Геаграфія Фінляндыі

Геаграфія Фінляндыі

Карта Фінляндыі
Карта Фінляндыі
Здымак з космасу

Геаграфічнае размяшчэнне правіць

Фінляндская Рэспубліка — дзяржава на поўначы Еўропы. Яе паўночная частка знаходзіцца за Паўночным палярным кругам. На захадзе Фінляндыя мяжуе са Швецыяй, на поўначы — з Нарвегіяй, на ўсходзе — з Расіяй. Марскія межы краіны праходзяць Фінскім залівам на поўдні і Батнічным — на захадзе.

Плошча краіны складае 337030 км². Найбольшая даўжыня краіны з поўначы на поўдзень 1160 км, максімальная шырыня — 540 км. Агульная даўжыня берагавой лініі 1070 км. Ля берагоў Фінляндыі знаходзіцца каля 180 тыс. невялікіх астравоў. Фінляндыя — краіна вялікіх лясоў і шматлікіх азёр. Лясы складаюць яе асноўнае багацце, іх называюць «зялёным золатам Фінляндыі».

Агульнае апісанне правіць

Фінляндыя  — краіна, размешчаная ў Паўночнай Еўропе. Мяжуе са Швецыяй (межы — 586 км), з Нарвегіяй (729 км), з Расійскай Федэрацыяй (1313 км). Агульная працягласць сухапутнай мяжы — 2628 км. Берагавая лінія — 1126 км. Паўночная трэць тэрыторыі знаходзіцца за Палярным кругам.

Рэльеф правіць

Большая частка краіны пакрыта лясамі з невысокімі ўзгоркамі, мае 187888 азёр і 179584 астравоў. Паўднёвае і паўднёва-заходняе ўзбярэжжа даволі моцна парэзаны; Аландскі архіпелаг распасціраецца амаль да берагоў Швецыі.

Фінляндыя — пагоркава-раўнінная краіна. Абсалютныя вышыні звычайна не перавышаюць 300 м. Найвышэйшы пункт краіны, гара Халці (1328 м), знаходзіцца на крайнім паўночным захадзе, на мяжы з Нарвегіяй. У геалагічных адносінах Фінляндыя размешчана ў межах Балтыйскага крышталічнага шчыта. У ледавіковую эпоху яна падвяргалася покрыўнаму зледзяненню. Ледавікі згладзілі пагоркі і запоўнілі большасць катлавін сваімі адкладамі. Пад цяжарам лёду адбылося прагібанне тэрыторыі, а пасля дэградацыі зледзянення ўтварылася Іолдавае мора, папярэднік сучаснай Балтыкі. Нягледзячы на ўзняцце сушы, многія катлавіны дагэтуль занятыя азёрамі і балотамі. Адсюль і назва краіны — Суомі (suo «балота»). Са спадчыны ледавіковай эпохі выразна вылучаюцца ланцугі вузкіх выцягнутых град, складзеных водна-ледавіковымі пяскамі і галечнікамі. Яны выкарыстоўваліся для пракладкі дарог праз забалочаныя нізіны, якія займаюць большую частку краіны. Грады ледавіковых адкладаў (марэны) перасякаюць шматлікія даліны і падпітваюць рэкі, спрыяючы раз’яднанасці сцёку і ўтварэнню мноства парогаў і вадаспадаў. Фінляндыя мае значныя запасы воднай энергіі.

Фармаванне рэльефу правіць

Вялікі ўплыў на фармаванне рэльефу зрабіў ледавіковы перыяд, які дасягнуў сваёй кульмінацыі каля 24 тыс. год таму. Ледавік пакрываў усю тэрыторыю Фінляндыі і, павольна таячы і адыходзячы, фармаваў рэльеф краіны. Ледзяныя масы прыціснулі паверхню зямлі, якая пасля змяншэння ціску пачала падымацца і дагэтуль падымаецца на 30-100 см у стагоддзе. За кароткачасовы перыяд пахаладання 13 тыс. год таму ўзнікла жвірыстая града, якая распасціраецца ад крайняга паўднёва-заходняга пункта Фінляндыі да яе ўсходніх рэгіёнаў. Шматлікія азёры Фінляндыі ўзніклі ў разломах і катлавінах, утвораных у выніку праходжання ледавіка ў горных масівах[1]:9.

Рэкі і азёры правіць

У Фінляндыі налічваецца каля 190 тыс. азёр, якія займаюць 9 % яе плошчы. Самае знакамітае возера Сайма на паўднёвым усходзе, што мае важнае значэнне для сплаву лесу і транспарціроўкі грузаў ва ўнутраных раёнах, не забяспечаных чыгуначнымі і аўтамабільнымі дарогамі. Азёры Пяйяне на поўдні, Нясіярві на паўднёвым-захадзе і Оўлуярві ў цэнтральнай частцы Фінляндыі разам з рэкамі таксама адыгрываюць важную ролю для воднага паведамлення. Шматлікія невялікія каналы злучаюць рэкі і азёры краіны, часам у абыход вадаспадаў. Найбольшае значэнне мае Сайменскі канал, які злучае возера Сайма з Фінскім залівам ля Выбарга (частка канала праходзіць па тэрыторыі Ленінградскай вобласці).

Некаторыя азёры правіць

Некаторыя рэкі правіць

Клімат правіць

Для клімату Фінляндыі характэрныя халодная зіма і цёплае лета. На далёкай поўначы сонца не заходзіць за гарызонт на працягу каля 73 дзён, ствараючы эфект летніх белых начэй. У гэтым рэгіёне зімой сонца застаецца за даляглядам 51 дзень. Улетку тэмпература часта падымаецца да +20 °C і часам дасягае +30 °C у паўднёвых і ўсходніх частках краіны. Зімой у многіх раёнах тэмпература апускаецца да −20 °C. Фінская Лапландыя нязменна дэманструе нізкія зімовыя тэмпературы. Сярэдняя тэмпература ў Хельсінкі у ліпені складае +17 °C, а ў лютым −5,7 °C.

Раслінны і жывёльны свет правіць

Амаль 2/3 тэрыторыі Фінляндыі пакрыта лясамі, якія пастаўляюць каштоўную сыравіну для лесаперапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. У краіне растуць паўночна- і паўднёватайговыя лясы, а на крайнім паўднёвым-захадзе — змешаныя хвойна-шырокаліставыя. Клён, вяз, ясень і ляшчына пранікаюць да 62 ° п.ш., яблыня сустракаецца на 64 ° п.ш. Хваёвыя пароды распаўсюджваюцца да 68 ° п.ш. Паўночней распасціраюцца лесатундра і тундра.

Трэць тэрыторыі Фінляндыі займаюць балоты, уключаючы забалочаныя лясы. Торф шырока выкарыстоўваецца як падсцілка для жывёлы і значна радзей у якасці паліва. У шэрагу раёнаў праведзена меліярацыя балот.

Жывёльны свет Фінляндыі бедны. Звычайна ў лясах жывуць лось, вавёрка, заяц, лісіца, выдра, выхухаль. Мядзведзь, воўк і рысь сустракаюцца толькі ва ўсходніх раёнах краіны. Разнастайны свет птушак (да 250 відаў, у тым ліку цецярук, глушэц, рабчык, курапатка). У рэках і азёрах водзяцца ласось, фарэль, акунь, судак, шчупак, рапушка, а ў Балтыйскім моры — салака.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.