Аперацыя «Зорачка»

Аперацыя «Зорачка» (лістапад 1943 — 11 красавіка 1944) — аперацыя савецкіх партызан Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння па вызваленні і вывазе ў партызанскую зону 200 выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома № 1, якіх германская акупацыйная адміністрацыя трымала ў вёсцы Бельчыца каля паўднёвых ваколіц Полацка, і пазнейшай іх эвакуацыі франтавой авіяцыяй у савецкі тыл.

Карта-схема правядзення аперацыі «Зорачка»
(лістапад 1943 — 11 красавіка 1944).

З канца сакавіка 1944 года да аперацыі падключаны 105-ы гвардзейскі асобны авіяцыйны полк 3-й паветранай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту, які здзейсніў вываз дзяцей на «Вялікую зямлю» (у савецкі тыл).

Аперацыя «Зорачка» — адзіны выпадак у гісторыі партызанскага руху Вялікай Айчыннай, калі вызвалілі і эвакуіравалі за лінію фронту адначасова значную колькасць дзяцей[1].

Напярэдадні правіць

У перадваенныя гады ў Полацку пачаў дзейнасць дзіцячы дом № 1. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў пачатку ліпеня 1941 года на подступах да Полацка разгарнуліся баі, і супрацоўнікі дзіцячага дома спрабавалі эвакуіраваць дзяцей на ўсход. Аднак хуткі рух нямецкіх войскаў, якія перарэзалі шляхі ў савецкі тыл, перашкодзіў эвакуацыі і дзіцячы дом вымушаны вярнуцца ў акупаваны Полацк. У гады вайны акупацыйнай адміністрацыяй дзіцячы дом пастаянна папаўняўся дзецьмі, і да канца 1943 года ў ім знаходзілася ўжо каля 200 дзяцей. У лістападзе 1943 года нямецкая акупацыйная адміністрацыя, каб паменшыць выдаткі прадуктаў харчавання, перамясціла дзіцячы дом з горада ў Бельчыцу, у паўднёвых ваколіцах Полацка на левым беразе Дзвіны, дзе дзіцячы дом пераводзіўся на самазабеспячэнне.

Разведвальная група партызан атрада імя Шчорса выявіла перамяшчэнне немцамі дзіцячага дома ў Бельчыцу, калі з прыбылых машын замест чаканага папаўнення гарнізона выгрузілі вялікую колькасць дзяцей. Ноччу разведчыкі праніклі ў вёску, сустрэліся з выхавацелямі і дырэктарам установы М. С. Фарынко, якія расказалі, што праз нястачу прадуктаў у горадзе дзеці галадалі, часта хварэлі, былі захворванні тыфам, ім не хапала адзення[1]. Выхавальнікі чулі, што немцы могуць вывезці дзяцей у Германію для «анямечвання» або зрабіць іх донарамі крыві для сваіх параненых. Хворыя дзеці маглі быць знішчаны[2][3].

Партызанскае камандаванне вырашыла вызваліць дзяцей. Ініцыятарам была брыгада імя Чапаева, непасрэдны ўдзел у аперацыі браў атрад імя Шчорса з яе складу[4].

Правядзенне правіць

Аперацыя «Зорачка», складалася з двух этапаў:

  • першы этап (лістапад 1943 года — 18 лютага 1944 года) — правядзенне разведкі, падрыхтоўка атрада да аперацыі і ўласна вызваленне з нямецкага палону з дастаўкай у партызанскую зону выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома партызанскім атрадам імя Шчорса;
  • другі этап (канец сакавіка — 11 красавіка 1944 года) — правядзенне эвакуацыі вызваленых дзяцей самалётамі з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны праз лінію фронта ў савецкі тыл.

