Астрагал (архітэктура)

Астрагáл (стар.-грэч.: astragalos — хрыбетная ці пятачная косць, косць для гульні, гульня ў косці)[1] — у Старажытнай Грэцыі астрагалам называлі ігральную косць у выглядзе кубіка. Адсюль рэдкае ўжыванне гэтага слова для абазначэння тэсераў — кубікаў смальты ці мармуру для мазаікі. У Дадоне (паўночна-заходняя Грэцыя) знаходзілася свяцілішча Зеўса з яго культавай статуяй, у руцэ якой быў бізун з прымацаванымі да яго астрагаламі (бабкамі). Хістаючыся на ветры, яны біліся аб медную талерку. Па гэтым гуку жрыцы рабілі свае прадказанні (Паўсаній. Апісанне Элады. I, VII,VIII).

Астрагал
Выява
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Профіль астрагала
Найбольш распаўсюджаныя арнаменты астрагала ў рымскім архітэктурным: «з верацёнамі і пацеркамі», «толькі з пацеркамі», з трохвугольнымі лісткамі, «вераўча́ны матыў».

У класічнай архітэктуры астрагалам называецца складаны (камбінаваны) аблом (профіль) у форме паўавала над прамавугольнай палічкай, які завяршае выкружку (увагнутую частку профілю). Гэтая назва часам тлумачаць падабенствам архітэктурнага астрагала з пятачнай косцю чалавека. Валік — частка астрагала, якая выступае вонкі — можа быць гладкім ці з арнаментам у выглядзе ланцужка, у якім чаргуюцца авальныя і дыскападобныя элементы: «пацеркі» (італ.: perline) і «верацёны» (італ.: fusarole) — так званыя «астрагалы з верацёнамі і пацеркамі» (італ.: astragalo a fusarole e perline). Іншая назва: жамчужнік. Радзей сустракаецца аздабленне, якое складаецца з паслядоўнасці аднолькавых шарападобных «пацерак» («астрагалы толькі з пацеркамі») ці матыў з маленькіх перавернутых трохвугольных лісткоў (ням.: Spitzenstab), або «вераўча́ны матыў» (італ.: motivo a corda), або папросту: «пляцёнка»[2].

У архітэктурным ордары астрагал звычайна размяшчаюць паміж фустам (ствалом) калоны ці пілястры і капітэллю. У гэтым выпадку астрагал разглядаюць як складовую частку іанічнага кіматыя (стар.-грэч.: κυμά — хваля) — профіль двайнога S-падобнага выгіну, упрыгожаны іонікамі. У дарычным ордары аналагічную функцыю выконваюць «колцы» — анулі (лац.: annuli), ці анелеты (фр.: annelet — «колца»)[3].

У мастацтве Старажытнага Рыма і архітэктуры італьянскага Адраджэння, паводле трактата Л. Б. Альберці, астрагал на калоне называлі «нашыйнікам» (лац.: torques — ланцуг). Астрагалы таксама размяшчаюць паміж фустам калоны і базай[4].

Крыніцы

правіць
  1. Вейсман А. Д. Греческо-русский словарь. — СПб., 1899. — М.: 1991. — С. 210
  2. Pevsner N., Honour H., Fleming J. Lexikon der Weltarchitektur. — München: Prestel, 1966. — S. 49, 367
  3. Михаловский И. Б. Теория классических архитектурных форм. — М.: Изд-во Всесоюзной Академии архитектуры, 1937. — С. 55—59
  4. Власов В. Г. Астрагал // Власов В. Г. Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т. — СПб.: Азбука-Классика. — Т. I, 2004. — С. 510—511

Спасылкі

правіць