Нурыстанскія мовы

Нурыста́нскія мовы (таксама кафі́рскія) — адна з трох груп моў індаіранскае галіны індаеўрапейскае моўнае сям'і, разам з індаарыйскай ды іранскай групамі ўтварае індаіранскую галіну моў[1][2][3]. На нурыстанскіх мовах гаворыць каля 130 тыс. чал., якія жывуць галоўным чынам на ўсходзе Афганістана (аднайменная правінцыя Нурыстан і суседняя правінцыя Кунар) і ў некалькіх суседніх далінах паўночна-заходняга Пакістана (акруга Чытрал правінцыі Хайбер-Пахтунхва).

нурыстанская група
Таксон група
Арэал усход Афганістана, паўночны захад Пакістана
Колькасць носьбітаў каля 130 тыс.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Склад
паўднёвакафірская,
паўночнакафірская падгрупы
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5
     Арэал нурыстанцаў на карце Афганістана.

Адзначаюцца запазычанні не-індаеўрапейскага паходжання з геаграфічна блізкай мовы бурушаскі. Значная частка носьбітаў нурыстанскіх моў з'яўляецца білінгвамі або мультылінгвамі, валодаючы пушту або пушту і дары — мясцовымі лінгва-франка і дзяржаўнымі мовамі Афганістана, якія аказваюць на нурыстанскія мовы значны адстратны ўплыў.

Класіфікацыя правіць

Да нурыстанскіх моў традыцыйна прынята адносіць ад чатырох да шасці моў. Усе яны, як правіла, маюць адносна невялікую колькасць носьбітаў, кожныя з якой жывуць у асобнай ізаляванай даліне Гіндукуша — мясцовай горнай сістэмы. Колькасць моў можа вагацца ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі якой-небудзь з моў як дыялекту ці наадварот. Усе мовы нурыстанскай групы падзяляюцца на дзве падгрупы:

  • Паўднёвакафірская:
    • Ашкун (або ашкуну). Распаўсюджаная ў некалькіх раёнах Нурыстана, мае колькасць носьбітаў каля 40 тыс. чал., з якіх прыкладна 4000 аднамоўныя[4];
    • Каці (або камката-віры). Распаўсюджаная ў Афганістане і Пакістане, распадаецца на параўнальна вялікую колькасць дыялектаў. Колькасць носьбітаў — каля 18 700 чалавек з 110 тыс чал. этнаса[5];
    • Трэгамі — носьбіты пражываюць у некалькіх мясцовасцях Нурыстана, разам налічваючы 3500 чалавек з 3500 этнаса, з якіх 700 чалавек аднамоўныя[6];
    • Вайгалі (або калаша-ала) — мова, распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Нурыстана, а таксама ў правінцыі Кунар. Колькасць носьбітаў — 11500 чалавек з 11500 этнаса, з іх каля 2300 чалавек аднамоўныя[7];
    • Земіякі. Часам лічыцца дыялектам вайгалі, колькасць носьбітаў — каля пяці соцень чалавек[8].
  • Паўночнакафірская:
    • Прасун (або васі-вары). Носьбіты пражываюць у некалькіх далінах Нурыстана, колькасць носьбітаў — 8000 чалавек з 8000 этнаса[9]. Дэманструе большую розніцу і архаічныя рысы ў параўнанні з іншымі нурыстанскімі.

У літаратуры мовы і іх дыялекты звычайна называюцца па назвах мясцовасцей, рэк або далін, часта ў тым варыянце, які ўжываецца пуштунамі, суседзямі нурыстанцаў. Пры гэтым носьбіты нурыстанскіх моў называюць сябе найперш племяннымі назвамі, якія не заўсёды супадаюць з назвамі моў. Мовы, якія распаўсюдзіліся з уласнай лакальнай даліны, распадаюцца на адпаведныя дыялекты (так, напрыклад, вылучылася мова трэгамі). Значную экспансію зведала мова каці, якая пашырылася ў некалькіх далінах на поўначы Нурыстана і, верагодна, істотна скараціла арэал мовы прасун. За цяперашнім часам каці — вядучая нурыстанская мова, мясцовая мова міжнацыяльных зносін, выкарыстоўваецца для некаторых радыёперадач Нурыстана. Нягледзячы на тое, што Парун (Прасун) быў рэлігійным цэнтрам паўночнага Нурыстана ў часы язычніцтва, а па прыняцці ісламу збольшага захоўвае гэтую ролю, прасунцы звычайна вучаць мову каці, але не наадварот.

