«Бекеш» (польск.: Bekiesz) — балада Яна Чачота, напісаная ў ліпені 1819 года.

Бекеш
Bekiesz
Жанр балада
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання ліпень 1819
Перакладчык Кастусь Цвірка
Электронная версія

Паводле Уладзіміра Мархеля, балада «Бекеш» уяўляе сабой вершаваную прозу, у якой надзвычай размытыя галоўныя прыкметы рамантычнай балады (строгая кампазіцыя і напружанае развіццё падзей)[1].

Апісанне правіць

 
Рэшткі Бекешавай гары (справа) у канцы XIX стагоддзя

Крыніцы правіць

Даследчыкі сцвярджаюць, што гэтая балада была напісана пад уплывам аднайменнага твору Тамаша Зана[2]. Калі Зан міфалагізаваў паданне ў адпаведнасці з тагачаснай літаратурнай мовай і перанёс падзеі ў час язычніцтва, надаўшы вершаванай форме апавядальнасць, то Чачот грунтаваўся выключна на гістарычнай аснове і блізкім да яе народным паданні.

Сюжэт правіць

Балада падзяляецца на дзве часткі. Першая частка ўяўляе сабой паэтычны пераказ народнага сюжэта «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня», які апавядае пра тое, як пэўны смелы рыцар узабраўся колісь на вяршыню шкляной гары да сваёй каралеўны, але нечакана для ўсіх аказаўся тым, якога ў народзе звалі «дурнем». Ён пачаў спаборнічаць з разумнымі братамі і перамог.

Другая частка балады апавядае, як фанабэрысты ваявода, пад уплывам пачутай народнай казкі, дзеля сватання сваёй дачкі Малгосі загадвае рыцарам узбірацца на конях на вяршыню стромкай гары: хто найхутчэй узбярэцца — за таго і мусіў аддаць ваявода Малгосю. Першым на горную вяршыню ўзабраўся Бекеш, які на гэты час ужо быў заручаны і пакляўся ў вернасці сваёй каханай. За здраду перад святым шлюбам у рыцара-пераможца б’е маланка, і той падае з гары мёртвым. Асэнсаваўшы свой благі ўчынак, ваявода загадвае ўзвесці помнік маладому ваяру — Бекешаву гару. Таксама ваявода вырашае аддаць сваю дачку таму, хто найбольш выславіцца на паслугах Айчыны.

Гістарычнае тло правіць

Каспар Бекеш — камандзір венгерскай пяхоты ў войску польскага караля Стэфана Баторыя, які быў вядомы ў Рэчы Паспалітай як смелы і разумны камандзір. Ён памёр у 1580 годзе ў Гродне. Паколькі Бекеш належаў да секты антытрынітарыяў і не мог быць пахаваным на каталіцкім могільніку, Стэфан Батары загадаў перавезці яго цела ў Вільню і пахаваць на ўзвышшы, якое адсюль атрымала назву — Бекешава гара, пра якую з часам узнікла народнае паданне[3]. Як адзначае Ян Чачот у заўвагах да вершу, «Бекешава гара сярэдняя паміж Замкавай і Крыжовай».

Фальклорны матэрыял правіць

Паданне «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня» было шырока распаўсюджана ў беларускім і польскім фальклоры і сустракаецца ў некалькіх этнаграфічных зборніках[4]. Яно было добра вядомае Я. Чачоту: пра яе, пачутую ў маленстве, паэт згадвае ў прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» 1846 года:

  Не магу без нейкага мілага ўзрушэння прыгадаць забытыя паданні, якія я чуў і ведаў у дзіцячыя гады... Трэці брат, які звычайна малюецца ў казках дурнем, сядзіць у кажушку за печчу, заўсёды больш набожны за двух разумных братоў. Тыя купляюць коней, набываюць дарагія ўборы і едуць па каралеўну, што сядзіць на шкляной гарэ, а гэты, як яны паехалі, ідзе на бацькоўскую магілу, моліцца і плача, а бацька яму гаворыць: «Ідзі туды і туды і знойдзеш каня і ўсё ўбранне з медзі». Ідзе ён, свіснуў; выскаквае медны конь, на якім ён імчыцца на гару. Усіх здзіўляе гэты рыцар; ніхто не ўехаў так высока, як ён. Тое ж паўтараецца з сярэбраным канём і залатым, на якім ён ужо дасягае каралеўны[5].  

Зноскі

  1. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 184
  2. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 183
  3. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 292. — 327 с.
  4. Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 52. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  5. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 190—191. — 327 с.

Спасылкі правіць