Аэрадром (Полацк)

мясцовасць у Полацку

Аэрадром — мясцовасць у паўночна-заходняй частцы Полацка, буйнейшы жылы масіў горада са шматкватэрнай забудовай, які падзяляецца на 7 аднайменных мікрараёнаў з адпаведнай нумарацыяй.

Аэрадром
Аэрадром
55°29′45″ пн. ш. 28°44′47″ у. д.HGЯO
Краіна
Горад Полацк
Паштовыя індэксы 211413
Map

Характарыстыка правіць

З поўдня і паўднёвага захаду мясцовасць абмежаваная ракой Заходняя Дзвіна, з усходу — ракой Палата і мясцовасцю Запалоцце, з поўначы — чыгункай Полацк-Даўгаўпілс, з паўночнага захаду — ручаём на мяжы горада і вёскі Чарнешчына.

Асноўнымі транспартнымі магістралямі мясцовасці з'яўляюцца вуліцы Багдановіча і Зыгіна, а таксама праспект Дойліда Іаана (у перспектыве таксама праспект Міру), другараднымі — вуліцы Хруцкага, Грунвальдская, Машэрава, Шэнягіна, Міронавай і Матросава.

Асноўная забудова раёна — тыповая шматкватэрная пераменнай этажнасці (у асноўным у 9-10 паверхаў). У паўднёва-ўсходняй і паўночнай частках мясцовасці захоўваецца сядзібная забудова. Актыўнае будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў тут пачалося з 1980-х гадоў. Сёння абсалютная большасць новабудоў Полацка ўзводзяцца менавіта тут. У перспектыве шляхам пашырэння забудовы горада на паўночны захад Полацк павінен аб'яднацца з Наваполацкам у раёне сучаснай вёскі Чарнешчына.

Праблема найменавання правіць

З 2010-х гадоў з пачаткам новай хвалі актыўнага шматкватэрнага будаўніцтва на заходніх ускраінах Полацка новыя жыхары мясцовасці, якія даволі часта раней не пражывалі ў горадзе ці не былі добра знаёмыя з яго тапаніміяй, пачалі выкарыстоўваць памылковы варыянт назвы мясцовасці — "Аэрапорт" замест слушнага "Аэрадром". З цягам часу гэты хібны тапонім перайшоў у інтэрнэт-прастору, СМІ і нават некаторыя афіцыйныя дакументы і карты. Але сапраўды назва мясцовасці паходзіць ад ваеннага аэрадрома, які паўстаў на тагачаснай ускраіне Полацка ў 1916 годзе і існаваў да 1960-х гадоў. А вось полацкі аэрапорт не мае да назвы гэтай мясціны горада ніякага дачынення і знаходзіцца ля вёскі Бецкае за 10 км на поўдзень ад горада (дабрацца грамадским транспартам да яго можна, напрыклад, аўтобусам № 317 Наваполацк-Бецкае, прыпынак "Аэрапорт").

Гісторыя правіць

Гэтая частка Полацка пачала забудоўвацца жыллём яшчэ ў Х-ХІ стагоддзях (гл. Запалоцкі пасад). З XV-XVI стагоддзяў тут дзейнічала некалькі цэркваў і манастыроў. На поўнач і паўночны захад ад Запалоцця ў XVI-XVII стагоддзях утварыліся гарадскія Міхайлаўскія могілкі, якія атрымалі сваю назву ад уніяцкай Міхайлаўскай царквы і да пачатку ХХ стагоддзя ператварыліся ў буйнейшыя могілкі горада. Могілкі былі акружаныя ровам і валам, мелі шмат дрэваў, што надавала ім выгляд гаю. Пачынаючы з 1914 года ля Міхайлаўскіх могілак утварыліся вялікія (на некалькі тысяч пахаванняў) вайсковыя могілкі, дзе хавалі вайскоўцаў Рускай імператарскай арміі, якія памерлі ў шпіталях Полацка падчас Першай сусветнай вайны. У 1916 годзе на поўнач ад могілак быў арганізаваны ваенны аэрадром. Храмы і могілкі моцна пацярпелі ад артылерыйскіх абстрэлаў горада падчас вайны бальшавікоў з Польшчай у 1919-1921 гадах. У 1930-я гады з-за развіцця сродкаў авіяцыі паўстала неабходнасць пашырння тэрыторыі аэрадрома, і савецкае кіраўніцтва горада вырашыла здзейсніць гэта за рахунак руйнавання полацкіх Міхайлаўскіх і Вайсковых могілак. Сваякам пахаваных там палачан было дазволена перапахаваць іх на іншых могілках, але масавага характару гэты працэс не атрымаў. Рэшткі храмаў разам з надмагіллямі, некаторыя з якіх уяўлялі ўжо гістарычную і нават мастацкую каштоўнасць, былі зраўняныя з зямлёй. У 1960-я гады аэрадром быў перанесены далей ад горада ў раён вёскі Бецкае. У 1980-я гады яго тэрыторыю аддалі пад шматкватэрную шматпавярховую жылую забудову. З пабудовай Новага маста праз Заходнюю Дзвіну была пракладзена галоўная транспартная магістраль раёна — вуліца Максіма Багдановіча, якая спалучыла паўночна-заходні выезд з горада на Даўгаўпілс і Санкт-Пецярбург праз мост з Мінскай і Вільнюсскай шашой.

Сацыяльныя аб'екты правіць

  • школа № 16
  • школа № 18