Бараньская кульня

Бара́ньская кульня — бараньскі кульны двор, майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэрыторыі Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст.

Заснавана ў 1597 годзе князем М. Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай воласці Аршанскага павета. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясцовых сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастрычніку 1598 года працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8