Касцёл Святога Сымона і Святой Алены

(Пасля перасылкі з Чырвоны касцёл)

Касцё́л Свято́га Сымо́на і Свято́й Але́ны (таксама вядомы як Чырво́ны касцё́л) — каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі ў Мінску, пабудаваны ў 19051910 гг. на грошы Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928), вядомага гаспадарчага і палітычнага дзеяча Расійскай імперыі і Беларусі, віцэ-старшыні (а з 1907 г. і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях — Сямёну (Сымону) і Алене Вайніловічах. Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў непасрэднай блізкасці ад Дома ўрада і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Ён атрымаў у народзе неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны, і з’яўляецца вялікай святыняй, помнікам культуры і гісторыі, які абараняецца законам Рэспублікі Беларусь. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Эдвард Адамавіч Вайніловіч.

Сабор
Касцёл Святога Сымона і Святой Алены
Касцёл Святога Сымона і Святой Алены
Касцёл Святога Сымона і Святой Алены
53°53′47,47″ пн. ш. 27°32′50,92″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад
Тып будынка касцёл
Архітэктурны стыль неараманскі стыль
Архітэктар Томаш Пайздэрскі
Заснавальнік Эдвард Вайніловіч
Дата заснавання 1905
Будаўніцтва 19051910 гады
Рэліквіі і святыні фотакопія Турынскай плашчаніцы; рэліквіі Св. Фаўстыны Кавальскай; рэліквіі Св. Яна Паўла II
Настаяцель Уладзіслаў Завальнюк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000229шыфр 713Г000229
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Сайт chyrvony.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадгісторыя

правіць

Перад падзеламі Рэчы Паспалітай Мінск быў адным з буйнейшых каталіцкіх цэнтраў у краіне[1]: у горадзе налічвалася 11 каталіцкіх касцёлаў і кляштараў (а ў межах Мінска пачатку XX ст., улічваючы Фарны касцёл на Траецкай гары, касцёл Святога Роха на Залатой Горцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, — 14), 4 уніяцкія царквы і 3 кляштары і толькі 1 праваслаўны манастыр[2]. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ў 1798 г. была заснавана Мінская каталіцкая дыяцэзія (1798—1869), а былы касцёл езуітаў ператвораны ў кафедральны Марыінскі касцёл. На працягу XIX ст. большая частка каталіцкіх храмаў была зачынена, а пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійская ўлада яшчэ болей узмацніла палітыку русіфікацыі, адкрыцця праваслаўных цэркваў, закрыцця каталіцкіх касцёлаў і барацьбы з любымі праявамі «польскай» і польскамоўнай культуры ў «заходніх губернях» імперыі. Так, у 1869 г. была ліквідавана Мінская каталіцкая дыяцэзія, а ў горадзе застаўся толькі адзін вялікі каталіцкі Мінскай дыяцэзіі кафедральны Марыінскі касцёл, які пасля ліквідацыі панізіў свой статус і стаў толькі парафіяльным. Па-за межамі горада (на Залатагорскіх могілках) знаходзіўся толькі невялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Яшчэ адзін каталіцкі храм, а дакладней капліца, стаяў на Кальварыйскіх могілках, што знаходзіліся на адлегласці некалькіх кіламетраў ад Мінска[3].

На працягу стагоддзя колькасць жыхароў горада толькі ўзрастала. У 1897 г. у Мінску мелася болей за 90 тысяч жыхароў самых розных канфесій. Для значнай колькасці каталіцкіх вернікаў у горадзе па-ранейшаму меўся толькі адзін вялікі каталіцкі касцёл, які не мог у святочныя дні прыняць усіх жадаючых, шмат з якіх нават у люты мароз і завіруху займалі падчас набажэнстваў увесь пляц перад касцёлам аж да самага дома губернатара. Неабходнасць другога касцёла ў горадзе, спецыяльна ў кірунку да Брэсцкага вакзала, у якім горад пачаў бурна пашырацца, была відавочнай не толькі для духоўных і гарадскіх улад, але і для высокага кіраўніцтва «Паўночна-Заходняга краю», неахвотна пазіраючага на праявы каталіцкай набожнасці.

