Брыгада КАП «Валынь»

Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Валы́нь» (польск.: Brygada KOP «Wołyń») — першая брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1924—1937 гадах на тэрыторыі Валынскага ваяводства.

Брыгада Корпуса аховы памежжа «Валынь»
Brygada KOP «Wołyń»
Цёмна-сінім колерам вылучана Валынскае ваяводства, мяжу якога ахоўвала брыгада
Гады існавання верасень 1924 — 1937
Краіна  Польшча
Тып брыгада
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Дыслакацыя Здалбунаў
Луцк
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Станіслаў Паўрозніцкі

Гісторыя правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана першая памежная брыгада[1].

У склад брыгады ўвайшлі 2-і, 3-і і 4-ы памежныя батальёны, а таксама 3-і, 4-ы і 5-ы кавалерыйскія эскадроны[2]. 27 кастрычніка 1924 года падраздзяленні брыгады былі перагрупаваны на мяжы з Савецкім Саюзам і заступілі на службу на прасторах Валынскага ваяводства, дзе распачалі ахову дзяржаўнай мяжы шырынёй у 280 км і глыбінёй у 30 км. Камандаванне было размешчана ў прыватным доме ў Здалбунаве, але ў 1931 г. было перамешчана ў Луцк на вуліцу Сянкевіча, 23[3].

У снежні 1924 года ў межах брыгады пачалося фармаванне 11-га памежнага батальёна і 11-га кавалерыйскага эскадрона[4]. У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана ў Мізачы пры 11-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа[5].

У 1927 годзе другі памежны батальён і пяты кавалерыйскі эскадрон былі падпарадкаваны камандзіру 5-й брыгады аховы памежжа, а чацвёрты кавалерыйскі эскадрон — 2-й памежнай брыгадзе, у той час як у самім падраздзялнні быў сфармаваны 26-ы рэзервовы батальён.

Па звестках 1928 года, брыгада ахоўвала адрэзак мяжы даўжынёй у 259.030 км. З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пры трэцім памежным батальёне ў Гошчы, а ў 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах[6]. Яны дзяліліся на 4 часткі і называліся паводле адзінак іх размяшчэння[7]. У брыгадзе «Валынь» была ўтворана рота трэцяга тыпу, якая ўтрымлівала два ўзводы па тры дружыны і гаспадарчую дружыну. Штат роты складаўся з трох афіцэраў, дзевяці унтэр-афіцэраў і васьмідзесяці шараговых жаўнераў[8].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго дадзеная брыгада была расфармавана[9]. Адзінкі, якія ўваходзілі ў яе склад, сталі падпарадкоўвацца створанаму палку «Здалбунаў», а школьны кавалерыйскі эскадрон «Няміркаў» увайшоў у склад аднайменнага кавалерыйскага дывізіёна.

Структура правіць

Арганізацыя ў 1924 годзе правіць

  • Камандаванне брыгадай
  • 2-і памежны батальён
  • 3-і памежны батальён
  • 4-ы памежны батальён
  • 11-ы памежны батальён
  • 3-і кавалерыйскі эскадрон
  • 4-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 5-ы кавалерыйскі эскадрон
  • 11-ы кавалерыйскі эскадрон

Арганізацыя ў 1927 годзе правіць

  • Камандаванне брыгадай
  • 2-і памежны батальён
  • 3-і памежны батальён
  • 4-ы памежны батальён
  • 11-ы памежны батальён
  • 26-ы рэзервовы батальён
  • 3-і кавалерыйскі эскадрон
  • 11-ы кавалерыйскі эскадрон
  • Школа ўнтэр-афіцэраў пяхоты
  • Школа ўнтэр-афіцэраў кавалерыі
  • Школа ўнтэр-афіцэраў брыгады[10]
  • Паліцэйскі ўчастак

Арганізацыя ў 1931 годзе правіць

  • Камандаванне брыгадай
  • 3-і памежны батальён «Гошча»
  • 4-ы памежны батальён «Дзедзяркалы»
  • 11-ы памежны батальён «Астрог»
  • 26-ы рэзервовы батальён «Жыцін»
  • 3-і кавалерыйскі эскадрон «Дзедзяркалы»
  • 11-ы кавалерыйскі эскадрон «Мізач»
  • Школьны эскадрон кавалерыі «Няміраў»
  • Школа ўнтэр-афіцэраў кавалерыі
  • Рота сапёраў «Гошча»[11]

Кіраўніцтва правіць

  • 10 кастрычніка 1924 — 8 чэрвеня 1925 — палкоўнік пяхоты Станіслаў Паўрозніцкі
  • 9 чэрвеня 1925 — 24 лістапада 1925 — палкоўнік пяхоты Міхал Рэмізоўскі
  • 24 лістапада 1925 — 1926 — палкоўнік Юзаф Альшына-Вільчынскі
  • 1927 — 18 ліпеня 1927 — палкоўнік Бенедыкт Майкоўскі
  • 18 жніўня 1927 — 7 жніўня 1929 — палкоўнік пяхоты Эдвард Новак
  • 8 жніўня 1929 — 2 красавіка 1932 — палкоўнік пяхоты Вінцэнт Новачынскі
  • 4 красавіка 1932 — 15 сакавіка 1937 — палкоўнік Мікалай Фрэуд-Красіцкі
  • 16 сакавіка 1937 — ? — палкоўнік Баляслаў Астроўскі, камандзір палка «Здалбунаў»[1]

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Здзіслаў Юзаф Кутар. Saperzy II Rzeczypospolitej. — Варшава: Pat, 2005. — ISBN 83-921881-3-6.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.