Аперацыя «Дугавая лямпа»

Аперацыя «Дугавая лямпа» (англ.: Arc Light) — кодавая назва ўсіх баявых аперацый, якія праводзіліся стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі Boeing B-52 Stratofortress падчас Другой індакітайскай вайны ў 1960—1970-х гадах[1].

Аперацыя «Дугавая лямпа»
Асноўны канфлікт: Другая індакітайская вайна
Выбух авіябомб ад B-52.
Дата 18 чэрвеня 196515 жніўня 1973
Месца Індакітай
Праціўнікі
Сцяг В'етнама Паўночны В’етнам
Сцяг В'етконга В’етконг
і саюзнікі
Сцяг ЗША ЗША
Сцяг Паўднёвага В'етнама Паўднёвы В’етнам
і саюзнікі
Страты
вялікая колькасць жывой сілы і тэхнікі, два МіГ-21 30 B-52 (у тым ліку 12 у небаявых інцыдэнтах)

Хоць самалёт B-52 ствараўся выключна як носьбіт ядзернай зброі, недахоп авіябаз у Паўднёвым В'етнаме ў пачатку поўнамаштабнага ўмяшання Злучанных Штатаў у вайну прымусіў амерыканскае камандаванне шукаць альтэрнатыву тактычнай авіяцыі, і B-52 апынуўся найбольш прыдатным варыянтам. Некаторыя самалёты былі мадэрнізаваны ў рамках праграмы «Вялікі жывот» (Big Belly), што дазволіла давесці іх бомбавую нагрузку амаль да 29 т (падчас Другой сусветнай вайны такую ж масу меў цалкам загружаны бомбамі B-17).

Аперацыя «Arc Light» пачалася 18 чэрвеня 1965 года ударам групы B-52 па меркаваных пазіцыях партызан НФВПВ у ваеннай зоне D на паўночны ўсход ад Сайгона. B-52 дзейнічалі з авіябаз на востраве Гуам (ЗША), на Філіпінах і ў Тайландзе, выкарыстоўваючыся ў асноўным у Паўднёвым В’етнаме (у тым ліку для падтрымкі войскаў ЗША і саюзнікаў, асабліва падчас аблогі Кхе-Сані і Велікоднага наступлення), а таксама ў Лаосе і Камбоджы. Яны лічыліся самым разбуральнай зброяй, якую задзейнічалі ЗША ў Індакітаі. Партызаны далі B-52 мянушку «шаптала смерць» — падчас налёту перад выбухамі можна было пачуць толькі свіст бомбаў, бо самі самалёты ляцелі на вялікай вышыні і не маглі быць заўважаны або своечасова пачуты з зямлі. Супраць Паўночнага В’етнама стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі ўпершыню былі задзейнічаны ў красавіку 1966 года, і да заканчэння масіраваных бамбардзіровак краіны ў 1968 выкарыстоўваліся вельмі абмежавана. У 1972 годзе паветраныя аперацыі супраць ДРВ былі адноўлены, і цяпер B-52 дзейнічалі больш актыўна, асабліва ў снежні 1972 года, калі падчас аперацыі «Linebacker II» яны адзіны раз за ўсю вайну здзейснілі масіраваныя налёты на Ханой і Хайфон[2].

Апошнія вылеты B-52 у Паўднёва-Усходняй Азіі адбыліся 15 жніўня 1973 года, перад уступленнем у сілу забароны Кангрэса ЗША на вядзенне амерыканскімі ўзброенымі сіламі баявых аперацый у Лаосе. За сем гадоў вайны стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі здзейснілі 126 тысяч самалётавылетаў (адзін вылет абыходзіўся амерыканскаму бюджэту ў 40 тысяч долараў[3]). Па амерыканскіх даных, баявыя і небаявыя страты склалі 30 самалётаў (18 страчаны ад дзеянняў праціўніка і 12 — у небаявых інцыдэнтах), прычым усе баявыя страты былі панесены над Паўночным В’етнамам. Бартавым стрэлкам самалётаў было залічана два збітых знішчальніка МіГ-21[4][5].

Зноскі

  1. Bowman, John S. (1985). The Vietnam War: an Almanac. New York: World Almanac Publications. p. 118. ISBN 0911818855.
  2. Operation ArcLight from The Air Force Historical Studies Office (AFHSO). Архівавана 9 лістапада 2005 года.
  3. Vietnam War B-52 Missions, Totals By Year / Month
  4. Budiansky, Stephen (2016). Code Warriors. New York: Alfred A. Knopf. pp. 262-264. ISBN 9780385352666.
  5. 1CEVG member. Combat SkySpot. unit history. Tripod. Архівавана з першакрыніцы 1 November 2010. Праверана 26 July 2011.