Каталіцкія вернікі ўзнялі пытанне аб дазволе расійскіх улад на будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла. 20 чэрвеня 1897 г. у Мінскую гарадскую думу звярнуліся Ф. Віткоўскі, Ян Філіповіч-Дубовік, Ігнат Віткевіч з просьбай, у якой было запісана, што мінскі губернатар (1886—1902) Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі  (руск.): «<…> заявіў нам, просьбітам, што для таго, каб хадайніцтва аб пабудове ў Мінску рымска-каталіцкага касцёла магло мець поспех, неабходна пашукаць месца для будаўніцтва і скласці план і каштарыс<…> Азнаёміўшыся як з гарадскімі, так і прыватнымі пляцамі, мы прышлі да пераканання, што адзінае прыдатнае месца для будаўніцтва касцёла — гэта пусты пляц гарадской зямлі, які знаходзіцца на рагу Пецярбургскай і Каломенскай вуліц і заняты пад гарадскі дрывяны склад. А таму маем гонар пакорна прасіць гарадскую думу ўвесь названы пляц аддаць пад будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла». 25 жніўня 1897 г. Мінская гарадская дума прыняла пастанову: «Аддаць камітэту па будаўніцтве пляц зямлі, на якім знаходзіцца дрывяны склад, у арэнду тэрмінам на 99 год па 4 капейкі за квадратную сажань»[4]. Копія гэтай пастановы была накіравана мінскім губернатарам князем Трубяцкім у Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі ў Санкт-Пецярбург. Міністэрскія чыноўнікі, спасылаючыся на тое, што рашэнне пра будаўніцтва новага касцёла не было ўзгоднена з кіраўніцтвам Мінскай праваслаўнай епархіі і не атрымала падтрымкі ў самім міністэрстве, адпісалі, што: «пастанова гарадской думы аб здачы ў арэнду зямлі пад рымска-каталіцкую царкву не можа быць прыведзена ў выкананне». Адначасова мінскі губернатар Трубяцкі ў сваім лісце ад 8 студзеня 1898 г. запатрабаваў ад гарадской думы, каб яна анулявала свой дазвол. На некалькі год справу аб будаўніцтве новай каталіцкай святыні давялося спыніць[5].

 
Сямён (Сымон) Вайніловіч — сын Эдварда Адамавіча Вайніловіча

У тым жа 1897 г. у прыватным жыцці Эдварда Вайніловіча (1847—1928), сярэднезаможнага ўласніка маёнтка Савічы ў Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, аўтарытэтнага доўгачасовага віцэ-старшыні (1888—1907) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і вядомай асобы ў Мінскай губерні і ўсіх «заходніх губернях», здарылася трагедыя — ад скарлаціны памёр яго дванаццацігадовы сын Сямён (Сымон). Гэтая смерць вельмі моцна ўдарыла па Эдвардзе Вайніловічу і яго жонцы Алімпіі, у якіх засталася толькі адна дачка Алена (Гелена-Бянігна). Пазней у сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч запісаў, што толькі вера была той сілай, якая дазволіла перажыць гора: «Правіца Божая павісла нада мною, я стаў звяном, вырваным з ланцуга, але гэтая ж Правіца Божая падняла мяне. Бог напоўніў мяне сілай, каб я не ўпаў. Бог збярог мне дачку, добрыя якасці характару і розум якой былі мне відавочным знакам Божай міласэрнасці над маёй галавой; яны не дазвалялі мне ўпасці ў апатыю і сумненне»[6].