Першы этап правіць

Камандаванне даручыла атраду імя Шчорса падтрымліваць сувязь з выхавацелямі дзіцячага дома і весці разведку ў гарнізонах, размешчаных вакол Полацка. Першы этап аперацыі «Зорачка» пачаўся позняй восенню 1943 года. Атраду трэба было ўдакладніць колькасць нямецкага гарнізона і месца размяшчэння яго падраздзяленняў, вызначыць узбраенне, размяшчэнне пастоў, час іх змены і іншыя неабходныя для правядзення аперацыі звесткі. Разведка вялася працягам каля двух месяцаў — партызаны падтрымлівалі сувязь з дзіцячым домам, здабытыя разведвальныя даныя паведамляліся камандаванню. У прыватнасці было вызначана, што ў Бельчыцы размяшчаўся ўзмоцнены гарнізон у складзе трох батальёнаў. Нямецкія сілы мелі на ўзбраенні 12 гармат, 17 мінамётаў, кулямёты і разнастайнае стралковае ўзбраенне. Партызаны дакладна ведалі размяшчэнне пастоў і кулямётных гнёздаў праціўніка[4].

Па выніках разведкі ў атрадзе імя Шчорса распрацавалі план вызвалення дзяцей і ён быў зацверджаны камандаваннем брыгады. План прадугледжваў таксама дзеянні атрада на выпадак, калі прыйдзецца прымаць бой з нямецкім гарнізонам. Атрад імя Шчорса быў узмоцнены ўзбраеннем, забяспечаны белымі маскіровачнымі халатамі, а для транспарціроўкі вялікай колькасці дзяцей сфармавалі санны абоз з каля пяцідзесяці конных запрэжак.

Увечары 18 лютага 1944 года паводле плана аперацыі атрад імя Шчорса, у складзе каля 200 байцоў (прыкладна 2/3 колькасці атрада), у цемры, санным абозам здзейсніў імклівы дваццацікіламетровы марш з месца дыслакацыі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне да Бельчыцы[1][4]. Недалёка ад Бельчыцы партызаны пакінулі падводы ў лесе, занялі ўзлесак насупраць вёскі і за кароткі час ператварылі яго ва ўмацаваную паласу. Адна частка атрада пад камандаваннем Барыса Алешчанка заняла абарону. У глыбокім снезе былі выкапаныя акопы, расстаўленыя кулямёты. Частка партызанскіх аддзяленняў заняла пазіцыі каля дарог з вёскі, арганізавала засады, кулямётны ўзвод размясціўся на рубяжы абароны на ўскрайку лесу. Такім чынам, група прыкрыцця была гатова ўступіць у бой з нямецкім гарнізонам. Затым у саму вёску накіравалася група разведчыкаў пад камандаваннем намесніка камандзіра атрада па разведцы Паўла Гвоздзева, якія абышоў варожыя пасты і пранік у дамы, дзе размяшчаліся дзеці, каб вывесці іх з выхавацелямі за ваколіцу ва ўмоўленае месца. Па дамоўленасці з выхавацелямі да вечара ўсе дзеці мусілі быць апранутымі і падрыхтаванымі да перавозкі. У гэты час другая частка атрада пад камандаваннем начальніка штаба атрада Івана Крупіна падышла да вёскі, каб сустрэць дзяцей і на руках перанесці праз адкрытае заснежанае поле ў лес да саней.[5]

У прызначаны час партызаны ўбачылі дзяцей, хворых і малых неслі на руках выхавальнікі і старэйшыя выхаванцы. Многія малыя ішлі самі, правальваючыся ў снег. Партызаны ў маскіровачных белых халатах рушылі насустрач дзецям, падхоплівалі іх на рукі і па глыбокім снезе праз адкрытае поле выносілі ў лес да саней. Калі ўспыхвалі асвятляльныя ракеты рух заміраў. Партызаны зрабілі па некалькі ходак, пераносячы малых і хворых ад вёскі ўглыб лесу да саней. Асноўную частку дзяцей перанеслі партызаны, частку выхавальнікі, а старэйшыя дзеці самі прайшлі небяспечную прастору.[5]

Уся аперацыя праведзена партызанамі, як і планавалася, незаўважна і хутка, без сутыкнення з нямецкім гарнізонам. Дзяцей пасадзілі на сані, накрылі коўдрамі, і санны абоз ноччу 19 лютага даставіў іх у кантраляваную партызанамі Полацка-Лепельскую зону, у месца дыслакацыі атрада імя Шчорса. Дзяцей размясцілі па дамах у вёсцы Емяльянікі[5][4].

