Валерый Сядоў (5 сакавіка 1952, Грузія — 10 сакавіка 2016, Варшава, Польшча) — апошні палітвязень у гісторыі БССР, сябра БНФ «Адраджэньне», адзін з заснавальнікаў «Венскага камітэта».

Валерый Сядоў
Дата нараджэння 5 сакавіка 1952(1952-03-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 сакавіка 2016(2016-03-10) (64 гады)
Месца смерці
Партыя
Род дзейнасці палітык, палітычны вязень
Жонка Ірына Логінава
Дзеці сын Міхаіл

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Грузіі ў 1952 годзе ў расійскай сям’і, ягоны дзед паходзіў з казакоў, высланых на Каўказ імператрыцай Кацярынай II.

У 1970 скончыў Сувораўскае вучылішча[1]. У вучылішчы вучыўся разам з вядомым грамадскім дзеячом, адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў палкоўнікам Уладзімірам Барадачом[2] і журналістам і філосафам Канстанцінам Скуратовічам[3].

Валерый Сядоў быў супрацоўнікам газеты «Навіны БНФ „Адраджэньне“», працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук, вучыўся ў аспірантуры. Калі ў 1988 годзе ўтварыўся Беларускі народны фронт, В. Сядоў стаў сябрам грамадска-палітычнага руху. Неўзабаве быў абраны сябрам Управы БНФ.

У 1989 годзе Управа БНФ накіравала В. Сядова ў Тбілісі, дзе 9 красавіка 1989 года савецкія войскі з ужываннем халоднай зброі і газу гвалтоўна разагналі апазіцыйны мітынг каля Дома ўрада Грузінскай ССР. У выніку загінула 19 удзельнікаў мітынгу, а некалькі сотняў з траўмамі звярнуліся ў лякарню. Управа БНФ адправіла В. Сядова з афіцыйнай місіяй — выразіць спачуванне грузінскім дэмакратычным сілам, наладзіць з імі кантакты і вызначыць, чым можна дапамагчы.

В. Сядоў выступаў падчас жалобнага мітынгу, прысвечанага ахвярам трагедыі 9 красавіка ў Тбілісі. Пасля вяртання ў Мінск ён актыўна каментаваў падзеі, якія адбыліся ў Грузіі, з асуджэннем імперскай палітыкі СССР. За гэта быў звольнены з інстытута і выключаны з аспірантуры, калі ўжо меўся выходзіць на абарону кандыдацкай у 1989 годзе.

У 1990 годзе Валерый Сядоў стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Венскі камітэт». Сябры «Венскага камітэта» забяспечвалі юрыдычную дапамогу, выступалі з праваабарончымі ідэямі на мітынгах, у вольнай прэсе, удзельнічалі ў міжнародных праваабарончых канферэнцыях[4].

Жанаты. Жонка Ірына Логінава. Сын Міхаіл.

Храналогія пераследу правіць

7 лістапада 1990 года Валерый Сядоў удзельнічаў у антыкамуністычным мітынгу ў Мінску перад Домам урада. Падчас мітынгу В. Сядоў узлез на пастамент помніка Леніну і прымацаваў да яго крыж, абматаны калючым дротам, і куфайку, як сімвал ГУЛАГу. Ён усклаў да помніка Леніну гэтыя сімвалы камуністычных рэпрэсій «ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку».

7 мая 1991 года пастановай Пракуратуры БССР В. Сядоў быў арыштаваны і пасаджаны у СІЗА №1 г. Мінска, на «Валадарку». Крымінальная справа была заведзеная ў выніку «парушэння грамадскага парадку»[5]. У СІЗА ён правёў 70 дзён, амаль палову з якіх, 32 дні, галадаў. В. Сядоў быў першым, хто абвясціў у Беларусі ў 1990-я гады палітычную галадоўку. Падчас зняволення В. Сядоў адмовіўся сведчыць супраць арганізатараў мітынгу.

У выніку пратэсту дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, асабліва старшыні БНФ «Адраджэнне» Зянона Пазняка, і шырокай грамадскасці В. Сядоў быў выпушчаны на волю пад падпіску. У 1991 годзе быў створаны добраахвотны фонд у падтрымку В. Сядова і іншых ахвяраў рэжыму за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу, у які ўвайшлі мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, грамадскія актывісты Мая Кляшторная і Алесь Каралёў. Гэта была першая ў Беларусі падобнага кшталту праваабарончая ініцыятыва[6].

Крымінальная справа супраць В. Сядова была спыненая 5 лютага 1992 года[7].

В. Сядоў працаваў журналістам у розных выданнях.

Праз 20 гадоў В. Сядоў ізноў вярнуўся ў вулічную палітыку. 19 студзеня 2011 года В. Сядоў з іконай і партрэтам М. Статкевіча выйшаў да Чырвонага касцёла ў Мінску на пікет салідарнасці з палітвязнямі, якія з’явіліся пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 года.

За ўдзел у пікеце В. Сядоў быў асуджаны на 12 сутак арышту[8].

З 2011 года жыў у Варшаве. Займаўся ў дактарантуры Варшаўскага ўніверсітэта кардынала Вышынскага, удзельнічаў у пікетах i іншых мерапрыемствах беларусаў у Варшаве[9].

Памёр 10 сакавіка 2016 года ў Варшаве[10]. Развітанне з Валерыем Сядовым адбылося 19 сакавіка 2016 года ў Мінску[11].

Заўвагі правіць

  1. Былыя сувораўцы: Нашая вучэльня мусіць насіць імя Касцюшкі ці Каліноўскага
  2. Владимир Бородач: Я вышел на след останков Захаренко Архівавана 15 верасня 2017.
  3. СКУРАТОВИЧ Константин Иванович
  4. Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі. Ад вытокаў да апошніх дзён
  5. Постановление Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 22 ноября 1990 г. № 410-XII «О нарушении общественного порядка при проведении альтернативного митинга 7 ноября 1990 года в городе Минске»(недаступная спасылка)
  6. Сядоў Валеры. Збор подпісаў у падтрымку В. Сядова
  7. Валер Сядоў: «Пракурор казаў: „Здай Пазьняка і пойдзеш дахаты“»
  8. Валеры Сядоў — за кратамі
  9. Апошняя гастроль(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2023. Праверана 19 кастрычніка 2023.
  10. Памёр дысідэнт Валерый Сядоў, яму было 64 гады
  11. Разьвітаньне зь беларускім дысыдэнтам, які галадаў, як Саўчанка, — Валер Сядоў адышоў у іншы сьвет

Літаратура правіць

  • Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. — Вільня, 2014. — С. 45—46, 292—293.
  • Palitviazni.info. — 2013. — С. 237—238.

Спасылкі правіць