Бамбергскі вершнік

Бамбергскі вершнік (ням.: Bamberger Reiter) — конная статуя рыцара, размешчаная на адным са слупоў каля ўваходу ў Бамбергскі кафедральны сабор. Створаны ў першай палове XIII стагоддзя невядомым скульптарам, каменны вершнік з'яўляецца адным найвядомейшых твораў мастацтва эпохі Сярэднявечча[1].

Бамбергскі вершнік

Гісторыя стварэння правіць

Бамбергскі вершнік упрыгожвае паўночную калону ва ўваходу ў Георгіеўскі хор. Навукоўцы спрачаюцца пра дакладную дату стварэння скульптуры. Лічыцца, што вершніка паставілі да асвячэння сабора ў 1237 годзе. Паводле даследаванняў, за ўсю гісторыю існавання вершніка яго не перамяшчалі, змяніўся толькі знешні выгляд скульптуры.

Першапачаткова статуя была пакрыта яркай фарбай. На белым кані сядзеў горды рыцар у пунсовай мантыі з вышытымі залатымі і сярэбранымі зоркамі. Пазалочаныя шпоры ўпрыгожвалі карычневыя боты. Насычаны зялёны колер пастамента вылучаў скульптуру на фоне каменнай сцяны. Конь рыцара падкаваны — у пачатку XIII стагоддзя гэта было вялікай рэдкасцю.

Асаблівасці кампазіцыі правіць

У гісторыі мастацтва «Бамбергскі вершнік» знакаміты тым, што займае асаблівае месца ў гістарычным працэсе зараджэння і эвалюцыі кампазіцыі коннай статуі. Манумент размешчаны такім чынам, што яго добра бачна нават здалёк, з галоўнага нефа. Ён пастаўлены высока, на кансолі, і ўспрымаецца як «у поўным сэнсе слова самадастатковае цэлае», адзначала А. П. Ювалава. «Можа нават здацца, што майстар кінуў тут выклік ансамблеваму, сістэмнаму мысленню французскай готыкі». Аднак майстар паказаў сябе сапраўдным мастаком сталай нямецкай готыкі, «па-новаму звязаўшы статую з прасторай храма»[2]. Фігура каня пастаўлена строга паралельна плоскасці слупа, але фігура вершніка найбольш выразная пры поглядзе з вугла, у тры чвэрці, што даволі незвычайна для гатычнай скульптуры таго часу, як і індывідуальныя, партрэтныя рысы вершніка. Балдахін, які ахінае фігуру, можна тлумачыць у якасці Новага, Нябеснага Іерусаліма. Аднак самае важнае тут, што ў гістарычнай перспектыве кампазіцыя статуі з'яўляецца ўнікальнай пераходнай формай ад скульптуры, трывала звязанай з гатычнай архітэктурай, да свабодна пастаўленага коннага манумента на пастаменце, кампазіцыя якога ў поўнай меры сфарміруецца шмат пазней, у эпоху італьянскага Адраджэння[3].

Праблема ідэнтыфікацыі вершніка правіць

Да сённяшняга дня навукоўцы не размяшчаюць дакладнай інфармацыяй пра тое, чыя выява ўвасоблены ў скульптуры[4]. Пошук правобразу вершніка ўскладняе малая колькасць падобных твораў. Сярод іх статуі Магдэбургскага рыцара ў Магдэбургу, Алдрада да Трэсена ў Мілане і Святога Марціна ў Кафедральным саборы Сан-Марціна ў Луцы.

Існуе некалькі гіпотэз пра значэнне скульптуры. Мяркуецца, што яна можа адлюстроўваць аднаго з каралёў ці імператараў данай эпохі, біблейскіх вешчуноў, або з'яўляецца зборным вобразам рыцара Сярэднявечча.

Іштван I Святы правіць

Паводле адной з гіпотэз, правобразам Бамбергскага вершніка мог стаць першы кароль Венгерскага каралеўства Іштван I Святы, пры якім у Венгрыі было ўведзена хрысціянства. На гэта паказваюць роднасныя сувязі паміж ім і пахаваным у саборы Генрыхам II.