Другі этап правіць

Увесну 1944 года нямецкае камандаванне намеціла правесці карную аперацыю пад кодавай назвай «Вясновае свята» (ням.: Operation Frühlingsfest) супраць партызанскіх атрадаў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, каб цалкам іх знішчыць. Для аперацыі да партызанскай зоны сцягваліся дадатковыя сілы, у прыватнасці, часці знятыя з фронту[5]. Знаходжанне дзяцей на партызанскіх тэрыторыях стала небяспечным, кожны дзень маглі пачацца баі з нямецкімі часцямі, якія акружылі Полацка-Лепельскую партызанскую зону. Каб выратаваць дзяцей, трэба было пераправіць за лінію фронту ў савецкі тыл[2]. Штабам Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння было вырашана ажыццявіць эвакуацыю самалётамі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 1944 года па дамоўленасці з камандаваннем 1-м Прыбалтыйскім фронтам. Так пачаўся другі этап аперацыі «Зорачка»[2]. Камандуючы 1-м Прыбалтыйскім фронтам І. Х. Баграмян, у зоне адказнасці якога знаходзіўся раён Полацка, распарадзіўся сіламі 3-й паветранай арміі вывезці дзяцей. У ходзе гэтага шматдзённага этапу аперацыі эвакуіравана больш за 200 чалавек, дзяцей з большай часткай выхавальнікаў і некалькі дзясяткаў параненых партызан[2]. Эвакуацыю ажыццявілі лётчыкі 105-га гвардзейскага асобнага авіяпалка ГВФ (авіяцыйны полк грамадзянскага паветранага флоту СССР са складу 3-й паветранай арміі). У канцы сакавіка на партызанскі аэрадром, арганізаваны на лёдзе возера Вечалле побач Кавалеўшчыны ў паўднёва-ўсходніх ваколіцах Ушач (месца дыслакацыі штаба Полацка-Лепельскай партызанскай зоны), па некалькі разоў за дзень прыляталі за дзецьмі і параненымі партызанамі з-за лініі фронту лётчыкі Дзмітрый Кузняцоў на самалёце По-2, Мікалай Жукаў і Аляксандр Мамкін на больш ёмістых, спецыяльна падрыхтаваных для грузавых аперацый самалётах Р-5 і іншыя лётчыкі. Пад крыламі самалётаў прымайстравалі спецыяльныя капсулы-калыскі, куды маглі змясціцца дадаткова некалькіх чалавек. Лётчыкі выляталі без штурманаў — таксама дадатковае месца для пасажыраў[2].

Апошніх дзесяць дзяцей, а таксама двух параненых партызан і выхавальніцу, забіраў гвардыі лейтэнант А. П. Мамкін у ноч з 10 на 11 красавіка 1944 года. Паблізу лініі фронту яго самалёт быў падбіты нямецкім начным перахватчыкам, але Мамкін здолеў пераляцець лінію фронту і пасадзіць падпалены самалёт у тыле савецкіх войск на замерзлае возера Болныра на паўночным усходзе Полацкага раёна Віцебскай вобласці каля Трудоў. Праз шэсць дзён, ад цяжкіх апёкаў і ран, у шпіталі гвардыі лейтэнант Мамкін памёр. Аднак усе 13 чалавек, каго ён эвакуіраваў у апошнім палёце, засталіся жывыя[2][1].

Крыніцы правіць

  1. а б в г Операция «Звездочка» - из воспоминаний партизана Барминского В.В. — Бои, сражения, подвиги — Партизаны Беларуси (руск.). partizany.by. Праверана 10 лютага 2024.
  2. а б в г д е Освобождение Полоцкого детдома. Операция "Звёздочка".
  3. невядомы. Операция "Звёздочка" (руск.). docviewer.yandex.by. Праверана 10 лютага 2024.
  4. а б в г Барминский В.В.. Статья «Операция "Звёздочка"» в газете "Советская Белоруссия" (1967 год). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2023. Праверана 20 красавіка 2023.
  5. а б в г Барминский В.В.. Очерк "Мужали в боях. Операция "Звёздочка". Сборник "Годы комсомольские", г.Минск, изд."Юнацтва", ISBN 5-7880-0002-5, 1988. Белорусская электронная библиотека. Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2021. Праверана 19 сакавіка 2022.

Спасылкі правіць