Аперацыя «Фалькон» (міжнароднае расследванне)
Аперацыя «Фалькон»[1][2][3] (з англ.: «сокал») — міжнароднае расследванне дзейнасці сайтаў кампаній Regpay Co. Ltd (Беларусь) і Connections (ЗША), якія займалася распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнеце і адмываннем грошай.
Аперацыя «Фалькон» | |
---|---|
Дата | 2003—2005 |
Уцягнутыя краіны |
ЗША Беларусь Вялікабрытанія Францыя Іспанія Германія Латвія |
Уцягнутыя кампаніі |
Regpay Co. Ltd Connections |
Асуджаныя |
Ягор Залатароў, Аляксей Бучней, Аляксандр Бойка Юджын Валентайн, Кіт Чарнецкі |
Прысуд | 25 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 25 000 долараў |
У вышуку | Таццяна Сіенка |
Усяго арыштавана | 1400 чалавек па ўсім свеце |
Расследванне
правіцьАперацыя стартавала ў 2003 годзе[4]. Яна праводзілася для выяўлення і арышту асоб, звязаных з сайтамі беларускай фірмы Regpay, праз якія прадавалася дзіцячая парнаграфія. Расследванне распачала пракуратура акругі Нью-Джэрсі[1]. З цягам часу да мерапрыемстваў падключыліся: у ЗША — падатковая служба, бюро іміграцыйнай і мытнай паліцыі, служба паштовай інспекцыі, ФБР[2]; у Беларусі — упраўленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС[5], у краінах ЕС — брытанскае нацыянальнае падраздзяленне па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій, праваахоўныя органы Францыі, Іспаніі і Германіі[6]. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і адпаведныя службы ЗША трымалі пастаянны кантакт па гэтай справе[7].
Злачынцы пачалі дзейнасць прыкладна ў ліпені 2002 года як фірма Trustbill. У верасні яна пераназваная ў Regpay, атрымаўшы папяраджэнне ад праваахоўнікаў[6]. Фірма дзейнічала разам з фларыдскай кампаніяй Connections (раней Iserve). Яны кіравалі прыкладна 50 сайтамі (адзін з іх называўся «Падпольны свет педафілаў») і размяшчалі рэкламу на розных порнарэсурсах[2]. У цэнтры гэтай сістэмы знаходзілася інтэрнэт-старонка, праз якую прадаваўся доступ на розныя сайты педафільскага зместу. Самі злачынцы базаваліся ў Мінску[7]. Па сутнасці кампанія Regpay была выдуманай, існуючы толькі ў інтэрнеце. Гэтай назвай прыкрываўся мінскі філіял фірмы, зарэгістраванай у Латвіі[8].
На працягу года праваахоўныя органы займаліся расследваннем дзейнасці сайтаў фірмы Regpay і выяўленню іх стваральнікаў і карыстальнікаў. Следчыя высветлілі, што сярод спажыўцоў былі асобы ва ўзросце ад 22 да 85 гадоў. Як стала вядома, злачынцы пад выглядам фірмы Regpay адкрылі некалькі сайтаў з дзіцячай парнаграфіяй. Яны рэгістраваліся на амерыканскіх серверах. Фотатэку збіралі з іншых сайтаў (большая частка здымкаў была з ЗША і Заходняй Еўропы[9]). Плата за прагляд выяў праводзілася праз крэдытныя карткі. Цана была невысокай, што спрыяла росту глядацкай аўдыторыі. Пры гэтым злачынцы выкрадалі грошы з карт карыстальнікаў, якія ў сваю чаргу, выяўляючы прапажу, не ішлі ў банкі, паколькі не жадалі раскрыцця наведвання рэсурсаў з дзіцячым порна. Стваральнікі сайтаў змаглі зарабіць больш за 3 млн долараў[5].
Аплата праводзілася праз латвійскую банкаўскую сістэму. Улічваючы гэтую акалічнасць, праваахоўнікі Латвіі перададі беларускім калегам інфармацыю па патоку грошай праз банкі краіны[10].
Суды і арышты
правіць30 ліпеня 2003 года ў Францыі былі затрыманы кіраўнік Regpay Ягор Залатароў і дырэктар па маркетынгу Аляксей Бучнеў. Туды іх выманілі прадстаўнікі амерыканскіх праваахоўных структур. У чэрвені 2004 года з Іспаніі ў ЗША экстрадаваны тэхнічны дырэктар фірмы Аляксандр Бойка. 5 студзеня 2005 года Залатароў і Бучнеў былі дастаўлены ў штат Нью-Джэрсі. На наступны дзень у Федэральным судзе штата ім былі выстаўленыя афіцыйныя абвінавачванні. Суд на Бучневым адбыўся 16 лютага, ён прызнаў сябе вінаватым у распаўсюдзе праз Інтэрнэт інфармацыі, якая змяшчае дзіцячую парнаграфію. 28 лютага ў ходзе судовага разбору Залатароў і Бойка прызналі сябе вінаватымі ў наўмысным адмыванні грошай. Залатароў таксама прызнаў сваю віну ў перадачы праз Інтэрнэт інфармацыі, якая змяшчае дзіцячую парнаграфію, а Бойка — у рэкламе дзіцячай парнаграфіі[4].