У нурыстанскіх мовах прасочваецца значнае арэальнае падабенства з дардскімі і усходнеіранскімі мовамі Гіндукуша, уваходзячы разам з імі ў цэнтральнаазіяцкі моўны саюз (тэрмін моўны саюз звычайна абазначае не мовы адной галіны ці групы, а проста геаграфічна блізкія мовы, якія гістарычна аказалі адна на адну пэўны ўплыў), гэтае падабенства ў значнай ступені падмацоўваецца агульнымі з імі субстратам. З субстратным пытаннем непасрэдна звязана праблема класіфікацыі мовы дамелі, якая спалучае як нурыстанскія, так і дардскія рысы; нурыстанскі субстрат таксама ёсць у дардскай мове калаша.

Асноўныя рысы правіць

Фанетыка, фаналогія правіць

Для складу галосных характэрная наяўнасць галосных сярэдняга рада (ы, ɨ, ə). Сярод зычных адсутнічае карэляцыя па прыдыхальнасці, але шырока развіта карэляцыя па рэтрафлекснасці (рэтрафлексныя зычныя — зычныя, пры вымаўленні якіх кончык языка ўздымаецца да цвёрдага нёба і трохі загінаецца назад). Яна ахоплівае змычныя, афрыкаты, шыпячыя і дрыжачыя. Маюцца адна- і двуфокусныя афрыкаты: c — č, ʒ — ǰ.

Марфалогія правіць

Для марфалогіі ўласцівыя два роды (мужчынскі ды жаночы, выяўляюцца ў дапасаванні з азначэннямі і некаторымі дзеяслоўнымі формамі), два лікі (выражаюцца ў паказчыках ускоснага склону або зборнымі суфіксамі), асаблівая сістэма злічэння (заснаваная на ліку 20), асаблівая склонавая сістэма (ад двух да чатырох склонаў, дапаўняюцца паслялогамі), энклітычныя займеннікі (у прасуне — у прэпазіцыі), спалучэнне флектыўных і аналітычных форм у дзеяслове, развітая сістэма прыдзеяслоўных і іншых прыслоўных часціц з функцыяй прасторавай арыентацыі ў горнай мясцовасці.

Сінтаксіс правіць

Большасць нурыстанскіх моў, як і пераважная частка індаіранскіх, маюць у сказе парадак слоў па схеме SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік). Акрамя гэтага, сінтаксісу характэрны эргатыўны або эргатывападобны тып сказа з пераходным дзеясловам у мінулым часе (акрамя старажытнага імперфекта), і намінатыўны — у цяперашнім часе, як у непераходных ва ўсіх часах.

Гісторыя правіць

Упершыню нурыстанскія мовы былі апісаныя ў даследчай літаратуры у канцы ХІХ ст. Раней рэгіён распаўсюджання нурыстанскіх моў быў вядомы як Кафірыстан (літаральна «краіна няверных»), што было звязана з прыняццем нурыстанцамі ісламу толькі ў канцы ХІХ ст. у адрозненне ад іх суседзяў пуштунаў. Дзякуючы найменню Кафірыстан мовы, распаўсюджаныя ў рэгіёне, згадваліся ў навуковай літаратуры як кафірскія, але гэты тэрмін саступіў тэрміну нурыстанскія, бо пасля пераварачэння рэгіёна ў іслам ён атрымаў назву Нурыстан (літаральна «краіна свету, веры»).

Нурыстанцы (нурыстанскія народы) здаўна не мелі агульнае саманазвы з прычыны існавання ў асяроддзі гэтых народаў архаічнай племянной структуры. Агульная самасвядомасць засноўвалася на рэлігійных язычніцкіх саюзах, а па ўзрастанні ціску суседніх ісламскіх народаў — дадаткова і на супрацьпастаўленні сябе мусульманам як ворагам і аб'ектам набегаў.

