Беларускі народны саюз
Беларускі народны саюз — грамадска-палітычная арганізацыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку, якая дзейнічала ў Віцебску ў 1917—1918 гг..
Аб’ядноўвала мясцовых чыноўнікаў, выкладчыкаў навучальных устаноў, прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства. Кіраўнікі саюзу (Ф. І. Грыгаровіч, Е. А. Бялыніцкі-Біруля, Г. І. Палонскі, У. К. Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад Расіі, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзеп Расійскай імперыі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сацыяльных канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму адмаўляў беларускаму народу ў праве на дзяржаўнае самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастрычніцкі пераварот 1917 г., вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю.
Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 г. паводле прыгавору Віцебскай губернскага ЧК.
Літаратура
правіць- Рудовіч, С. С. Беларускі народны саюз / С. С. Рудовіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).. — С. 450.