Апытальны ліст (археалогія)

Апытальны лісту археалогіі — анкета са звесткамі пра археалагічны помнік у пэўнай мясцовасці. У апытальны ліст уключаюць кароткае апісанне помніка (наяўнасць чорнага пласта зямлі, або культурнага пласта, валоў, насыпных узгоркаў і інш.), указваюць дакладнае месцазнаходжанне помніка, а таксама яго мясцовыя назвы: як правіла, для месцаў вытворчасці гэта гута, крыца, млынок, печы, паташня, рудня, смольня і інш.; для паселішчаў — дворышча, сяло, селішча, стадола, стараселле, царкавішча і інш.; для гарадзішчаў — гара, гарадзец, гарадок, замак, замчышча, курган, акоп, востраў, вал, груд, рог, роў і інш.; для курганных могільнікаў — валатоўкі, капцы, гамола, гурбы, малатоўкі, пагосты, шведскія (французскія) магілы і інш. Сукупнасць атрыманых звестак дазваляе іншы раз высветліць тып помніка для навукі. У XIX ст., калі пачалося складанне археалагічных карт, апытальныя лісты рассылалі асобныя даследчыкі (Ф. В. Пакроўскі, Я. П. Тышкевіч, Г. Х. Татур, Е. Р. Раманаў, А. М. Семянтоўскі, В. А. Шукевіч і інш.), губернскія статыстычныя і царкоўна-археалагічны камітэты, мінскі губернатар (1882), Віленскі аддзел Маскоўскага падрыхтоўчага камітэта IX-га археалагічнага з'езда, у XX ст. — навукова-эксперыментальная камісія пры Наркамаце асветы БССР, пазней — Гісторыка-археалагічная камісія Інстытута беларускай культуры і інш. У сувязі з высокім узроўнем развіцця археалагічнай навукі ў Беларусі апытальныя лісты цяпер ужываюцца рэдка.

Літаратура правіць

  • Ісаенка, У. Ф. Апытальны ліст / У. Ф. Ісаенка // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 40. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Ісаенка, У. Ф. Апытальны ліст / У. Ф. Ісаенка // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 43. — ISBN 5-85700-077-7.