Апал
Апал — мінерал падкласа гідраксідаў. Мае 1—34 % вады, 65—92 % SiO2, прымесі аксідаў Fe2O3, MgO, CaO і інш.
Апал | |
---|---|
Белы апал | |
Формула | SiO2·nH2O |
Колер | бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны і інш. |
Колер рысы | рысы не дае |
Бляск | васковы, матавы, шкляны, перламутравы, смалісты |
Цвёрдасць | 5,5 — 6,5 |
Злом | ракавісты |
Шчыльнасць | 1,9—2,3 г/см³ |
Назва
правіцьНазаа ад лацінскага слова «opalus», якое бярэ пачатак ад санскрыцкага «úpala», г.зн. «каштоўны камень».
Апісанне
правіцьЧысты апал бясколерны, непразрысты, мае афарбоўку блізкую да малочнай або афарбаваны ў няяркія тоны рознымі прымесямі. Па колеру адрозніваюць дзве асноўныя разнавіднасці апалу — белы і чорны. Белы можа быць жаўтаватым, а чорны часцей за ўсё бывае цёмна-шэры або сіні. Прыкметна вар’іруе ступень празрыстасці. Празрыстыя і паўпразрыстыя ўзоры валодаюць апалесцэнцыяй (пералівы колераў), якая ўзнікае дзякуючы рассейванню святла дробнымі часцінкамі.
Аморфны. Рэнтгенаструктурны аналіз і вывучэнне пад электронным мікраскопам выявілі ў апале крышталічныя часцінкі надзвычай малых памераў. Высветлена, што ў аморфным апале ёсць асобныя ўчасткі, якія складаюцца са шчыльна ўпакаваных сферычных часцінак крэменязёму памерам 1500—4000 А.
Бляск васковы, матавы, шкляны, перламутравы, смалісты. Рысы не дае. Зямлістыя рознасці маюць белую рысу. Цвёрдасць 5,5—6,5. Злом ракавісты. Крохкі. Шчыльнасць 1,9—2,3 г/см³.
Утварэнне
правіцьАсадкавы, гідратэрмальны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. На тэрыторыі Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей, у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш.
Разнавіднасці
правіцьУ залежнасці ад афарбоўкі і характару апалесцэнцыі (вясёлкавых пераліваў колеру) вылучаюць яго разнавіднасці:
- белы апал — светлы, празрысты са светла-блакітнай апалесцэнцыяй;
- чорны апал — чорны, цёмна-фіялетавы, сіні, зялёны, бардовы з чырванаватай апалесцэнцыяй;
- арлекін — з пералівам каляровых плям на чырванаватым фоне;
- вогненны апал — жоўты, чырвоны з вогненнай апалесцэнцыяй;
- гіяліт, або мюлерава шкло — празрысты, чысты, як шкло;
- кахалонг — блакітнавата-белы, фарфорападобны, моцна порысты з перламутравай апалесцэнцыяй;
- гідрафан — шэры, эфект ірызацыі праяўляецца пасля змочвання вадой.
Выкарыстанне
правіцьЗ апалу складаецца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для вырабу цэменту, напаўняльнікі.
Выкарыстоўваецца як вырабны камень. Вогненны апал — каштоўны камень.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю: Кн. для настаўніка / У. Фядотаў, А. Цытленак. — Мн.: Нар. асвета, 1987. — 109, [2] c.
Спасылкі
правіцьАпал на Вікісховішчы |