Беняш Будны (другая палова XVI ст., в. Лоск? — першая палова XVII ст[1].) — пісьменнік, перакладчык i каментатар твораў антычных аўтараў. Прагрэсіўны дзеяч беларускай культуры 16-17 стагоддзяў[2].

Беняш Будны
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння XVI стагоддзе
Месца нараджэння в. Лоск?
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык

Біяграфічныя звесткі правіць

Родам з Лоска ці Віленшчыны[3]. Верагодна, пачатковую адукацыю атрымаў у адной з пратэстанцкіх навучальных устаноў. Мажліва, у Лоскай арыянскай школе[4].Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ўніверсітэт, дзе ў 1588 запісаўся як «Веніямін Будны, родам з Літвы»[5]. Жыў пры двары беларускіх магнатаў — Я. Кішкі, новагародскага ваяводы Т. С. Тышкевіча i яго пляменніка А. Храптовіча. 3 1594 служыў эканомам у М. К. Радзівіла «Сіроткі»[2]. Адначасова займаўся пісьменніцкай i перакладніцкай дзейнасцю.

Творчасць правіць

Пераклаў на польскую мову тры кнігі Цыцэрона «Пра старасць» і напісаў да яго прадмову (1595, 2 выд. 1603) i «Пра сяброўства» (1603, 2 выд. 1606) і «Пра абавязкі» (1606)[6], у якіх змешчаны лацінскія і польскія эпіграмы самога перакладчыка. У якасці дэдыкацыі да першай кнігі змясціў верш на польскай мове «Аўтар перакладу гэтых кніг да Сарматыі».

У 1599 у Вільні ў друкарні Яна Карцана выйшла фундаментальная праца Б. Буднага «Кароткія i ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца „Апафегматы“» — філасофска-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця антычных філосафаў i палітычных дзеячаў з твораў Дыягена Лаэрцкага, Плутарха, Цыцэрона i інш. Вытрымала адзінаццаць выданняў[2].

Яго пераклад твора «Пра старасць» пачынаўся вершам «Зварот перакладчыка да Сармацыі». Звяртаючыся да чытача, паэт даваў абяцанне накіраваць усю сілу свайго таленту на служэнне Айчыне. У іншым творы — «Апафегматы» — Б. Будны ў звароце да чытача разважаў пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека. Паэт перакананы, што высакароднасць, дабрыня і павага адзін да аднаго, нястомная барацьба са злом, сцверджанне ісціны заслугоўваюць узнагароды і ўсялякіх заахвочванняў; толькі яны маюць сэнс і права на існаванне.[7]

Характар пісьменніцкай дзейнасці Б. Буднага, яго творы сведчаць пра секулярызацыю грамадскага жыцця i культуры Беларусі канца 16—пач. 17 ст., усё большую цікавасць да свецкай думкі, антычнай філасофіі. Асаблівасць аўтарскай інтэрпрэтацыі — тэндэнцыя да хрысціянізацыі антычнай этыкі[2], збліжэння яе з евангельскім маральным вучэннем. Б. Будны прыйшоў да высновы, што, каб весці дабрачыннае жыццё, неабавязкова быць хрысціянінам, але ж неабходна «валодаць светам натуральнага розуму»; лічыў, што чалавек павінен жыць у адпаведнасці са сваёй прыродай — разумна i маральна.

Зрабіў спробу асэнсаваць грамадскі інстытут мецэнацтва. Ён пісаў, што быць апекуном вучоных і пісьменнікаў — вялікі гонар, i толькі дабрачынны, адукаваны чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну, можа заслужыць такі гонар.

Зноскі

  1. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 57. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. а б в г Будный Беняш // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.
  3. БУДНЫ Беняш. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 19 ліпеня 2012.
  4. В.С. Болбас, І.С. Сычова Папулярызатар этыка-педагагічных ідэй антычнасці на Беларусі // Адукацыі і выхаванне. — 2002. — № 4. — С. 54—61. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  5. Будны Беняш // Энцыклапедычны даведнік. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. — Мн., 1995. — С. 186—188
  6. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 823
  7. Старажытная беларуская літаратура…

Літаратура правіць

  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2007. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
  • Аннушкин А. На заре книгопечатания в Литве. — Вильнюс, 1970.
  • Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). — Мн., 1977.

Спасылкі правіць