Пратысты

(Пасля перасылкі з Protista)

Пратысты (Protista), або пратактысты (Protoctista) — царства эўкарыятычных арганізмаў. Да яго адносяцца аднаклетачныя, каланіяльныя і мнагаклетачныя арганізмы, якія не маюць сапраўдных тканак. Межы гэтага царства і яго сістэматыка дакладна не вызначаныя. Вывучае пратысталогія.

Пратысты
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Protista Haeckel, 1866

Даччыныя таксоны

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
FW  71298

Гісторыя вывучэння

правіць

Тэрмін увёў Э. Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць пратыстаў у асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый.

Некаторыя вучоныя выказвалі думку, што да пратыстаў неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напрыклад, некаторыя раслінны жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арганічнымі рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе аб'яднаць у групу пратыстаў усе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы[1]. У цяперашні час да пратыстаў залічваюць усе аднаклетачныя і каланіяльныя ядзерныя арганізмы, а таксама мнагаклетачныя арганізмы, цела ў якіх у большасці выпадкаў не падзелена на тканкі і складана арганізаваныя органы. Яно ўяўляе сабой талом, або слаявішча[2].

Агульнае апісанне

правіць

Пратысты расселены па ўсёй паверхні Зямлі. Яны жывуць у морах і прэсных вадаёмах, вельмі многа іх у глебе. Значная колькасць відаў пратыстаў прыстасавалася да жыцця ўнутры або на паверхні іншых арганізмаў і перайшла да паразітычнага спосабу жыцця.

Цела пратыстаў можа быць рознай формы і памераў. Так, некаторыя аднаклетачныя пратысты маюць даўжыню ўсяго некалькі тысячных долей міліметра (напрыклад, радыялярыі), а таломы мнагаклетачных — да 60 м і больш. Сярод пратыстаў сустракаюцца як рухомыя (цэратыум), так і нерухомыя (парфіра і інш.) арганізмы. Рухомыя пратысты часцей за ўсё перамяшчаюцца з дапамогай аднаго або некалькіх жгуцікаў. Рух могуць забяспечваць і раснічкі, якія пакрываюць усю паверхню клеткі. Клеткі пратыстаў, якія не маюць пастаяннай формы цела, могуць утвараць выпукленні — ілжэножкі. З іх дапамогай гэтыя арганізмы рухаюцца і жывяцца. Клеткі ўсіх пратыстаў аддзелены ад навакольнага асяроддзя цытаплазматычнай мембранай. Звонку ад цытаплазматычнай мембраны часта ёсць дадатковае покрыва рознай будовы. Яно можа быць як вельмі тонкім, так і даволі масіўным. У некаторых пратыстаў вонкавая абалонка можа ўмацоўвацца рознымі арганічнымі або неарганічнымі рэчывамі. У выніку гэтага фарміруецца панцыр або ракавіна — вонкавы шкілет. Шэраг арганізмаў маюць арганічны або мінеральны ўнутраны шкілет. Клеткі пратыстаў утрымліваюць усе арганоіды, уласцівыя тыповай ядзернай клетцы.

Сярод спецыфічных структур, характэрных толькі для пратыстаў, скарачальныя вакуолі. Яны характэрны для арганізмаў, якія не маюць трывалай вонкавай абалонкі і насяляюць прэсныя або слабасалёныя вадаёмы. У такіх вакуолях збіраецца вада, якая за кошт осмасу пастаянна паступае ў клетку праз клетачную абалонку. Яе паступае так многа, што ўзрастае тургарны ціск (цытаплазма моцна цісне на клетачную абалонку), з-за чаго абалонка можа лопнуць. Каб гэтага не адбылося, клетка пераводзіць залішнюю ваду ў вакуолю. Калі вакуоля запаўняецца, яе сценкі скарачаюцца і выдаляюць ваду вонкі праз спецыяльную адтуліну. Так арганізмы рэгулююць свой унутрыклетачны ціск.

Жыццядзейнасць

правіць

Для пратыстаў характэрны розныя тыпы жыўлення. Аўтатрофныя пратысты ў працэсе фотасінтэзу самі ўтвараюць арганічныя рэчывы. Гетэратрофныя пратысты жывяцца гатовымі арганічнымі рэчывамі, атрымліваючы іх з навакольнага асяроддзя. Сярод іх ёсць сапратрофы, паразіты і драпежнікі. Ёсць таксама аўтагетэратрофныя пратысты. Для іх характэрны змешаны тып жыўлення, гэта значыць яны не толькі самі ўтвараюць арганічныя рэчывы, але могуць спажываць іх у гатовым выглядзе з навакольнага асяроддзя. Большасць аўтатрофных і аўтагетэратрофных пратыстаў называюцца водарасцямі.

Свабоднажывучыя пратысты выкарыстоўваюць для дыхання кісларод, паглынаючы яго ўсёй паверхняй цела. Некаторыя віды пратыстаў, якія вядуць паразітычны спосаб жыцця і жывуць унутры цела больш буйных арганізмаў, здольны існаваць і пры поўнай адсутнасці кіслароду. Выдзяленне прадуктаў абмену ў пратыстаў гэтак жа, як у бактэрый, адбываецца часцей за ўсё праз усю паверхню цела.

Пратысты валодаюць раздражняльнасцю, яны здольны ўспрымаць уздзеянні розных фактараў навакольнага асяроддзя і пэўным чынам адказваць на іх. Часцей за ўсё адказам на знешняе раздражненне служыць рух у напрамку да дзеючага раздражняльніка або ў процілеглы бок. Такім чынам пратысты рэагуюць на святло, тэмпературу, хімічныя рэчывы, механічнае раздражненне і інш.

Размнажэнне пратыстаў можа адбывацца як бясполым, так і палавым спосабамі. Асноўная форма бясполага размнажэння большасці аднаклетачных пратыстаў — дзяленне клеткі папалам, якому папярэднічае дзяленне ядра. Акрамя таго, у многіх, асабліва мнагаклетачных арганізмаў, бясполае размнажэнне адбываецца шляхам утварэння спецыялізаваных клетак — спор. Палавое размнажэнне ў пратыстаў таксама сустракаецца даволі часта. Невядома яно толькі ў арганізмаў з самай простай будовай. Палавое размнажэнне заўсёды суправаджаецца палавым працэсам, які можа адбывацца двума спосабамі. У часткі відаў утвараюцца палавыя клеткі — гаметы, якія зліваюцца і даюць пачатак новаму арганізму. У другім выпадку гаметы не ўтвараюцца, а адбываецца поўнае або частковае зліццё змесціва звычайных вегетатыўных клетак. Вызначальная асаблівасць пераважнай большасці пратыстаў — аднаклетачныя органы бясполага і палавога размнажэння.

Пратысты здольны доўгі час захоўваць сваю жыццяздольнасць дзякуючы ўтварэнню цыстаў. Цыста — гэта клетка з ядром, невялікай колькасцю цытаплазмы і самых неабходных арганоідаў, якая акружана шчыльнай, часта шматслойнай абалонкай. У цысце абмен рэчываў практычна поўнасцю спыняецца, і клетка пераходзіць у стан спакою. Ён можа працягвацца дзясяткі і нават сотні гадоў. У такім стане арганізм пераносіць неспрыяльныя ўмовы, а таксама распаўсюджваецца. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, абалонка цысты разбураецца, і з яе выходзіць арганізм, які пачынае хутка расці і размнажацца.

Зноскі

  1. А. Шалапёнак (2001)
  2. В. Ціхаміраў і інш. (2010)

Літаратура

правіць
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў і інш.; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9
  • Шалапёнак А. Пратысты // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).