Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч»
Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч» — адзіны ў Беларусі тэатр, які працаваў выключна ў жанры монаспектаклю ў 1989—2023 гадах.
Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч» | |
---|---|
Заснаваны | 1989 |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Сайт | teatr-znich.by |
Асноўная рэпертуарная лінія тэатра — папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў і ўзораў сусветнай класікі. Монаспектаклі тэатра «Зніч» ідуць на беларускай мове.
Гісторыя тэатра
правіцьТэатр аднаго акцёра «Зніч» заснаваны ў 1989 годзе кіраўніцтвам Беларускай дзяржаўнай філармоніі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік-дырэктар — Галіна Аляксееўна Дзягілева. Сваю гісторыю тэатр вядзе з 10 верасня 1990 года, калі ў Сафійскім саборы Полацка падчас Скарынаўскiх чытанняў адбылася прэм’ера спектакля «Выгнанне ў рай» паводле п’есы Н. Рапы, выкананага Дзягілевай. Афіцыйна зарэгістраваны 21 лютага 1991 года. У рэпертуар уваходзяць паэтычныя, драматычныя, лялечныя прадстаўленнi, а таксама першая беларуская монаопера «Адзінокі птах» А. Залётнева (лібрэта Дзягілевай)[1], ладзяцца абанементныя спектаклі-сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, бардамі і артыстамі.
Тэатр не меў уласнай сцэны і працаваў на розных пляцоўках: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача, цэнтры «Каляндар», ІНВАЦэнтры. З 1995 года ажыццяўляў пастаноўкі ў Дольнай зале Касцёла Святога Сымона і Святой Алены, у кастрычніку 1999 года пры падтрымцы пробашча ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка «Зніч» адкрыў у ім сваю тэатральную залу.
Тэатр «Зніч» прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, ЗША і неаднаразова станавіўся прызёрам і лаўрэатам шматлікіх тэатральных фестываляў: «Студыйныя каляды» (Мінск, 1989); «У пачатку было слова…» (Перм, 1992), Міжнародны фестываль монаспектакляў «Я» (Мінск, 1993, 1996, 1998, 2004; Маладзечна, 2005); «Відлунне» (Кіеў, 2002), «Старая Руса» (Старая Руса, 2002); Міжнародны фестываль монаспектакляў «Адзін і ўсе» (Валгаград, 2004, 2007); Міжнародны тэатральны форум «Залаты Віцязь» (Мінск,2005; Масква, 2008); XIV Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» (17-24 лістапада 2007); Міжнародны фестываль «Марыя» (Кіеў, 2006, 2008, 2009, 2010, 2011); Міжнародны фестываль антычнага мастацтва «Баспорскія агоны» (Аўтаномная Рэспубліка Крым, 2007, 2008, 2009); Фестываль «МіМоКі» (Познань); Міжнародны фестываль «Белая Вежа» (Брэст, 2011, 2012).
У верасні 2022 года ўлады закрылі Чырвоным касцёл. З таго часу спэктакляў больш не праводзілася. У лютым 2023 года Галіну Дзягілеву адправілі на пенсію, пасля чаго калектыў спыніў існаванне [2].
Назва
правіць«Зніч» — даўняя назва свяшчэннага агню. Для тэатра «Зніч» — гэта вобраз, нязгасны агонь мастацтва, «святло» лепшых узораў беларускай літаратуры і міравой класікі. Менавіта яны з’яўляюцца вытокам натхнення для стваральнікаў спектакляў тэатра.
Кіраўніцтва
правіцьГаліна Аляксееўна Дзягілева, заснавальнік і дырэктар — мастацкі кіраўнік (да 2023).
Акцёры тэатра
правіцьСпектаклі выконвалі вядомыя мінскія артысты:
- Галіна Дзягілева — лаўрэат міжнародных фестываляў
- Алесь Кашпераў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
- Ларыса Горцава — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
- Леанід Сідарэвіч — вядучы майстар сцэны
- Раіса Астрадзінава — вядучы майстар сцэны
- Вячаслаў Шакалідо — вядучы майстар сцэны
- Вячаслаў Статкевіч — спявак
Зноскі
- ↑ Маналог у чвэрць стагоддзя
- ↑ Руководительницу отправили на пенсию, спектаклей нет с осени. В Минске может исчезнуть еще один театр (бел.) . Zerkalo (7 лютага 2023). Праверана 27 верасня 2024.
Літаратура
правіць- «Тэатральная Беларусь». — Мн., 2003.
- «Современная Беларусь» — Т.3. «Культура и искусство». — Мн., 2007.
- «Культура Беларуси». — Мн., 2010.
Спасылкі
правіць- Вэб-старонка тэатра(недаступная спасылка) (бел.) (руск.)
- Пра тэатр
- Афіша тэатра і квіткі online
- Відэаролік пра тэатр
- Почему артист выходит из роли