Ваенная форма

(Пасля перасылкі з Абмундзіраванне)

Вае́нная фо́рма — набор прадметаў ваеннага абмундзіравання, рыштунку і знакаў адрознення ваенных, усталяваны для асабовага складу Узброеных сіл, войскаў і воінскіх фарміраванняў.

Навучэнцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча ў параднай форме (3 ліпеня 2017 г.)

Віды: палявая, парадная і штодзённая (для строю і па-за строем). Вызначаецца адпаведным камандаваннем і штабам. Парадак нашэння вызначаецца вайсковым статутам. Падзяляецца на зімовую і летнюю, пераход на якую ўстанаўліваецца міністрам абароны. Таксама вылучаюць лётна-тэхнічнае і працоўнае адзенне, парадак нашэння якога вызначае камандзір ваеннай часткі. Афіцэрам і прапаршчыкам надаецца права працягваць яе нашэнне пасля звальнення ў запас (адстаўку) за бездакорную службу звыш 20 гадоў[1].

БеларусьПравіць

Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» 1992 года, «узоры ваеннай формы адзення… па воінскіх званняў ваеннаслужачых зацвярджаюцца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь» (арт. 48)[2]. 21 ліпеня 2009 года Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Указ № 388 «Аб ваеннай форме адзення і знаках адрознення па воінскіх званнях». 17 сакавіка 2020 года А. Лукашэнка падпісаў па-беларуску Указ № 100 «Аб ваеннай форме адзення і знаках адрознення па воінскіх званнях ваенных», паводле якога пастанаўлялася заснаваць ваенную форму адзення і зацвердзіць Пералік яе прадметаў. «Пералік прадметаў ваеннай формы адзення» 2020 года змяшчаў 7 раздзелаў датычна ваенных:

Наборы адзенняПравіць

Ва Узброеных сілах Беларусі выдавалі 3 розныя наборы адзення ваенным тэрміновай службы, курсантам і ваенным-кантрактнікам з афіцэрамі.

Вайскоўцам-тэрміновікам выдавалі 25 прадметаў адзення: шэрая шапка-вушанка са штучнага футра з кукардай залацістага (ахоўнага) колеру, шапка з кукардай ахоўнага колеру, фуражка ахоўнага колеру з залацістай кукардай, летняя фуражка з кукардай ахоўнага колеру, аліўкавы берэт (для Сіл спецыяльных аперацый — блакітны) з залацістай кукардай, зімовая куртка ахоўнага колеру з пагонамі і тэкстыльным або шэрым са штучнага футра здымным каўняром, летнія куртка з пагонамі і нагавіцы ахоўнага колеру, кашуля з пагонамі і гальштук ахоўнага колеру, залацістая закрэпка для гальштука, зімовая куртка ахоўнага колеру з пагонамі, уцяпляльнікам і тэкстыльным або шэрым са штучнага футра каўняром, зімовыя нагавіцы ахоўнага колеру, летнія куртка з пагонамі і нагавіцы ахоўнага колеру, зімовыя і міжсезонныя пальчаткі чорнага (ахоўнага) колеру, міжсезонныя і ўцепленыя кальсоны і фуфайка ахоўнага колеру (для ССА — фуфайка-нацельнік з палосамі белага і блакітнага адценняў замест міжсезоннай фуфайкі), тэрмабялізна чорнага (ахоўнага) колеру, футболка ахоўнага колеру (для ССА — майка-нацельнік з палосамі белага і блакітнага адценняў), трусы чорнага (ахоўнага) колеру, зімовыя і летнія чорныя шкарпэткі, чаравікі чорнага (ахоўнага) колеру з высокімі берцамі, нагавічны і паясны рамяні чорнага (ахоўнага) колеру[3].

Згодна з «Пералікам прадметаў ваеннай формы адзення» курсантам выдавалі 27 прадметаў адзення, сярод якіх было 2 дадатковыя прадметы абутку параўнальна з тэрміновікамі: чорныя паўчаравікі (чаравікі) і зімовыя паўботы. Ім выдавалі і шэраг адрозных прадметаў адзення: вушанка была з аўчыны; фуражка — аліўкавага адцення з чорным казырком, плеценым шнурам, гузікамі і чырвоным кантам (для ССА і Ваенна-паветраныя сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны — з блакітным кантам); пілотка з кантам замяняла берэт, які дадаткова выдаваўся блакітнага колеру толькі курсантам ССА; аліўкавая дэмісезонная куртка з нарукаўнымі знакамі была замест зімовай курткі без уцяпляльніка; гальштук і кашуля былі аліўкавага адцення (без закрэпкі). Таксама выдаваліся аліўкавыя штодзённыя кіцель з пагонамі і нарукаўнымі знакамі і нагавіцы з кантамі. Урэшце жанчынам дадаткова выдавалі панчохі цялеснага (чорнага) адцення, а таксама боты — замест паўботаў, туфлі — замест паўчаравікаў, блузку — замест кашулі, спадніцу — замест штодзённых нагавіцаў і берэт з кантам і залацістай кукардай — замест аліўкавай фуражкі.

Кантрактнікам і афіцэрам выдавалі 29 прадметаў адзення, сярод якіх дадаткова параўнальна з курсантамі: аліўкавыя парадныя фуражку (памежнікам — зялёную з сінім аколышам, іх лётчыкам — з залацістай эмблемай на версе, для ССА і ВПС і войскаў СПА — з блакітным аколышам), кіцель з пагонамі і нарукаўнымі знакамі і нагавіцы з кантамі; аліўкавую штодзённую куртку з пагонамі, нарукаўнымі знакамі, нагруднымі нашыўкамі і нагавіцы з кантамі; аліўкавую дэмісезонную куртку з пагонамі, нарукаўнымі знакамі і тэкстыльным каўняром, белую кашулю з пагонамі, плашч-накідку ахоўнага колеру і аліўкавую футболку-пола з пагонамі. Таксама ім выдавалі і шэраг адрозных прадметаў адзення: аліўкавую фуражку з залацістым кантам — замест пілоткі; воданепранікальны касцюм ахоўнага колеру — замест уцепленых кальсонаў і фуфайкі. Але не выдавалі пальчатак і майткоў. Урэшце палкоўнікі і вышэйшыя афіцэры атрымлівалі шэры здымны каўнер з натуральнага каракулю[3].

Зноскі

  1. Віктар Восіпаў, Ігар Дзенісенка, Рыгор Лянькевіч. Форма адзення ваенная // Ваенная энцыклапедыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 1016. — 1136 с. — 2 100 экз. — ISBN 978-985-11-0542-3.
  2. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Артыкул 48 (руск.) . Кодэксы Беларусі (25 лістапада 2020). Праверана 1 красавіка 2020.
  3. 3,0 3,1 А. Лукашэнка Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2020 г. № 100 «Аб ваеннай форме адзення і знаках адрознення па воінскіх званнях ваенных». Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (21 сакавіка 2020). Праверана 2 красавіка 2020.

СпасылкіПравіць