Арабскае заваяванне Егіпта

Арабскае заваяванне Егіпта — ваенная аперацыя арабскай арміі, распачатая ў снежні 639 года. Невялікі, усяго 3 500 чалавек, атрад палкаводца Амра ібн Аль-Аса ўварваўся ў Егіпет з Палесціны і прыкладна за год заваяваў усю вялікую і густанаселеную краіну.

Арабскае заваяванне Егіпта
Арабскія заваяванні у VII-IX стагоддзях
Арабскія заваяванні у VII-IX стагоддзях
Дата 639654
Месца Егіпет
Вынік Захоп арабамі Егіпта
Праціўнікі
Візантыйская імперыя Арабскі халіфат
Камандуючыя
Іраклій I,
Канстанцін III,
Канстант II
Амр ібн аль-Ас

Перадгісторыя

правіць

Перад арабскім заваяваннем Егіпет быў візантыйскай правінцыяй. Падчас вайны Персіі і Візантыі ён быў часова захоплены персідскім царом Хасровам II у 616629 гадах.

Да пачатку арабскіх заваяванняў візантыйскую ўладу ў Егіпце прадстаўляў мелькіцкі патрыярх Кір, прызначаны кіраўніком Егіпта ўвосень 631 года. У той час у Егіпце было шырока распаўсюджана монафізіцтва, з якім у імперыі змагаліся як з ерассю. Кір адразу ж пачаў агрэсіўна ўкараняць у краіне монафеліцтва, імкнучыся тым самым прымірыць монафізітаў з афіцыйнай царквой. Аднак монафеліцтва не прызналі ні першыя, ні другія. Кір з дапамогай арміі спрабаваў прымусіць коптаў-монафізітаў прызнаць монафеліцкі дагмат, салдаты ўрываліся ў манастыры і нават падвяргалі коптаў катаванням. Многія беглі ў горы і пустыні, з Александрыі збег патрыярх Веніямін. Палітыка Кіра прывяла да таго, што ў Егіпце супрацьстаянне паміж масай жыхароў і імперскімі ўладамі стала нават больш зацятым, чым у Сірыі і Палесціне. У выніку падчас арабскага заваявання монафізіты не аказвалі значнага супраціўлення захопнікам і нават з радасцю сустракалі іх. Разам з тым, у Егіпце існавалі яшчэ і ачагі гнастыцызму, да якіх варожа адносіліся і монафізіты, і афіцыйная царква.

Паход Амра

правіць

Арабскае ўварванне ў Егіпет адбылося непасрэдна пасля ўварвання ў Палесціну. Гэта здарылася ў 18 годзе хіджры, у 639 годзе ад Р. Х. За год да гэтага быў узяты Іерусалім, а ўлетку 639 года ў Палесціне здарылася чума, якая нанесла сур’ёзную шкоду арабскай арміі. Таму дзіўна само рашэнне адправіць саслабленую чумой армію ў небяспечны рэйд на Егіпет. Усе гісторыкі сыходзяцца на тым, што халіф Умар асцерагаўся за лёс атрада і паслаў ліст, у якім загадваў Амру вярнуцца, калі толькі той яшчэ не ўвайшоў у Егіпет.

Уварванне ў Егіпет было практычна асабістай ініцыятывай Амра б. Ал-Аса. Ібн Абдальхакам піша, што Амр яшчэ ў даісламскі час бываў у Егіпце, ведаў яго дарогі і бачыў багацце краіны[1]. Магчыма, на рашэнне Амра паўплывалі звесткі, сабраныя падчас набегаў на Сінайскі паўвостраў. А. Бальшакоў мяркуе, што ключавым фактарам сталі асабістыя амбіцыі Амра: ён мог прэтэндаваць на пасаду аміра Палесціны, але гэту пасаду атрымаў Муавія б. Абу Суфйан. Магчыма, Амр быў пакрыўджаны сваім становішчам, і гэта падштурхнула яго да рызыкоўнага кроку[2]. З гэтай прычыны ён пакінуў Палесціну тайна, уначы пакінуўшы лагер дзесьці паміж Бейт Джэбрынам і Іерусалімам.

12 снежня 639 года ён ужо быў у егіпецкім горадзе ал-Арышы. Менавіта тут, як лічыцца, ён і атрымаў ліст халіфа Умара і не павярнуў менавіта таму, што фармальна ўжо быў у Егіпце.

У Егіпце

правіць
 
Заваяванне арабамі Егіпта

Арабская армія выйшла з ал-Арышы, падышла да горада ал-Фарам (Пелузій) і аблажыла яго. З-за адсутнасці аблогавай тэхнікі аблога расцягнулася на адзін ці два месяцы. У выніку горад быў узяты, а сцены яго знесены. У Амра не было магчымасці пакінуць там гарнізон.

Ад Пелузія армія Амра рушыла традыцыйным шляхам — уздоўж усходняга краю дэльты Ніла да яе пачатку. Першай перашкодай апынуўся горад Білбейс, камендантам якога быў Арэтон — былы камендант Іерусаліма, які ўцёк у Егіпет. Ён здзейсніў спробу начнога нападу на арабаў, але быў разбіты. Праз месяц аблогі Білбейс быў узяты штурмам. Візантыйцы страцілі (як лічыцца) 1000 чалавек забітымі і 3000 палоннымі[3]. Гэта адбылося прыкладна ў канцы лютага ці пачатку сакавіка 640 года.

