Андрэй Дзмітрыевіч Папоў

Андрэй Дзмітрыевіч Папоў (нар. 28 сакавіка 1997) — беларускі мастак і гібнік па метале. Палітычны зняволены, абвінавачы і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Андрэй Дзмітрыевіч Папоў
Род дзейнасці мастак, палітычны вязень
Дата нараджэння 28 сакавіка 1997(1997-03-28) (27 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар

Біяграфія правіць

Андрэй Папоў навучаўся ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, дзе атрымаў прафесію менеджара-эканаміста, але па спецыяльнасці працаваў нядоўга, бо яму хацелася працаваць рукамі, таму апошні час да свайго затрымання ён працаваў гібнікам па метале, паралельна з гэтым навучаўся кампутарнай графіцы. Як валанцёр дапамагаў у арганізацыі усебеларускай выставы мастацтваў «Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч», арганізатарам якой з’яўляецца яго бацька, Зміцер Папоў[1].

Палітычны пераслед правіць

Першы раз Андрэй быў затрыманы на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020. Увечары 9 жніўня пасля заканчэння выбараў Андрэй Папоў адправіўся ў цэнтр на акцыю, дзе падчас разгону з ужываннем спецсродкаў яму у нагу трапіла гумавая куля, а побач з ім выбухнула светлашумавая граната, аскепак якой трапіў яму твар і рассек скулу. У шпіталі яму зашылі раны, дасталі аскепак гумовай кулі з ногі і адпусцілі дадому, бо Андрэй адмовіўся ад шпіталізацыі. Непадалёк ад дому, у раёне Камароўскага рынку, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу, якім ён прызнаўся, што атрымаў раненні на стэле і ідзе з бальніцы пешшу дадому. З Мінска яго перавезлі ў ізалятар Жодзіна, адкуль выпусцілі праз тры дні.

31 жніўня яго выклікалі ў РАУС Ленінскага раёна, дзе яго дапытвалі наконт атрыманых раненняў, на наступны дзень, раніцай 1 верасня да яго прыехалі супрацоўнікі Следчага камітэта і затрымалі ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках). На наступны дзень у кватэры прайшоў ператрус, падчас якога былі канфіскаваныя тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы сям’і. Андрэя ўзялі пад варту, ён быў змешчаны ў СІЗА-1 на Валадарскага[1].

21 лістапада 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Папоў быў прызнаны палітычным зняволенным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[2].

У сярэдзіне снежня 2020 Папова перавялі ў СІЗА Жодзіна.

У лютым 2021 у судзе Заводскага раёна пачаўся судовы разгляд справы Андрэя Папова, справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч, бок дзяржабвінавачвання — пракурор Вольга Дзендзялевіч. Папоў не прызнаў віну па ч.2 арт.293, таму што, па яго словах, ён удзельнічаў у мірным пратэсце, часткова прызнаў па арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), заявіў, што раскайваецца, што прымяніў гвалт. Пры гэтым, на судовых паседжаннях не быў узгаданы пацярпелы супрацоўнік, які не прысутнічаў на судзе. Нягледзячы на адсутнасць доказаў, месца, на якім на відэа зафіксафаны Папоў, было пазначана як месца масавых беспарадкаў. Доказам гвалту ў адносінах супрацоўніка было 28-секунднае відэа, на якім Папова нібыта апазналі па прычосцы і татуіроўцы, пры гэтым пазначанных у абвінавачванні дзеянняў на відэа зафіксавана не было, натоўп адцясняе трох супрацоўнікаў міліцыі без гвалту, апошнія ў адказ высоўваюць шчыты. Не было таксама прадстаўлена доказаў таго, што быў збіты менавіта супрацоўнік міліцыі[3].

Падчас спрэчак бакоў 16 лютага пракурор Дзендзялевіч звярнула ўвагу, што Папоў пацвердзіў сваю асобу на відэа, як гвалт былі залічаны замахі рукамі і нагамі, аднак у выніку пракурор не падтрымала абвінавачанне па артыкуле 364. Пры гэтым яна папрасіла залічыць як абцяжарваючыя абставіны па арт. 293 тое, што злачынства было здзейсненае групай асоб, а таксама папрасіла пакараць Андрэя Папова пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму.

У выніку, суддзя Касцюкевіч прызнала Папова вінаватым і прысудзіла яму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[4].

Вырак адбывае ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.

Зноскі

Спасылкі правіць