Палігінія
Палігінія (грэч. πολυ «шмат», γυνή «жонка») — від палігаміі, пры якой адзін мужчына мае адначасова некалькіх жонак.
Распаўсюджанасць
правіцьПалігінія — самая распаўсюджаная форма палігаміі, гістарычна вядомая ва ўсім свеце. У славян практыкавалася да прыняцця хрысціянства. Так, Рагнеда была толькі адной з пяці жонак Уладзіміра. Акрамя таго, у яго мелася 800 наложніц[1]. Хрысціянства афіцыйна ўсталявала манагамію, але сярод хрысціян палігінію дазвалялі мармоны, некаторыя групы анабаптыстаў, гусітаў і інш[2].
Шырокае распаўсюджанне дазволу на палігінію ў традыцыйных супольнасцях не азначала, што ўсе мужчыны мелі магчымасць валодаць некалькімі жонкамі і, тым больш, наложніцамі. Гэта не магчыма з дэмаграфічнага пункту гледжання, хаця ў адзінкавых народаў прадпрымаліся пэўныя захады для пашырэння такой практыкі. Так, у аўстралійскім абарыгенным племені ціві больш сталыя мужчыны маглі мець ад адной да двух дзесяткаў жонак, у той час як астатнія — толькі адну, а маладзейшыя мусілі чакаць да сарака гадоў, каб мець магчымасць ажаніцца. Мужчыны-ціві не абавязаны былі да шлюбу бараніцца ад палавых сувязяў, але секс з жанчынамі не ўхваляўся.[3]
Часцей за ўсё, палігінічны шлюб патрабаваў ад мужа клопат аб жонках, магчымасць абараняць і забяспечваць іх саміх і дзяцей матэрыяльна. Таму палігінія цесна звязана з патрыярхальным ладам жыцця, дзе пераважна ёю карысталіся мужчыны з высокім статусам. Больш за тое, мнагажонства часам было неабходным для яго пацверджання. У сваю чаргу, жонкі патрабавалі выканання мужам сексуальных абавязкаў. Таму большасць мужчынскага насельніцтва была вымушана браць манагамныя шлюбы.
У сучаснасці палігінія практыкуецца мусульманамі, прадстаўнікамі традыцыйных супольнасцяў і культаў. Мнагажонцы ёсць нават сярод глаў дзяржаў (Бахрэйн, Саудаўская Аравія, Свазіленд, Бутан і інш.). Але нават у краінах, дзе палігінія дазволена, яна саступае месца манагаміі ў сувязі з разбурэннем традыцый патрыярхату. Беларускае заканадаўства прызнае шлюб толькі з адной жонкай, аднак палігінія можа практыкавацца неафіцыйна.
Формы палігініі
правіцьУ большасці выпадкаў, калі палігінія лічыцца ў грамадстве нормай, мужчына можа мець сям’ю гарэмнага тыпу, дзе ўсе жанчыны-партнёркі маюць афіцыйны статус жонак. Але пры наяўнасці абмежаванняў частка партнёрак з’яўляецца наложніцамі, якія атрымоўваюць ніжэйшы статус. Ён звычайна распаўсюджваецца і на іх дзяцей. Так, біблейскі патрыярх Аўрам набыў наложніцу Агар, бо яго афіцыйная жонка Сара доўгі час не магла нарадзіць дзіця. Калі Сара нарадзіла Ісака, то Агар і яе сын ад Аўрама, Ізмаіл, былі выгнаныя[4].
Каран загадвае мусульманам мець не больш за 4 жонкі, таму вялікія гарэмы мусульманскіх кіраўнікоў складаліся пераважна з жанчын з дастаткова нізкім статусам і абмежаванымі правамі ў дачыненні да мужа і яго спадчыны[5]. Манархі Эфіопіі пазбягалі хрысціянскі звычай манагаміі падобным чынам. Пры пэўных абставінах муж мог пажадаць наблізіць да сябе наложніцу. У такім разе ён пазбаўляўся ад адной з афіцыйных жонак. У тым ліку, у выніку разводу.
Часта мужчыны, якія па нейкіх прычынах вымушаны мяняць месца жыхарства, заключаюць новы шлюб, але стары не скасоўваюць.
Даволі рэдкая форма — сарарат або сястрынская палігінія, калі мужчына бярэ шлюб з адной жанчынай, а потым атрымоўвае права на шлюб з яе малодшымі сёстрамі, звычайна без дадатковых цырымоній і даплат. У зусім рэдкіх выпадках у сараральных сем’ях магло быць адразу некалькі жонак і мужоў.[6]
Прадухіленне канфліктаў
правіцьУ многіх супольнасцях з дазволам на палігінію вялікай праблемай лічацца рэўнасць і міжасобаснае суперніцтва, якое ўзнікае паміж жонкамі аднаго мужа. Канфліктаў пазбягаюць, надаючы жонкам пэўны іерархічны статус. Самае важнае месца ў сям’і пасля мужа дастаецца «старэйшай» жонцы, а ніжэйшае — «малодшай». «Старэйшая» набывае свой высокі статус дзякуючы таму, што першая ўступіла ў шлюб, мела да замужжа высокае становішча або была прызначана мужам.
Другі спосаб пазбавіцца ад канфліктаў паміж жонкамі — падзяліць паміж імі гаспадарку, маёмасць і спадчыну. Трэці — раздзяліць жонак фізічна, пасяліць іх у розных месцах.
У сем’ях гарэмнага тыпу нярэдкія канфлікты паміж дзецьмі з-за права на спадчыну. Старэйшы сын, які атрымоўвае большасць ці нават усю маёмасць бацькі, вызначаецца паводле традыцыі. Ім можа быць сапраўдны старэйшы сын, старэйшы сын «старэйшай» жонкі або нашчадак, прызначаны самім бацькам. Падзел маёмасці паміж жонкамі пры жыцці мужа часам загадзя гарантуе іх дзецям спадчыну. У гэтым разе, рашэнне залежыць ад маці. У мінулым, у некаторых краінах Усходняй Азіі дзеці аднаго бацькі лічылі ўсіх яго жонак сваімі маці. Такім чынам, спадчына размяркоўвалася па праву сапраўднага старшынства.
Зноскі
- ↑ Аповесць мінулых часоў
- ↑ Хрысціянская палігінія
- ↑ Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. — Мн.: Тэхналогія, 1995. С. 216—217
- ↑ Тлумачэнне парабалы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 18 мая 2012.
- ↑ Асманскі гарэм
- ↑ Сараральная палігінія