Амерыка (гістарычны раён Гомеля)

Амерыка — гістарычны раён горада Гомеля, былая яго ўскраіна. Меў асаблівую канфігурацыю, якую складалі вуліца Кавальная (цяпер Інтэрнацыянальная) (паўночны усход, усход і паўднёвы усход), Конная плошча (цяпер тэрыторыя Цэнтральнага рынку) (поўнач) і палатно Лібава-Роменскай чыгункі да адпаведнага вакзала (паўночны захад, захад, паўднёвы захад, поўдзень). Як праходзіў адзін з адрэзкаў мяжы на паўночным усходзе (вуліца Замкавая), у краязнаўчай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя не згадваецца[1]. Адзін з пачынальнікаў гомельскага краязнаўства Л. Вінаградаў прыводзіў у сваёй працы (1900 г.) варыянт назвы раёна — Новая Амерыка[2], варыяцыя якой — Нова-Амерыка — сустракаецца ў гомельскай прэсе пачатку ХХ ст.[3]

Тэрыторыя гомельскай «Амерыкі» (выкарыстаны план 1910 г.).

Спецыфіка крыніц, складзеных на рускай мове, не дазваляе меркаваць аб асаблівасцях вымаўлення гомельцамі асноўнай назвы ў часы яе бытавання, г.зн. невядома, існавала яна выключна ў форме «Америка» ці мела іншыя маўленчыя формы. Указанне на месцазнаходжанне ў азначаным раёне перадавалася па-руску канструкцыяй «на Америкѣ»[4].

Асноўныя вуліцы — Гагарына, Кісялева, Чырвонаармейская, Сялянская, Чырвонаармейскі праезд, Маісеенкі (былая Палявая, Жданава), Новаветраная, Педчанкі, Рэчыцкая, Рэчыцкі праезд, Сянная, Сталярная і інш.

Гісторыя раёна

правіць

Раён «Амерыка» сфарміраваўся ў 2-й пал. XIX — пач. XX стагоддзяў як своеасаблівая «рэспубліка», густа заселеная гарадской беднатой, рамеснікамі, рабочымі. У пачатку ХХ стагоддзя раён лічыўся цэнтрам гомельскіх меламедаў[1]. Тагачасныя публіцысты называлі «Амерыку» ў шэрагу мясцін Гомеля, дзе жылі катрыншчыкі[5].

З’яўленне найменняў тыпу «Амерыка», «Канада», «Новы свет», да ліку якіх адносіцца і гомельская Амерыка, на тэрыторыі Беларусі (сустракаецца таксама ў Польшчы і Прыбалтыцы) звязана з міграцыйным рухам за акіян[6]. Узнікненне метафарычнай унутрыгарадской назвы ў Гомелі, верагодна, абумоўлена спецыфічным складам насельніцтва, а таксама наяўнасцю шматлікіх прамысловых майстэрняў, невялікіх заводаў, кузняў і лясных двароў.

Разам з тым, знаходзіліся тут і ўстановы, дзейнасць якіх не была звязана з прамысловасцю: напр., кантора перыядычных выданняў Г. Л. Каганскага (вул. Кавальная, д. 12), дзе прымалася падпіска «на ўсе газеты і часопісы свету па рэдакцыйных цэнах» (1911 г.)[7]. Станам на 1913 г. у межах гомельскай Амерыкі знаходзіліся: чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод М. Фруміна і сыноў, прыказчыцкі малітоўны дом, танная сталоўка і прытулак для састарэлых яўрэйскіх мужчын і жанчын, дом яўрэйскага таварыства дапамогі бедным «Талмуд-Тора», павятовая рада земскай управы і Мікалаеўскі банк, «Ілюзіён» (кінатэатр) «Чыгуначны», чыгуначнае тэхнічнае вучылішча, жаночае царкоўна-прыходскае вучылішча «на память Мельниковых», старыя скасаваныя рымска-каталіцкія могілкі[8].

У лістападзе 1918 г. у адной з сінагог па вуліцы Кавальскай былі выяўлены тыфозныя хворыя з ліку бежанцаў, што знайшлі там прытулак. Гарадская ўправа неадкладна закрыла культавую ўстанову і зладзіла яе дэзынфекцыю, каб недапусціць пашырэння хваробы[9].

Цяпер тэрыторыя гэтай гарадской ускраіны размешчана ў Цэнтральным раёне горада. Яе забудова мяшаная: сучасныя жылыя кварталы перамяжоўваюцца з кварталамі індывідуальнай сядзібнай забудовы, але каларыт колішняй гарадской ускраіны у параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў паступова страчваецца.

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. а б Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 12.
  2. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 38.
  3. Полесская жизнь. — 1911. — 11 января. — С. 4.
  4. Гомельская копейка. — 1911. — 17 октября. — С. 3.
  5. Хмурый, М. Гомельские трущобы. Шарманщики / М. Хмурый // Полесская жизнь. — 1911. — 6 мая. — С. 3.
  6. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 13.
  7. Гомельская копейка. — 1911. — 5 декабря. — С. 2.
  8. Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предм. Белицей [на 1913 г.] / Состав. Г. Ханин и А. Месин-Поляков.
  9. Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 167.

Літаратура

правіць
  • Гомель. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелСэ, 1991. — 527 с.

Спасылкі

правіць