Існуе прынамсі некалькі поглядаў адносна класіфікацыі нурыстанскіх моў адносна іншых моў індаеўрапейскай сям'і. Напрыклад, нурыстанскія мовы могуць лічыцца асобнай групай у складзе індаіранскай галіны моў, асобнай галіной у складзе індаеўрапейскай сям'і, падгрупай у складзе геаграфічна блізкай дардскай групы або аднымі з індаіранскімі мовамі з дардскім уплывам. У прыватнасці, існуе пэўная тэндэнцыя ў лінгвістыцы, згодна з якой нурыстанская група можа лічыцца асобнай ад індаіранскай галіны, у сувязі з чым індаіранскія і нурыстанскія мовы ўтвараюць арыйскую галіну.

Звесткі пра фарміраванне і развіццё нурыстанскай групы, што ўключае ў сябе выключна лакальныя мовы, якія не мелі пісьмовай традыцыі і не разглядаліся старажытнымі аўтарамі з прычыны іх ізаляцыі, не захаваліся. Гісторыя нурыстанскіх моў можа быць адноўлена толькі на аснове ўнутранага аналізу саміх моў і іх арэальных сувязей. Найбольш адметнымі фанетычнымі рысамі нурыстанскіх моў з'яўляюцца:

  • Супадзенне арыйскіх радоў прыдыхальных змычных з непрыдыхальнымі:
  • арыйск. *bh, *dh, *gh, *ǰh > нурыст. *b, *d, *g, *ǰ.
  • арыйск. *ph, *th, *kh > нурыст. *p, *t, *k.
  • Захаванне змычнай артыкуляцыі ў агульнаарыйскіх афрыкатах *ć, *j́, *j́h (рэфлексах сатэмізацыі індаеўрапейскіх палатальных *ḱ *ǵ *ǵh) з пераходам іх у аднафокусныя *с, *ʒ (>*z), а таксама *ḱt > *ćt > *ct > *st.
  • Адсутнасць дзеяння правіла RUKI пасля *u (захаванне s), у адрозненне ад уласна індаіранскіх моў, дзе *us > *uš.

Гэтыя прыкметы сведчаць пра супрацьпастаўленне нурыстанскіх іншым арыйскім, а таксама пра тое, што продак нурыстанскіх моў аддзяліўся ад арыйскае сукупнасці яшчэ да распаду яе на праіранскую ды праіндаарыйскую.

Крыніцы правіць

  1. Morgenstierne, G. Irano-Dardica. — Wiesbaden, 1973.
  2. Morgenstierne, G. Die Stellung der Kafirsprachen. — Irano-Dardica. — Wiesbaden: Reichert, 1975. — С. 327-343.
  3. Strand, Richard F. 93 // Notes on the Nûristânî and Dardic Languages. — Journal of the American Oriental Society, 1973. — Т. 1. — С. 297-305.
  4. Ashkun | Ethnologue
  5. Kati | Ethnologue
  6. Tregami | Ethnologue
  7. Waigali | Ethnologue
  8. А. Л. Грюнберг. Земиаки язык/диалект. — Языки мира: дардские и нуристанские языки. — М.: Индрик, 1999. — С. 123-125.
  9. Prasuni | Ethnologue

Літаратура правіць

  • Эдельман Д. И. (отв. ред.). Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М., 1999.
  • Карл Йеттмар. Религии Гиндукуша (пер. с нем.). — М.: Наука, 1986. — 524 с.
  • Decker, Kendall D. Languages of Chitral. — 1992.
  • Morgenstierne, Georg. Report on a Linguistic Mission to Afghanistan. Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning, Serie C I-2. — Oslo, 1926.
  • Jettmar, Karl. Religions of the Hindu Kush. — 1985. — ISBN 0-85668-163-6.
  • James P. Mallory. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — Thames and Hudson, 1989.
  • James P. Mallory & Douglas Q. Adams. Indo-Iranian Languages. — Encyclopedia of Indo-European Culture. — Fitzroy Dearborn, 1997.

Спасылкі правіць