Каледонская складкавасць

Каледонская складкавасць, таксама калядонскі тэктагенез[1] — эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пачатку сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці.

Тэрмін уведзены французскім геолагам М. Бертранам у 1887 годзе. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія астравы, Скандынаўскія горы, Паўночная і Усходняя Грэнландыя. Таксама каледонскія структуры развітыя ў Цэнтральным Казахстане (заходняя частка), Паўночным Цянь-Шані, Паўднёва-Усходнім Кітаі, Усходняй Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходне-Сібірскай і Заходне-Еўрапейскай маладых платформаў. Вялікае значэнне каледонская складкавасць мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўднёвай Амерыкі, Паўночных Апалачаў і інш. Найбольш характэрнымі для каледонскай складкавасці з'яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы).

Геатэктанічнае развіццё

правіць

Напачатку ранняга палеазою, пасля заканчэння байкальскага тэктагенезу, існавалі дакембрыйскія платформы. Бліжэй да экватара размяшчаліся групы платформ, размежаваных палеаакіянамі, бліжэй да паўднёвага полюса — вялікая Гандвана.

З праяўленнем каледонскага тэктагенезу, на працягу ранняга палеазою, зямная кара зведала складаную перабудову пад уплывам арагенічных рухаў як у межах акіянаў (рухомых геасінклінальных паясоў), так і арагенічных ды эпейрагенічных рухаў на платформах. Кембрый і пачатак ардовіка былі часам, калі развіваліся і прагрэсіравалі апусканні, а на мацерыкі распаўсюджваліся марскія трансгрэсіі. Канец ардовіка і сілур — час актывізацыі працэсаў уздымання ды складка- і гораўтварэння, што выклікала асушэнне платформ. У раннім палеазоі можна вылучыць некалькі фаз складкаватасці.

 
Еўраамерыканскі мацярык і каледаніды

Каледонскае гораўтварэнне ахапіла наступныя раёны: у Атлантычным геасінклінальным поясе — Паўночна-Атлантычную геасінклінальную вобласць (востраў Шпіцберген, Скандынаўскія горы, большая частка Вялікабрытаніі і Ірландыі, Усходняя Грэнландыя, Паўночныя Апалачы); ва Урала-Мангольскім — Алтая-Саянскую і Казахстанска-Паўночна-Цяньшаньскую вобласці; у Міжземнаморскім — Наньшаньскую геасінклінальную сістэму; у Заходне-Ціхаакіянскім — Катазіяцкую і заходнюю частку Усходне-Аўстралійскай вобласці, ва Усходне-Ціхаакіянскім — паўднёва-заходнюю частку Паўднёвай Амерыкі (Патагонія). Каледаніды Паўночна-Атлантычнай геасінклінальнай вобласці злучылі Паўночна-Амерыканскую і Усходне-Еўрапейскую платформы ў адзіны Еўраамерыканскі мацярык (Паўночна-Атлантычны).

Сібірская платформа з прычлененымі байкалідамі дарасцілася каледанідамі — узнік мацярык Ангарыда. Тарымская, Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы таксама аб'ядналіся байкалідамі і каледанідамі ў адзіны мацярык. Гандвана, дарошчаная каледанідамі, займала прыўзнятае становішча і ўтварала мацярык, на якім захоўваўся кантынентальны рэжым.

Каледонскі арагенез на платформах праявіўся ў фарміраванні расколаў у шчытах, дыферэнцыраваных тэктанічных рухах, дыслакацыях, закладзе антэкліз і сінекліз, інтрузіўным і эфузіўным магматызме. На Усходне-Еўрапейскай платформе ўтварыліся Маскоўская, Прыкаспійская, Пячорская, Вяцка-Камская сінеклізы, на Сібірскай — Хатангская, Тунгуская, Ангара-Вілюйская. Гэты працэс быў характэрны і для іншых платформ.

Каледонскі тэктагенез, які не даў структуры краявога прагіну, лічыцца незавершаным.

Карысныя выкапні

правіць

3 каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.

Зноскі

  1. Гістарычная геалогія: вучэбны дапаможнік / В. М. Несцяровіч, Г. І. Літвінюк, Дз. А. Пацыкайлік — Мн.: БДПУ, 2003.

Літаратура

правіць