Усе яны былі прысуджаныя да 25 гадоў турэмнага зняволення і штрафу ў памеры 25 000 долараў. Кіраўнікі фірмы павінны таксама адбыць пяць гадоў умоўна-датэрміновага вызвалення па заканчэнні тэрміну турэмнага зняволення. Таксама ў іх было канфіскавана 1,15 мільёна долараў[6].
15 лютага 2004 года генеральны дырэктар Connections Юджын Валентайн прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай адмывання грошай для Regpay і яе кіраўнікоў[2]. Таксама быў затрыманы яго памочнік Кіт Чарнецкі. Амерыканцы пайшлі на здзелку з уладамі, падаўшы ім усю наяўную інфармацыю ў абмен на прысуд па менш сур’ёзных абвінавачваннях. На той момант з усіх фігурантаў справы на волі заставалася толькі адміністрацыйная і фінансавая памочніца Regpay Таццяна Сіенка, якая знаходзілася ў вышуку ў Беларусі[11].
Апроч таго, праведзены арышты шматлікіх карыстальнікаў сайтаў. На сакавік 2005 года арыштавана больш за 1200 чалавек, у тым ліку 200 (пазней лічба вырасла да 330, тры з іх пакончылі з сабой[8]) у ЗША. Каля 860 кліентаў былі з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Даніі, Кітая, Нарвегіі, Іспаніі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і Швейцарыі. Па даных Інтэрпола, дзіцячай парнаграфіяй цікавіліся «звычайныя, сярэднестатыстычныя жанатыя мужчыны, з дзецьмі і добрай працай»[4]. Толькі ў ЗША ў працэсе расследавання былі ўсталяваныя імёны прыкладна 40 тысяч асоб, якія запампоўвалі дзіцячае порна[8]. На люты 2006 года ў розных краінах затрымана 1600 чалавек[9]
Ацэнкі
правіцьЯк падкрэсліў пракурор Крыстафер Крысці, гэта першае комплекснае расследаванне ў ЗША, якое тычыцца індустрыі дзіцячага порна. Генпракурор Джон Эшкрафт, каментуючы расследванне, назваў праведзеную аперацыю ўдарам у «самае сэрца камерцыйнага гандлю дзіцячай парнаграфіяй»[3][12].
На слуханнях перад Камітэтам па гандлі, навуцы і транспарту Сената ЗША ў 2006 годзе аперацыя «Фалькон» названа выдатным прыкладам таго, як адно расследаванне можа прывесці да затрымання сотняў злачынцаў[1].
Як заявіў кіраўнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій беларускага МУС Ігар Чарненка, наспела неабходнасць увядзення ў КК Беларусі спецыяльнага артыкула па спрашчанні складанага на той час прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, што распаўсюджваюць дзіцячую парнаграфію ў Інтэрнэце[5].
Гл. таксама
правіць- Аперацыя «Лавіна» — папярэдняя падобная кампанія, праведзеная ў 1999—2002 гадах.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в ONLINE CHILD PORNOGRAPHY // HEARING before the COMMITTEE ON COMMERCE, SCIENCE, AND TRANSPORTATION UNITED STATES SENATE ONE HUNDRED NINTH CONGRESS SECOND SESSION (SEPTEMBER 19, 2006)
- ↑ а б в г Credit card processing firms at centre of child porn ring // The Sydney Morning Herald (January 16, 2004)
- ↑ а б Global Kiddie Porn Ring Busted // CBS News (January 15, 2004)
- ↑ а б в Два белорусских предпринимателя признались в получении нескольких миллионов долларов за доступ к сайтам с детской порнографией
- ↑ а б в Игорь Кольченко. Опасные связи // CБ. Беларусь Сегодня, 17 января 2004.
- ↑ а б в Leaders of “Regpay” Internet Child Porn and Money Laundering Conspiracy Sentenced to 25 Years in Prison
- ↑ а б США, Белоруссия, Испания и Франция разоблачили группу лиц, распространявших детскую порнографию в Интернете // РИА Новости, 16 января 2004
- ↑ а б в «Кассиры» грязного бизнеса // СБ. Беларусь Сегодня, 19 января 2006
- ↑ а б Белорусы зарабатывали на продаже детского порно миллионы
- ↑ Латвия связана с делом Regpay через банки
- ↑ 15 Arrested in New Jersey In Child Pornography Inquiry
- ↑ Firms Charged With Laundering Child Porn Money // Fox News (January 15, 2004)