Вайш’я (санскр.: वैश्यः «адданы») — адна з 4 асноўных варн у індуізме. Уяўляе сабою групу каст, традыцыйна засяроджаных вакол рамяства, гандлю, дробнага землеўладання.

Вайш’я з касты гандляроў банія (Гоа, 1800 г.)

У індуісцкай міфалогіі з’яўленне вайш’яў звязана з узнікненнем свету. Паводле гімна X.XC Рыгведы[1], пры ахвярапрынашэнні першачалавека Пурушы багі зрабілі з яго вуснаў брахманаў, з рук — раджаў, са сцёгнаў — вайш’яў, з ног — шудраў. Вайш’яў прылічаюць да двіджа (літаральна «двойчы народжаных»)[2], паколькі яны абавязаны прайсці абрад ініцыяцыі пры пераходзе ў дарослы стан. Як рэлігійная варна вайш’і атаясняліся з жоўтым колерам.

Большасць вайш’яў жыве на поўначы Індыі. Адна з найбуйнейшых груп каст — гандляры банія. Лічыцца, што гэта група была сфарміравана з 18 родаў каля 5000 гадоў таму[3]. У нашы дні іх агульная колькасць у Паўднёвай Азіі набліжаецца да 29 млн чалавек[4]. У сваю чаргу, банія падзяляюцца на 3 эндагамныя падкасты: біса, даса і панча. Кожная каста мае свае рэлігійныя прадпісанні і абавязкі. Іншыя касты вайш’яў таксама маюць складаную ўнутраную структуру.

З касты модх банія, што адносіцца да варны вайш’яў, паходзіў Махатма Гандзі.

Зноскі

Спасылкі

правіць