Бургіньёт, бурганет (ад фр.: bourguignotte бургундскі шлем), таксама штурмгаб (ням.: Sturmhaube) або штурмак (спольшчанае szturmak), тып еўрапейскага лёгкага шлему перыяду 16 — 17 ст. У залежнасці ад канструкцыйнага варыянту, мог быць адкрытым або закрытым, і ўжываўся як пяхотай, так і кавалерыяй. Выцясніў з ролі масавага тып салада.

Адкрытая, «класічная» адмена перыяду сярэдзіны 16 ст.
Закрытая, пазнейшая адмена перыяду 17 ст.

Часам тып называўся «бургундскі салад». Некаторыя цалкам закрытыя варыянты 17 ст. (савойскія, саваяры) мелі ў Германіі і Аўстрыі назву «галава смерці» (ням.: Todenkopf).

Асобна ад штурмгаба выдзяляецца канструкцыйна блізкі цэнтральна- і ўсходнееўрапейскі шышак перыяду Рэнесансу, які ў заходняй гістарыяграфіі залічваецца ў бургіньёты і вядомы таксама як венгерскі шлем або папенгеймер.

Развіццё тыпу бургіньёта выводзіцца ад касак швейцарскай пяхоты пач. 16 ст., перанятых войскам Бургундыі (адсюль назва). Вялікі ўдзел у развіцці канструкцыі ўзялі і збройнікі Італіі 16 ст. Мяркуецца, што на пачатковую форму і канструкцыю паўплывалі антычныя ўзоры шлемаў. Да апошніх масава ўжываных бургіньётаў залічваюць шлемы кавалерыі Кромвеля (сяр. 17 ст.; Гл. таксама: шышак).

На землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай масава ўжываліся ва ўсіх асноўных варыянтах, пад назвамі штурмгаб або штурмак, з сяр. 16 ст.

Наогул, такі шлем быў большы аб’ёмам і масай, а таксама даражэйшы за сучасныя яму марыён і кабасет. Форма звона пераважна паўсферычная, часам стажковая (агруглая або шматгранная), пераважна з высокім грэбенем, амаль заўсёды з развітым брылём-казырком, з напатылічнікам, са здыманымі або паваротнымі «шчокамі».

Шлем у многіх варыянтах меў дадатковую ахову твару ў выглядзе рашоткі з вертыкальных прутоў, умацаваных на пярэднім краі звону, або далучаных да падбародніка-барта, або асобнага барта, або заслоны-буфа, якая, у адрозн. ад заслон шлемаў-прылбіц, падымалася ў баявое становішча. Наяўнасць дадатковай аховы твару і абойчыка звычайна характарызавала даражэйшыя варыянты.

Яшчэ ў сяр. 16 ст. з’явіліся закрытыя варыянты, супольныя з аховай шыі-абойчыкам (з заслонай або без яе), а пад канец 16 ст. з’явіліся варыянты («савойскія») з моцна разбудаванымі абойчыкам і бартам, і суцэльнай заслонай са зрокавымі і дыхальнымі адтулінамі. Такі шлем нагадваў жалезны чэрап (адсюль назва «галава смерці»).

Нягледзячы на класіфікацыю як лёгкага, такі шлем у позніх закрытых варыянтах мог важыць да 4,5 кг.

Літаратура

правіць
  • Chisholm, Hugh, рэд. (1911). "Helmet" . Encyclopædia Britannica(англ.) (11th ed.). Cambridge University Press.
  • Chisholm, Hugh, рэд. (1911). "Burgonet" . Encyclopædia Britannica(англ.) (11th ed.). Cambridge University Press.
  • Бохан Ю. Зброя Вялікага княства Літоўскага 1385 — 1576 / Ю. Бохан. — Мн.: Беларусь, 2003. — 88 с.:іл. ISBN 985-01-0469-4.

Спасылкі

правіць