Аплікацыя (ад лац.: applicatio — прыкладванне) — спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) шляхам нашывання ці наклейвання на аснову (тканіну, паперу, дошку, скуру) кавалачкаў матэрыялу іншых колераў ці фактуры (тканіны, паперы, скуры, саломкі і інш.); твор, выкананы такім шляхам.

Тканевая аплікацыя
Саломкавая аплікацыя  (англ.)

На Беларусі аплікацыяй аздабляюць адзенне, куфры, шкатулкі і інш. рэчы. Аплікацыяй каляровымі баваўнянымі шнурамі (каснікамі, касіцамі), палоскамі тонкай скуры, сукна ўпрыгожвалі традыцыйнае жаночае і мужчынскае суконнае адзенне. У 19 — 1-й палове 20 ст. на Палессі аплікацыяй арнаментавалі сарочкі, фартухі, спадніцы, галаўныя ўборы, кажухі (кобрынскі строй, мотальскі строй), жаночыя кабаты (калінкавіцкі строй, турава-мазырскі строй). Ужываліся каляровыя валаскі саціну, разнаколерная тасьма, стужкі, гузікі і інш., якія нашывалі ў выглядзе хвалепадобных ліній, геаметрычных і стылізаваных раслінных узораў. На Віцебшчыне (часткова на Магілёўшчыне і Гомельшчыне) аплікацыяй з кавалачкаў каляровых тканін упрыгожваюць плоскія падушачкі-падручнікі. Драўляныя куфэркі, шкатулкі, сальніцы, рамкі для фатаграфій і люстэркаў аздабляюць аплікацыю аднатоннай ці паліхромнай саломкай. На Міншчыне і Гродзеншчыне (Старадарожскі, Любанскі, Смаргонскі, Ашмянскі раёны) у тэхніцы саломкавай аплікацыі  (англ.) робяць насценныя дываны, кампазіцыя якіх аналагічна тканым і маляваным дыванам.