У 1903 г. у Мінскую гарадскую думу была ў чарговы раз накіравана заява ад прадстаўнікоў парафіян кафедральнага касцёла і камітэта па будаўніцтве касцёла. Пад лістом, у якім даказвалася патрэба будаўніцтва новай святыні, было сабрана болей за 2 тысяч подпісаў жыхароў Мінска, сярод якіх былі вядомыя і паважаныя ў горадзе людзі. У заяве было напісана, што: «у выпадку дазволу будаўніцтва касцёла міністэрствам унутраных спраў горад прапануе даць пад будаўніцтва пляц і дапусціць нас, просьбітаў, да здымкі планаў гарадскога ўчастка пры хадайніцтве аб дазволе будаўніцтва новага касцёла ў горадзе Мінску. Разам з тым, мы ў інтарэсах станоўчага вырашэння мяркуемага хадайніцтва пакорна просім думу знайсці магчымым, акрамя ўжо прызначанага пляца (былы дрывяны склад), назваць яшчэ адзін прыдатны для будаўніцтва пляц на той выпадак, калі будаўніцтва касцёла на першым пляцы прызнана будзе па якой-небудзь прычыне нязручным»[5]. Мінская гарадская дума на сваім пасяджэнні 27 кастрычніка 1903 г. прыняла пастанову: «у выпадку дазволу адпаведнай уладай будаўніцтва ў горадзе Мінску другога рымска-каталіцкага касцёла адвесці пад будаўніцтва касцёла патрэбны для таго ўчастак гарадской зямлі на месцы былога дрывянога склада (рог Каломенскай і Пецярбургскай вуліц) альбо на рагу Захар’еўскай і Трубнай вуліц, зважаючы на тое, які з гэтых участкаў будзе болей прыдатны для будаўніцтва касцёла»[7].

Неўзабаве было сабрана болей за 2000 подпісаў пад лістом, у якім грунтоўна даказвалася неабходнасць будаўніцтва ў горадзе новай каталіцкай святыні. Але патрэбны былі фундатары, бо ініцыятыва грамадскага камітэта па будаўніцтве касцёла магла хутка скончыцца проста з-за недахопу сродкаў на будоўлю.

Трагедыя Эдварда Вайніловіча і яго ініцыятыва пабудовы касцёла

правіць

І ў гэты час сям’ю Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў напаткала яшчэ адна трагедыя: у тым жа 1903 г., не дажыўшы аднаго дня да свайго 19-годдзя, памерла і іх дачка Гелена (Алена) ад запалення лёгкіх. Гэта было апошняе дзіця ў сям’і Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў. Пад канец жыцця, калі трагічныя адчуванні перацярпеліся, пра свой роздум і пакорнасць Божай волі Эдвард Вайніловіч напісаў у сваім тастаменце: «Вялікі, Моцны, Магутны Пан Анёлаў, моцнае плячо Яго ўдары дзеліць паводле сваёй меры, а потым падымае чалавека, каб ён іх пераносіў і не ўпаў, а вытрымаў аж да канца, каб перамагла справядлівасць. З калісьці моцнага дрэва майго роду ападаў лісток за лістком, і я застаўся толькі як адна галінка, асуджаны на паміранне, нібы апаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць. Так хацеў Бог»[8].

 
Алена Вайніловіч — дачка Эдварда Адамавіча Вайніловіча

Сына Сымона звалі ў гонар апостала Сымона, а дачку — як святую Алену, маці рымскага імператара Канстанціна, які зрабіў хрысціянства царквой. Жадаючы захаваць памяць аб сваіх дзецях, Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены, якія былі святымі заступнікамі яго дзяцей: «Пасля ўдараў, што па волі Усявышняга былі нанесеныя мне, я вырашыў зрабіць упрашальную ахвяру, пабудаваўшы святыню дзеля закліку заступнікаў сваіх памерлых дзяцей, Святога Сымона і Святой Алены, і выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць на фоне рознакаляровых купалаў новых форм, і я меркаваў, што не можа быць, каб у натоўпе молячыхся на новым месцы і за мяне і за маіх памерлых, апошніх нашчадкаў старога мясцовага роду, не сказаў бы словы малітвы „Анёл Гасподні“»[9].

