Балтыйскі шчыт, Фенаскандыя — дадатная структура на паўночным захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышталічнага фундамента выходзяць на паверхню Зямлі.

Балтыйскі шчыт

Займае паўднёвы ўсход Скандынаўскага паўвострава, Кольскі паўвостраў і Карэлію. На паўночным захадзе абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на паўночным усходзе на іх развіта познекембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на поўдні і паўднёвым усходзе фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т.л. фанітаў (утвараюць вялікія масівы). У пародах фундамента Балтыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі большая частка тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні паўночны ўсход. Апошняму платформаваму этапу развіцця ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У чацвярцічны перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышталічных парод.

У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Літаратура

правіць