Азярцо (археалагічны помнік)

Азярцо — археалагічны помнік: курганны могільнік каля аграгарадка Азярцо (Мінскі раён).

Знаходзіцца на левым беразе р. Пціч, за 1,2 км на поўдзень ад вёскі. 6 насыпаў: 3 насыпы (вышыня 2—3 м, дыяметр 8—10 м) на ўзгорку і 4 (вышыня 0,8—0,9 м, дыяметр 9 м) на лузе пры ўпадзенні былой р. Менка ў р. Пціч. У 1979 г. В. А. Карпека даследаваў 1 курган дыяметрам 16 м, вышынёй 3 м на ўзгорку. Выяўлена яго паслядоўнасць збудавання. Спачатку на грунце быў пастаўлены зруб памерам 5х4,8 м, вышынёй да 1 м. Усяго ў ім налічвалася 5 вянкоў. Ён быў прысыпаны грунтам. На адным узроўні з драўляным зрубам каля двух яго вуглоў пакладзены камяні. У кургане на вышыні 1,8 м ад яго падэшвы над зрубам змешчана пахаванне. Кальцыніраваныя косці былі на плошчы 1,5х2 м. Відаць, трупаспаленне зроблена па-за курганом, а затым косці прынесены і змешчаны ў насыпе. У пахаванні знойдзены пашкоджаныя агнём фрагменты фібулы, бронзавая арнаментаваная бляшка ад папругі, невялікая частка вырабу з белага металу, магчыма, пярсцёнак, кавалак тачыльнага бруска і кавалак ганчарнага гаршка. У насыпе былі рэшткі кругавых пасудзін і фрагмент дна з кляймом.

Летам 1980 г. Г. В. Штыхаў даследаваў 2 курганы на лузе. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў драўляных зрубах 2,2х2,8 м. Пахавальны інвентар — 5 дробных жоўтых шкляных і 4 бронзавыя спіралепадобныя, шматгранныя пацеркі (2 з якіх маюць форму двайнога конуса, а іншыя 2 — упрыгожаныя цыркульным арнаментам), фрагмент крывіцкага серпападобнага скроневага кальца, фрагмент шыйнай грыўні, трапецападобная падвеска з лінейным арнаментам, глінянае біканічнае прасліца, фрагменты раннекругавой керамікі з патончаным венчыкам і лінейным арнаментам. Датуецца X ст.

Літаратура

правіць
  • Рынейскі, А. Археалагічныя разведкі на р. Пцічы // Запіскі Аддзела гуманітарных навук. Працы секцыі археалогіі. Т. 3. — Мн., 1932. — С.
  • Штыхаў, Г. В. Азярцо / Г. В. Штыхоў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 25. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Штыхаў, Г. В. Азярцо / Г. В. Штыхоў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 30 — 31. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Штыхаў, Г. В. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі / Г. В. Штыхаў; АН Беларусі, Ін-т гісторыі; [Навук. рэд. М. А. Ткачоў]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 191 с. — С. 173 — 174. — ISBN 5-343-01037-1.