Галіна Аляксееўна Дзягілева

беларуская актрыса, рэжысёр, заснавальніца Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зніч»

Галіна Аляксееўна Дзягілева (23 красавіка 1947(1947-04-23), Баравая, Мінская вобласць12 верасня 2024(2024-09-12)) — беларуская актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зніч».

Галіна Аляксееўна Дзягілева
Дата нараджэння 23 красавіка 1947(1947-04-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 верасня 2024(2024-09-12) (77 гадоў)
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія актрыса, тэатральны рэжысёр
Тэатр
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Нарадзілася 23 красавіка 1947 года ў ваенным гарадку Баравая пад Мінскам[1]. Яе дзіцячыя гады прайшлі на Чукотцы, куды ў сярэдзіне 1950-х гадоў пераехала сям’я.

У пачатку 1960-х гадоў Галіна вярнулася ў Мінск, а ў 1964 годзе паступіла на вучобу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс В. П. Рэдліх і А. І. Бутакова)[2]. Пасля яго заканчэння атрымала накіраванне ў тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску, дзе і развівалася яе акцёрская кар’ера з 1968 па 1985 год. За сямнаццаць гадоў працы ў тэатры актрыса сыграла больш за 50 роляў класічнага і сучаснага рэпертуару, стварыла цэлую галерэю яркіх характараў і вобразаў. Сярод іх Лада («Снежныя зімы» Івана Шамякіна), Караліна («Кастусь Каліноўскі» Уладзіміра Караткевіча), Святлана («Таблетку пад язык» Андрэя Макаёнка) і Наташа («Прыніжаныя і зняважаныя») паводле Ф. М. Дастаеўскага), Жэнька Камялькова («А зоры тут ціхія…» паводле Барыса Васільева), Элена («Раба свайго каханага» Лопэ дэ Вэга), Гера («Шмат шуму з нічога» Уільяма Шэкспіра) і іншыя.[3]

У 1985 годзе пераехала ў Мінск па працоўным пераводзе Міністэрства культуры ў эксперыментальную трупу Маладзёжнага тэатра БССР, які толькі распачынаў сваю дзейнасць.[4] У 1986 годзе яна ўладкавалася ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілармоніі, была аўтарам і выканаўцай літаратурных кампазіцый.

У 1989 годзе разам з рэжысёрам Віргініяй Тарнаўскайтэ падрыхтавала монаспектакль «Выгнанне ў рай» па п’есе Н. Рапы. Пастаноўкай гэтага спектакля ў Сафійскім саборы Полацка ў 1990 годзе адкрыўся Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч», заснавальнікам, дырэктарам, мастацкім кіраўніком і актрысай якога з’яўлялася Галіна Дзягілева. З тэатрам супрацоўнічалі вядомыя майстры беларускай сцэны, рэжысёры, сцэнографы, кампазітары. Асноўная мэта тэатра — папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў. У яго рэпертуары больш за 20 монаспектакляў класічнага і сучаснага напрамкаў, якія грунтуюцца на творах сусветнай і беларускай літаратурнай класікі. Сама Галіна Аляксееўна — аўтар, пастаноўшчык і выканаўца спектакляў «Мне сняцца сны аб Беларусі» паводле Янкі Купалы, «Выгнанне ў рай» Н. Рапы, «Любіць…» паводле Анатоля Вярцінскага, «Пяюць начлежнікі» паводле Змітрака Бядулі, «Абранніца» паводле Аляксандра Пушкіна ў перакладзе Рыгора Барадуліна, «Пачакай, сонца!» паводле Ліны Кастэнкі і Ніны Мацяш, «Белы сон», «Дарожны рэквіем» і многіх іншых.

Галіна Дзягілева з’яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам монаспектакляў: «У краіне светлай, дзе я ўміраю…» паводле Максіма Багдановіча, «Не праклінай, што люблю…» паводле рамана «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча, «Прыпадаю да нябёс» паводле Яўгеніі Янішчыц, «Красёнцы жыцця» паводле паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа, «Мой маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ў перакладзе Ніны Мацяш. А таксама аўтарам лібрэта паводле твораў Адама Міцкевіча, Яна Чачота і Рыгора Барадуліна да першай нацыянальнай монаоперы «Адзінокі птах» Алега Залётнева.

Прымала ўдзел у міжнародных фестывалях монаспектакляў «Марыя» ў Кіеве, «Адзін і ўсе» ў Валгаградзе, міжнародным фестывалі «Залаты Віцязь» у Маскве, дзе станавілася лаўрэатам і атрымоўвала ўзнагароды.

Прадстаўляла айчыннае мастацтва на міжнародным фестывалі ў Познані (Польшча, 2009). У 2008—2010 гадах была сябрам журы на Крымскім міжнародным фестывалі «Баспорскія агні», дзе была двойчы ўзнагароджана дыпломам лаўрэата. На міжнародным фестывалі «Белая вежа» ў Брэсце ўзнагароджана дыпломам лаўрэата «За лепшую жаночую ролю» (2011).[5]

У 2012—2016 гадах удзельнічала ў міжнародным тэатральным фестывалі жаночай драмы «Марыя», а таксама з’яўлялася сябрам журы (2012, 2013, 2015) і старшынёй журы фестывалю ў 2016 годзе.

Галіна Дзягілева з’яўлялася сябрам мастацкага савета Белдзяржфілармоніі, а таксама сябрам праўлення Беларускага фонду культуры.

Тэатр «Зніч», якім яна кіравала, заслужана карыстаўся любоўю і павагай гледачоў, паспяхова выступаў на беларускіх і замежных фестывалях тэатральнага і музычнага мастацтва.

У лютым 2023 года сышла на пенсію[6].

Памерла 12 верасня 2024 года [7].

Узнагароды

правіць

Зноскі

правіць
  1. Уникальный театр «Знiч» умеет искать своего зрителя (руск.). СБ: Беларусь сегодня (8 красавіка 2015). Праверана 25 студзеня 2024.
  2. Каралева тэатра . НАША СЛОВА № 16 (1323) (19 красавіка 2017). Праверана 25 студзеня 2024.
  3. Дягилевские сезоны (руск.). Беларускі саюз тэатральных дзеячаў (27 мая, 2022). Праверана 25 студзеня 2024.
  4. Галіна ДЗЯГІЛЕВА: "Трэба любіць Беларусь моцна-моцна..." . «Настаўніцкая газетa». Праверана 25 студзеня 2024.
  5. Птушкі і гнёзды. Вынікі ХVІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа» (недаступная спасылка). Газета «Культура» (24 верасня 2011). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2024. Праверана 25 студзеня 2024.
  6. 37 год служэння мастацтву ў філармоніі! . Белдзяржфілармонія (3 лютага 2023). Праверана 25 студзеня 2024.
  7. Умерла известная белорусская актриса Галина Дягилева (12 верасня 2024). Праверана 12 верасня 2024.
  8. Там, где солнце ждет софитов (руск.). СБ: Беларусь сегодня (28 красавіка 2007). Праверана 25 студзеня 2024.

Спасылкі

правіць