Артэзіянскія воды
Артэзі́янскія воды (ад лац.: Artesium — лацінскай назвы французскай правінцыі Артуа) — напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы. Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі.

1. ваданосны гарызонт
2. водатрывалыя слаі
3. вобласці жыўлення
4. свідравіна з фантанаваннем
5. узровень грунтавых водаў
6. свідравіна без фантанавання
7. артэзіянская крыніца
БеларусьПравіць
На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэрыторыі на глыбіні ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з'яўляюцца асноўнай крыніцай пітнога водазабеспячэння.
ЛітаратураПравіць
- Артэзіянскія воды // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Артэзіянскія воды