Затым Амр апынуўся ў крэпасці Ум Дунайн і горадзе Бабілон (у паўднёвай частцы сучаснага Каіра). Паслядоўнасць баёў пад Бабілонам складана аднавіць з-за разыходжанняў і нелагічнасцей у крыніцах[3]. Рашучая бітва адбылася толькі ў ліпені. Да візантыйцаў далучыліся войскі Анастасія і Феадосія. Ці атрымліваў падмацаванні Амр, не зусім зразумела. У бітве Амр здолеў разбіць візантыйцаў і вымусіць іх уцякаць.

Адразу пасля бою Амр прыступіў да аблогі Бабілона. Гэта была вельмі моцная крэпасць, якая мела сцены вышынёй 18 метраў і шырынёй 2, складзеныя з каменя і цэглы. Яе складана было ўзяць і штурмам і зморам. А тым часам пачаўся разліў Ніла, што сур’ёзна перашкаджала весці баявыя дзеянні.

У гэты момант Кір пачаў перамовы з арабамі, прапануючы ім узяць выкуп і пакінуць Егіпет. Ён прапанаваў 1000 дынараў халіфу, 100 Амру і па 2 кожнаму воіну, усяго 15-20 тыс. дынараў. Мабыць, Кір жадаў развязаць сабе рукі, таму што ў краіне ўскладнілася сацыяльнае становішча, зноў паднялі галаву монафізіты. Амр, які апынуўся ў складанай сітуацыі, пагадзіўся на гэты дагавор. Аднак, даведаўшыся пра дагаворы, імператар Іраклій адклікаў Кіра ў Канстанцінопаль, а затым адправіў у ссылку. Грошы выплачаны не былі, Амр абвясціў дагавор ануляваным і ўвосень, пасля спаду вады ў Ніле, аднавіў ваенныя дзеянні.

Амр рушыў на поўнач. Падчас гэтага паходу да яго далучыліся копты, як актыўныя монафізіты, так і свецкія людзі. Іаан Нікіўскі згадвае нейкіх Каладжы і Сабендыса, якія перайшлі на бок арабаў са сваімі атрадамі[4]. Нягледзячы на гэта, рух арабскай арміі ўскладняўся нязручным рэльефам мясцовасці.

Візантыйскі камандуючы Феадор выйшаў з Александрыі і падышоў да горада Самануду. Гарадское апалчэнне адмовілася далучыцца да Феадора, аднак візантыйскай арміі ўдалося нанесці арабам паражэнне. Амр адступіў да Бусіра. Няўдача прывяла да таго, што Каладжы і Сабендыс пакінулі яго армію і перайшлі на візантыйскі бок. Амр здзейсніў набег на Думйят, пацярпеў там няўдачу і адышоў назад да Бабілона, аднавіўшы яго аблогу.

Здача Александрыі

правіць

Амр накіраваў войскі ў Александрыю, якая была аддадзена яму ў адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным 8 лістапада 641. Візантыя назаўжды пазбавілася горада. Амра часам абвінавачваюць ў цяжкім граху перад сусветнай культурай — спаленні па загадзе Умара знакамітай Александрыйскай бібліятэкі. Спецыялісты ж адзначаюць, што гэта ўсяго толькі набожная легенда, якая прыпісвае Умару дабрадзейны ўчынак — знішчэнне кніг, якія супярэчаць Карану, але ў папулярнай літаратуры гэта легенда часам падаецца як гістарычны факт. Аднак ні Іаан Нікіўскі, які нямала паведамляў пра рабаванні і пагромы падчас арабскага заваявання, ні які-небудзь іншы хрысціянскі гісторык, варожы да ісламу, не згадвае пра спаленне бібліятэкі. Хутчэй за ўсё, самай вялікай бібліятэкі да таго часу ўжо не існавала[5]

Наступствы

правіць

Спроба вярнуць Александрыю была прадпрынята ў 645 годзе, аднак гэта спроба скончылася правалам у 646 годзе, пасля поўнага разгрому візантыйскай арміі. У 654 Канстант II паслаў буйны флот для адваявання Егіпта, аднак флот быў разбіты арабамі, якія да гэтага часу добра ўмацаваліся на моры. Больш сур’ёзных спроб адваяваць у арабаў Егіпет Візантыя не прадпрымала, аж да 1168, калі візантыйцы ўдзельнічалі, у саюзе з Іерусалімскім каралём Амары, у няўдалай аблозе егіпецкага горада Даміеты.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Ибн Абдальхакам. Завоевание Египта, ал-Магриба и ал-Андалуса / пер. с арабского С. Б. Певзнера. Москва, 1985. С. 74.
  2. О. Г. Большаков. История халифата, т. 2. М., 1993. С. 104.
  3. а б О. Г. Большаков. История халифата, т. 2. М., 1993. С. 108.
  4. О. Г. Большаков. История халифата, т. 2. М., 1993. С. 112.
  5. О. Г. Большаков. История халифата, т. 2. М., 1993. С. 122.

Спасылкі

правіць