Амёба звычайная, Амёба зменлівая (Amoeba proteus) — від аднаклетачных гетэратрофных пратыстаў.

Амёба звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Amoeba proteus (Pal.)


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  43854
NCBI  5775
EOL  491144

Сустракаецца ў невялікіх мелкіх сажалках або праточных канавах з глеістым дном. Цела складаецца з адной клеткі і дасягае ў дыяметры 0,1—0,3 мм. Форма цела пастаянна мяняецца, і ў розных яго ўчастках утвараюцца ілжэножкі — часовыя структуры, што служаць для захоплівання ежы і для перамяшчэння.

Абалонка складаецца з цытаплазматычнай мембраны. Унутрыклетачнае змесціва ўключае цытаплазму, ядро і арганоіды. Цытаплазма амёбы пастаянна рухаецца і здольна даволі хутка пераходзіць з больш густога стану ў больш вадкі і наадварот. Калі ток цытаплазмы накіроўваецца ў адзін з бакоў клеткі, то спачатку ў гэтым месцы ўтвараецца адна або некалькі лжэножак, пасля чаго амёба як бы «перацякае» з аднаго месца на іншае.

Амёба мае скарачальную вакуолю. У вакуолю з цытаплазмы паступае вада, якая перыядычна выдаляецца ў навакольнае асяроддзе. Так скарачальная вакуоля рэгулюе ўнутрыклетачны ціск.

Жывіцца амёба, паглынаючы бактэрый, аднаклетачныя водарасці і іншыя дробныя арганізмы, а таксама кавалачкі мёртвай арганікі. Судакранаючыся з харчовай часцінкай, яна ўтварае злева і справа ад яе ілжэножкі, якія затым злучаюцца так, каб часцінка апынулася ў акружэнні цытаплазматычнай мембраны. Утвараецца замкнуты мембранны пузырок, які называецца стрававальнай вакуоляй. У ёй адбываецца ператраўліванне захопленай ежы. Прадукты ператраўлівання са стрававальнай вакуолі паступаюць у цытаплазму. Там яны выкарыстоўваюцца на падтрыманне працэсаў жыццядзейнасці. Затым стрававальная вакуоля падыходзіць да паверхні клеткі і зліваецца з цытаплазматычнай мембранай. Пры гэтым неператраўленыя рэшткі ежы выкідваюцца вонкі.

Размнажэнне толькі бясполае — шляхам дзялення клеткі папалам. Яно адбываецца, калі амёба дасягае пэўных памераў. Спачатку дзеліцца ядро, а затым утвараецца перацяжка цытаплазмы. Затым прыблізна аднолькавыя даччыныя амёбы аддзяляюцца адна ад адной. Пры аптымальных умовах увесь працэс займае не больш за паўгадзіны. Новыя амёбы самастойна жывяцца і растуць, а затым зноў дзеляцца.

Здольна ўтвараць цысту. Так пераносіць неспрыяльныя ўмовы (пахаладанне, перасыханне вадаёма, адсутнасць корму). У стане цысты амёбы рассяляюцца з аднаго вадаёма ў другі. Пры надыходзе спрыяльных умоў амёба пакідае ахоўную абалонку цысты і працягвае свой рост і развіццё.

Літаратура

правіць
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў і інш.; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9.

Спасылкі

правіць