«Даказана, што ў Бамбергу караля Венгрыі Іштвана I шанавалі. Гэтаму не варта дзівіцца: у XIII стагоддзі Бамберг меў вялікія калоніі ў іншых частках Еўропы, што звяртала ўвагу насельніцтва далёка за межы Франконіі. З гэтага пункта гледжання, увасабленне вобраза венгерскага караля ў скульптуры вершніка здаецца верагодным.»

«Легенды таксама пацвярджаюць гэтую гіпотэзу. У паданнях XII і XIII стагоддзяў часта гаворыцца пра тактоўнасць Іштвана. Паводле адной з легенд, ён, быўшы яшчэ язычнікам, заехаў у Бамбергскі сабор на кані — гэта тлумачыць матыў скульптуры. Каня можна разглядаць як этнічны сімвал Венгрыі, які традыцыйна асацыюецца з качавымі плямёнамі гунаў.»[5]

Легенда пра прыбыццё Іштвана I на кані ўвасабляецца Антонам Краусам у манументальным жывапісе.

Філіп Швабскі правіць

У вобразе вершніка, паводле гіпотэзы, мог быць ушанаваны іншы кіраўнік, які прысвяціў сваё жыццё царкве — кароль Германіі Філіп Швабскі. Філіп быў забіты ў Бамбергу ў 1208 годзе і пахаваны ў саборы, які ў той час яшчэ знаходзіўся на стадыі будаўніцтва. Магіла Філіпа размешчана каля Георгіеўскага хора, дзе пазней на адной з калон быў размешчаны вершнік. Скульптура ўвасабляе ў сабе выяву храбрага кіраўніка, якім з'яўляўся Філіп. Многія факты пацвярджаюць, што кароль Германіі з'яўляецца правобразам Бамбергскага вершніка: яго імя (Філіп ад грэч. «той, што любіць коней»), няўчасная смерць і міралюбнасць (у 1206 годзе ён прапанаваў пераможанаму пфальцграфу Баварыі Атону VIII фон Вітэльсбаху руку сваёй дачкі).

Імператар Канстанцін правіць

Існуе гіпотэза, паводле якой вершнік паказвае рымскага імператара Канстанціна I Вялікага. Упершыню такое вытлумачэнне прапанаваў О. Гартыг, аўтар кнігі «Бамбергскі вершнік і яго загадка». У сваёй працы Гартыг даказваў, якое вялікае значэнне ў заходнееўрапейскай ідэалогіі XII—XIII стст. займала фігура імператара. У якасці аргументу, які пацвярджае гэтую тэорыю, выступае размяшчэнне статуі і позірк вершніка — ён накіраваны да заходняга хора сабора. Паводле легенд, перад тым, як прыняць хрысціянства, у Канстанціна быў відзеж: на заходнім боку небасхілу ён убачыў крыж.

Крыніцы правіць

  1. Готика. Архитектура. Скульптура. Живопись / пер. с нем./ под ред. Томана. — Кельн: Koennemann, 2000. — 521 с.
  2. Ювалова Е. П. Немецкая скульптура. 1200—1270. — М.: Искусство, 1983. — 112—113
  3. Hartig O. Der Bamberger Reiter und sein Geheimnis. — Bamberg; Leipzig, 1939; 1959. — S. 47
  4. Ювалова Е. П. Немецкая скульптура. — Москва: Искусство, 1983.
  5. Fränkischer Tag Der Status Heide für den ersten christlichen Königs Ungarns darf nur als despektierliche, moralische Note verstanden werden, da er im Alter von fünf Jahren getauft wurde. (немецкий). — 1987. — Май

Літаратура правіць

  • Маркина Л. Г., Муравлёва Е. Н., Муравлёва Н. В. BAMBERGER REITER БАМБЕРГСКИЙ ВСАДНИК // Культура Германии: лингвострановедческий словарь: свыше 5000 единиц / под общ. ред. проф. Н. В. Муравлёвой. — М.: АСТ, 2006. — С. 76—77. — 1181 с. — 3000 экз. — ISBN 5-17-038383-5.