Антыфа (ЗША) — гэта леварадыкальны антыфашысцкі і антырасісцкі рух у ЗША. Гэты рух вельмі дэцэнтралізаваны і спалучае ў сабе мноства аўтаномных груп, аб’яднаных, акрамя дактрыны, метадалогіяй: яны аддаюць перавагу простаму дзеянню і зневажаюць шлях палітычных рэформ. Шмат актыўнасцяў антыфы — негвалтоўныя, уключаюць у тым ліку распаўсюджванне агітак, постараў, флаераў, узаемадапамогу, выступы, арганізацыю суполак па месцы, пратэстоўныя шпацыры па гарадах ЗША. Але яны не цураюцца і гвалтоўных тактык, асабліва супроць тых, каго яны лічаць фашыстамі, супроць неанацыстаў, расістаў, белых супрэматыстаў і іншых праварадыкальна накіраваных грамадзян. Менавіта ў гэтым яны і адрозніваюцца ад больш памяркоўных левых колаў у ЗША — менавіта антыфа гатовыя даваць просты фізічны і сеціўны адпор як фашыстам, так і, у некаторых выпадках, супрацоўнікам паліцыі. Сярод іх тактык адпору, акрамя фізічных сутычак, таксама вылучаюць доксінг, харасмент праціўнікаў і разбурэнне ўласнай маёмасці тых, каго яны лічаць праварадыкаламі.

Антыфа шпацыруюць па Мінеапалісе, 2017.

Людзі, што належаць да антыфы, як правіла, прытрымліваюцца анты-аўтарытарнага, антыкапіталістычнага і анты-дзяржаўнага жыццяпозірку і распаўсюджваюць такія ідэалогіі як камунізм, анархізм, марксізм, сацыяльная дэмакратыя і сацыялізм. Штандар і імя антыфа ў ЗША запазычылі з аднайменнага руху ў Германіі. Антыфа атрымоўваюць шырокую падтрымку ад разнародных арганізацый і мецэнатаў, аднак яны атрымоўваюць і крытыку з боку больш памяркоўных левых у ЗША, з-за іх гатоўнасці да фізічнага супрацьстаяння. Крытыкі заўважаюць, што тактыкі антыфы, у сваю чаргу, радыкалізуюць і праварадыкалаў, якія таксама становяцца больш гвалтоўнымі. Некаторыя правыя ў ЗША мяркуюць, што антыфа з’яўляюцца хатнімі тэрарыстамі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што, наадварот, радыкалізацыя антыфы — гэта адказ на радыкалізацыю з правага боку, і асноўная маса даследчыкаў не лічаць антыфу сур’ёзнай пагрозай ЗША.

Глядзіце гэтаксама правіць