук была выпушчана 180-моцная Cupra R.

Перажыўшы два рэстайлінгі (у 1996 і 1999 гады), Ibiza другога пакалення выпускалася да 2002 года. Было выраблена 1 522 765 адзінак.

З 1996 па 2002 гады таксама прадавалася ў Паўднёвай Афрыцы і Аргенціне — пад імем Volkswagen Polo Playa.

Ibiza (Тып 6L, 2002–2008) правіць

 
SEAT Ibiza (6L)

Вытворчасць трэцяга пакалення Ibiza (тып 6L) была пачата ў 2002 годзе. Аўтамабіль быў пабудаваны на платформе А04/PQ24 (Škoda Fabia першага пакалення, VW Polo чацвёртага пакалення і VW Fox), за дызайн адказваў Вальтэр дэ Сільва.

Трэцяе пакаленне Ibiza аснашчалася бензінавымі рухавікамі 1,2 (54, 60, 64 і 70 к.с.), 1,4 (75, 86 і 101 к.с.), 1,6 (101 і 105 к.с.), 1.8T (150 і 180 к.с.), 2,0 (115 к.с.) і дызельнымі 1,4 TDI (70, 75 і 80 к.с.), 1,9 SDI (64 к.с.) і 1,9 TDI (101, 130 і 160 к.с.)[2].

У гаме прапаноўваліся версіі Sport (80-130 к.с.), FR (130 і 150 к.с.) і Cupra (160 і 180 к.с.).

У 2006 годзе аўтамабіль злёгку абноўлены, а гама папоўнілася дызельнай версіяй Cupra TDI (1,9 л, 130 к.с. або 165 к.с.).

Выпушчана 1 172 504 машыны.

Ibiza (Тып 6J/6P, 2008–2017) правіць

 
SEAT Ibiza (6J)

У 2008 годзе на свет з’явілася Ibiza чацвёртага пакалення. Мадэль вырасла да 4,03 м, а таксама ўпершыню атрымала варыянт з кузавам універсал пад назвай «Ibiza ST», які быў амаль на 17 сантыметраў даўжэй і меў багажнік аб’ёмам 430 літраў (1167 літраў са складзенай канапай). Трохдзверная мадыфікацыя атрымала да назвы дадатак «SC» («спорт-купэ»).

У 2012 годзе на аўтасалоне ў Жэневе прадстаўлена рэстайлінгавая Ibiza. У мадэльны шэраг дадаліся больш надзейныя маторы і Cupra з 1.8 TSI магутнасцю 192 к.с і механічнай каробкай перадач.

Было пабудавана амаль 1,4 мільёна аўтамабіляў.

Cupra правіць

 
Seat Ibiza Cupra

Зараджаная мадыфікацыя Ibiza Cupra спачатку абсталёўвалася бензінавым турбіраваным рухавіком 1.4 TSI (180 к.с.) з камбінаваным наддзіманнем (на малых абаротах працуе механічны кампрэсар, а на высокіх — турбіна), агрэгатаваным з 7-ступеньчатай рабатызаванай каробкай DSG[3]. Cupra таксама атрымала пераналаджаную падвеску: сайлент-блокі, спружыны, а таксама заднія амартызатары — больш жорсткія, кліранс паменшаны на 20 міліметраў. Знешне адрознівалася асаблівымі 17-цалёвымі колавымі дыскамі, пярэднім бамперам з вялікім паветразаборнікам, дадатковымі вентыляцыйнымі прарэзамі і заднім дыфузарам чорнага колеру. У салоне — спартыўныя сядзенні і алюмініевыя накладкі на педалі.

Пасля мадэрнізацыі 2015 года атрымала турбарухавік 1,8 л (192 к.с., 320 Нм круцільнага моманту)[4], а таксама стала даступная шасціступеньчатая механічная каробка. Фары — біксенонавыя, са святлодыёднымі дзённымі хадавымі агнямі.

Ibiza (Тып 6F, 2017–) правіць

Seat Ibiza (6F)

Пятае пакаленне прадстаўлена ў 2017 годзе на аўтасалоне ў Жэневе[5].

Створаны на модульнай платформе MQB A0. Аўтамабіль стаў на два міліметра карацей і на міліметр ніжэй, але павялічылася шырыня на 87 мм (пярэдняя каляіна стала на 60 мм больш, а задняя — на 48 мм). Колавая база стала больш на 95 мм — 2564 мм.

Абсталёўваецца бензінавым трохцыліндравым 1.0 TSI (95 і 115 к.с.), 1,5-літровым TSI (150 к.с.), 1,6-літровым дызелем TDI (80, 95 і 110 к.с.). Каробкі перадач — 5-ступеньчатая для версій з рухавікамі магутнасцю менш за 95 конскіх сіл[6], 6-ступеньчатая механічная для больш магутных мадыфікацый, а таксама рабатызаваная 7-ступеньчатая каробка DSG.

Крыніцы правіць

  1. Post-retirement in China, Part 1 (англ.). goodcarbadcar.net. Праверана 23 лютага 2024.
  2. Z odrobiną emocji - Seat Ibiza 6L (2002-2008) (польск.). autocentrum.pl (27 студзеня 2012). Праверана 10 верасня 2023.
  3. "Dit is de nieuwe Seat Ibiza Cupra" [нідэрландская]. autoblog.nl. 2008-08-29. Праверана 2023-09-10.
  4. "Хот-хэтч Seat Ibiza Cupra получил новый двигатель" [руская]. motor.ru. 2015-09-01. Праверана 2023-09-10.
  5. "Seat показал новую Ibiza на платформе будущего Volkswagen Polo" [руская]. abw.by. 2017-01-31. Праверана 2023-09-10.
  6. "Хэтчбэк Seat Ibiza стал ниже и короче после смены поколения" [руская]. motor.ru. 2017-02-01. Праверана 2023-09-10.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць