Аперацыя «Дзіцячы пад’ёмнік»

Аперацыя «Дзіцячы пад’ёмнік» (англ.: Babylift) — аперацыя ВПС ЗША па эвакуацыі бездаглядных дзяцей з Паўднёвага В’етнама ў іншыя краіны ў апошнія дні вайны ў В’етнаме.

Да пачатку красавіка 1975 года ў Паўднёвым В’етнаме склалася катастрафічная сітуацыя. Паўночнав’етнамская армія ўжо месяц працягвала шырокамаштабнае наступленне, у выніку якога паўднёвав’етнамскі ўрад цалкам страціў кантроль над паўднёвай часткай краіны. У гэты час ЗША, якія ўжо практычна не прымалі ўдзелу ў вайне, заявілі пра намер эвакуіраваць з Паўднёвага В’етнама ў краіны Захаду больш за 2000 бездаглядных дзяцей.

Аперацыя «Babylift» працягвалася з 4 па 14 красавіка 1975 года. Эвакуацыя праводзілася з сайгонскага аэрапорта Таншанят ваенна-транспартнымі самалётамі «Lockheed C-5 Galaxy» («Гэлэксі»).

Калі амерыканскі бізнесмен Роберт Маколі даведаўся, што эвакуацыя можа расцягнуцца яшчэ на тыдзень з-за адсутнасці ваенна-транспартных самалётаў, ён замовіў чартарны самалёт Boeing 747 ад Pan Am і арганізаваў эвакуацыю 300 бездаглядных дзяцей, заклаўшы свой дом, каб аплаціць гэты рэйс[1].

Аперацыя атрымала сумную вядомасць у асноўным з-за авіякатастрофы, якая адбылася ў першы яе дзень. Экіпаж, які вылецеў з Сайгона C-5 з больш чым 300 пасажырамі на борце выпрабаваў выбуховую разгерметызацыю і павярнуў назад, аднак экіпаж не здолеў давесці самалёт да аэрадрома. Самалёт здзейсніў аварыйную пасадку на рысавым полі, падчас якой загінула 155 чалавек (у тым ліку 78 дзяцей).

Нягледзячы на трагедыю, аперацыя была працягнута і завяршылася без далейшых здарэнняў. Катастрофа C-5 у красавіку 1975 года з’яўляецца адной з найбольш вядомых авіякатастроф В’етнамскай вайны[2]. У некаторых крыніцах памылкова паказваецца, што на борце C-5 знаходзіліся амерыканскія салдаты або прыхільнікі паўднёвав’етнамскага рэжыму, якія пакідалі краіну.

Зноскі

  1. Grimes, William. "Robert Macauley, Founder of Humanitarian Aid Group, Dies at 87", The New York Times, December 29, 2010. Accessed December 30, 2010.
  2. Aircraft accident Lockheed C-5A Galaxy 68-0218 Saigon-Tan Son Nhat International Airport (SGN) (англ.)(недаступная спасылка). Aviation Safety Network. Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2010. Праверана 17 лістапада 2013.

Спасылкі

правіць