Ка́ста (ад парт.: casta «саслоўе», «парода») — замкнёная рэлігійная група насельніцтва. Каставы падзел грамадства найбольш характэрны для індуізму, але сустракаецца ці сустракаўся сярод прыхільнікаў зараастрызму, джайнізму, нават будызму, сярод мусульман і хрысціян Індыі. Паняцце «каста» можа ўжывацца да замкнёных груп у іншых рэлігіях і грамадствах.

Шудра з вострава Балі, 1870 г.

Тэрміналогія правіць

Тэрмін каста ў дачыненні да груп насельніцтва Індыі быў уведзены партугальцамі і ўвайшоў у еўрапейскія мовы, хаця не зусім верна адлюстроўваў сутнасць падзелу індыйскага грамадства. У Еўропе існаваў падзел на саслоўі паводле сацыяльна-прававога статусу. У Індыі ён быў першасна рэлігійным і толькі потым (і не заўсёды) сацыяльна-прававым. Тое, што партугальцы назвалі каста (літаральна «саслоўе», «парода»), самі індыйцы вызначалі як варна і джаці (або джат).

Варны правіць

Паходжанне варн звязваюць з прыходам на паўвостраў Індастан арыйцаў у 2 тысячагоддзі да н. э. Іх існаванне было адлюстравана ў ведычнай літаратуры. Рэлігійная традыцыя грунтуецца на тым, што розныя варны былі створаны з розных частак першаснага бажаства.

Вылучаюць чатыры варны:

Вышэйшая варна святароў-брахманаў была створана з вуснаў. Варна кшатрыяў, воінаў і арыстакратаў, з рук. Варна іх памагатых вайш’яў — са сцёгнаў. Ніжэйшая, але самая вялікая па колькасці варна шудраў — з ног. Першыя тры варны лічацца высакароднымі або двойчы народжанымі. Стаць прадстаўніком пэўнай варны можна толькі па нараджэнню. Але, калі весці праведны лад жыцця і мець добрую карму, то ёсць магчымасць дасягнуць ступені двойчы народжанага ў наступным жыцці.

Кожная варна мае свае правілы годных паводзін і ўжывання ежы. Найбольш строгія яны ў адносінах да вышэйшых варн, асабліва да брахманаў. Брахманы павінны прымаць толькі ежу расліннага паходжання, ім забараняецца піць бяссцёкавую ваду, есці разам з прадстаўнікамі іншых варн або тое, што прыгатавалі прадстаўнікі іншых варн.

Парыі правіць

Парыі або панчама не з’яўляюцца чальцамі якой-небудзь варны, звычайна звязаны з бруднай працай (забойства жывёлы, уборка, праца з фекаліямі, сцёкавымі водамі і г. д.). У розных рэгіёнах Індыі адносіны да парыяў вельмі розняцца, але заўжды застаюцца вельмі жорсткімі. Парыям забараняецца датыкацца да асоб з чатырох варн (у іншым выпадку гэтыя асобы павінны ачысціцца), уваходзіць у жытло прадстаўнікоў вышэйшых варн, піць ваду з агульных крыніц, сядзець разам з іншымі. У найбольш артадаксальных сем’ях вышэйшых варн нават дотык да цені парыя лічыўся нячыстым.

Паколькі іншаверцы і іншаземцы таксама не ўваходяць у сістэму варн, то разглядаюцца як парыі, хаця адносіны да іх звычайна больш лагодныя.

Джаці правіць

Кожная варна, а таксама парыі падзяляюцца на вялікае мноства джаці, якія ўзніклі значна пазней за варны (час узнікнення застаецца спрэчным). Чальцом джаці можна стаць толькі па нараджэнню. Рэлігійныя пастулаты забараняюць уступаць у шлюб з прадстаўнікамі іншых джаці, абмяжоўваюць выбар прафесій, паўсядзённыя заняткі, рэгулююць прыём ежы, наведванне храмаў, рэлігійныя рытуалы і г. д. Джаці існуюць у грамадстве згодна з пэўнай іерархіяй. Таму, напрыклад, асобы пэўных высокіх джаці з ліку парыяў рэзка адасабляюцца ад ніжэйшых джаці, хаця і тыя, і іншыя аднолькава разглядаюцца прадстаўнікамі джаці, што ўваходзяць у сістэму варн, як вельмі нізкія.

Каставая сістэма і развіццё грамадства правіць

З XIX ст. каставая сістэма разглядалася еўрапейскімі вучонымі як перашкода на шляху развіцця індыйскага грамадства або як спроба захавання этнічнай і расавай чысціні. Аднак падобныя тэарэтычныя разважанні будаваліся на няведанні сапраўднай сітуацыі і гістарычнага кантэксту функцыянавання каставай сістэмы. На самай справе рэлігійныя загады не заўсёды выконваліся. Так, прадстаўнікі варн двойчы народжаных маглі згубіць свой эканамічны або палітычны статус, не знайсці годную для іх працу і заняцца справамі, характэрнымі для ніжэйшых варн: брахманы — займацца сельскай гаспадаркай або гандлем, кшатрыі — дапамагаць прадпрымальнікам, працаваць кухарамі, лавіць рыбу і г. д. Часам гэта здаралася з цэлымі джаці. Напрыклад, джаці Каяста на поўначы Індыі сфарміравалася з кшатрыяў, але яе прадстаўнікі звычайна працавалі прыдворнымі пісарамі і рахаўнікамі. З цягам часу яны пачалі разглядацца як роўныя па статусу з вайш’ямі, хаця самі Каяста працягваюць лічыць сябе кшатрыямі.

Магло адбывацца наадварот. Чальцы ніжэйшых пластоў грамадства выбіваліся наверх. Ужо ў старажытнасці былі вядомыя выпадкі, калі выхадцы з сем’яў манархаў-кшатрыяў станавіліся брахманамі. Джаці маратхаў сфарміравалася з прадстаўнікоў розных каст, але большасць паходзіла ад шудраў. Практыка палігініі ў Індыі таксама суправаджалася шлюбамі з прадстаўніцамі ніжэйшых каст. На поўдні Індыі жанчыны з сям’і Наякаў, што адносілася да варны кшатрыяў, звычайна выходзілі замуж за брахманаў. Нарэшце, джаці падзяляліся на мноства розных абшчын, асабліва калі існавалі ў розных кутах краіны або займаліся рознай працай. Паступова такія абшчыны маглі стварыць самастойную джаці.

Строгасць каставай сістэмы спрыяла пашырэнню ў Індыі рэлігій, якія яе адвяргалі. Характэрна, што іслам у сярэднявеччы прымалі ў першую чаргу даліты і іншыя прадстаўнікі ніжэйшых каст. У XX ст. на поўдні Індыі і поўначы Шры-Ланкі, дзе чальцы ніжэйшых каст складаюць большасць насельніцтва, гэта прывяло да падтрымкі радыкальных рэфарматараў, узнікнення канфліктаў з прадстаўнікамі іншых джаці і рэлігійных груп.

У сучаснай Індыі з пункту гледжання права грамадзяне з розных каст маюць роўныя правы. Таму можна сустрэць выпадкі, калі парыі займаюць высокія дзяржаўныя пасты, вядуць паспяховы бізнэс, а брахманы вымушаны карміцца жабрацтвам. Але ў паўсядзённым жыцці каставая няроўнасць усё яшчэ ўплывае на сацыяльную.

Перажыткі каставай сістэмы захаваліся ў грамадствах іншых краін — у Бангладэш, Пакістане, на востраве Балі і г. д.

Спасылкі правіць