Беларускі корпус самааховы
Беларускі корпус самааховы (БСА, БКС, Беларуская самаахова) — ваенізаванае фарміраванне на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь».
Гісторыя
правіцьБеларускі корпус самааховы пачаў стварацца летам 1942 года Беларускай народнай самапомаччу (БНС).
Пасля нарады прадстаўнікоў нямецкіх акупацыйных улад 1.7.1942 быў выдадзены загад генеральнага камісара Беларусі аб стварэнні ў поўнай згодзе з БНС «самааховы беларускага насельніцтва» як дапаможнай арганізацыі для нямецкай паліцыі. Перад Беларускай самааховай ставілася задача «дапамагаць нямецкай і мясцовай паліцыі ў барацьбе супраць бальшавікоў і сабатажнікаў, забяспечваць спакой на Беларусі». Зброя і амуніцыя для БКС павінны былі пастаўляцца нямецкай паліцыяй.
Галоўным камісарам Беларускай самааховы стаў Іван Ермачэнка, які таксама ўзначальваў і БНС. Пры галоўным каменданце быў утвораны штаб БСА.
Стварэнне БСА суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Падкрэслівалася, што БСА знішчыць партызаншчыну і стане зародкам беларускага войска на будучыню.
З пачатку жніўня 1942 ў Менску адкрыліся 3-тыднёвыя афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф. Кушаль), на якіх прайшлі падрыхтоўку каля 260 чал. Усяго было створана 20 батальёнаў і некалькі мяшаных адзінак БСА, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з галоўных прычын гэтага была ў тым, што для БСА не ўдалося атрымаць неабходную колькасць зброі.
У красавіку 1943 г. начальнік паліцыі парадку Беларусі палкоўнік Клепш адзначаў, што «спроба стварыць самаахову з беларусаў-добраахвотнікаў правалілася з некалькіх прычын: па-першае, нягледзячы на шматлікія спробы, ад вермахта не ўдалося атрымаць неабходную колькасць зброі; па-другое, бяззбройныя самаахоўцы і іх сем’і пастаянна тэрарызаваліся з боку партызан, як толькі стала вядома пра стварэнне самааховы; па-трэцяе, гэтыя людзі, за рэдкім выключэннем, былі ненадзейнымі, таму што лёгка паддаваліся варожай прапагандзе і сімпатызавалі партызанам. Мелі месца выпадкі, калі буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі і аўтаматычнай зброяй, замест аказання супраціўлення пераходзілі на бок бандытаў. Да таго ж праведзеная згодна з заданнем Беларускай народнай самапомачы мабілізацыя людзей у беларускую самаахову была ажыццёўлена ў духу, не адпаведным умовам, і, урэшце, была даручана жандармерыі»[1].
З восені 1942 адносіны гітлераўцаў да Беларускай самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула генеральнага каменданта, а штаб БСА забаронены. Вясной 1943 Беларуская самаахова была распушчана.
Зноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Романько О. В. Части охраны правопорядка: от самообороны до белорусской полиции // Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941—1945. — М.: Вече, 2008. — 432 с.: ил. — (Военные тайны XX века). — Тираж 5000 экз. — ISBN 978-5-9533-1909-6 (руск.)