З гэтай прычыны ў 1904 г. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) звярнуўся са сваёй прапановай да грамадскага камітэта па будаўніцтве, што калі гарадская ўлада выдзеліць пляц пад забудову, то за ўласны кошт узвядзе святыню, але з умовай, што касцёл будзе з назвай указаных патронаў (Святога Сымона і Святой Алены) і ніхто не будзе ўмешвацца ў выбар архітэктурнага стылю храма і ў сам працэс яго будаўніцтва. Горад і камітэт, натуральна, вельмі ахвотна згадзіліся на прапанову Вайніловіча[9].

Была выбрана дэлегацыя, з якой Вайніловіч паехаў у Санкт-Пецярбург і асабіста падаў просьбу да міністра ўнутраных спраў (1904—1905) Расійскай імперыі князя Пятра Дзмітрыевіча Святаполк-Мірскага (1857—1914), які яшчэ нядаўна быў віленскім генерал-губернатарам (1902—1904) і праславіўся ліберальнымі поглядамі. Міністр, хоць і быў праваслаўны, але памятаў, што яго дзед князь Ян Францавіч-Ксаверавіч Святаполк-Мірскі (1788—1868) быў каталіком, паслом Царства Польскага ў Расіі, а сам род паходзіць з Браслаўскага павета. Акрамя таго, расійскі імператар Мікалай II спецыяльна паставіў Мірскага на гэтую пасаду, каб праводзіць ліберальную ўнутраную палітыку, што было вырашальным. Таму ў Мінску чакалі даволі хуткі дазвол на будаўніцтва касцёла.

Гісторыя будаўніцтва касцёла Святога Сымона і Святой Алены

правіць

Архітэктурная стылёвая задумка

правіць
 
Касцёл Святой Эльжбеты ў Ютросіне, 2007 г. Аўтар фота Ян Яршыньскі (Jan Jerszyński)
 
Касцёл Святых Апосталаў  (руск.)у Кёльне, пабудаваны ў XI ст. Фота 1899 г.

Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены ў раманскім стылі, бо, як сам адзначыў у мемуарах, у часы росквіту раманскага стылю ў Еўропе хрысціянства яшчэ не было падзелена на каталіцтва і праваслаўе: «Пачаў знаёміцца з узорамі і разнастайнымі архітэктанічнымі канцэпцыямі. Я не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел па веравызнанні класаў нашага грамадства, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікі — каталікамі, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі ўсходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам»[9]. У гэтым праявілася вялікая талерантнасць Вайніловіча да розных канфесій і імкненне да еднасці грамадства, а не падзелу яго на варагуючыя лагеры.

У той час Вайніловічу на вочы трапілася ілюстрацыя з выявай касцёла Святой Эльжбеты  (польск.) ў польскім мястэчку Ютросін пад ПознаннюГерманскай імперыі), пабудаванага князямі Чартарыйскімі па праекце польскага архітэктара Томаша Пайздэрскага (1864—1908)[10]. У ютросінскім касцёле маюцца вітражы працы Юзафа Мехофера з гербам «Пагоня», родавым гербам князёў Чартарыйскіх. Вайніловіч тут жа накіраваўся ў 1904 г. у Варшаву, дзе Пайздэрскі з 1903 г. жыў, працаваў і выкладаў у школе выяўленчага мастацтва (а ў 1905—1907 гг. быў прафесарам Польскай акадэміі прыгожых мастацтваў). Да таго часу Пайздэрскі быў даволі вядомым архітэктарам і пабудаваў ужо некалькі касцёлаў у неараманскім (новараманскім) стылі: касцёл у Ютросіне, капліцу сям’і Ужоскаў у Данброве Гурнічай, касцёл у Зубранцах, капліцу сям’і Фляркоўскіх у Файславіцах пад Люблінам. Новаму мінскаму касцёлу Святога Сымона і Святой Алены было наканавана стаць апошняй і самай значнай працай таленавітага майстра, хоць Пайздэрскі яшчэ пазней зрабіў у 1907 г. новы праект пагарэлага касцёла ў Грабаве (каля Казеніц, Польшча); касцёла ў Брэсце-Куяўскім (Польшча) і касцёла салезіянаў ва Уроцлаўку (Польшча)[11].

Прагледзеўшы праект касцёла ў Ютросіне, параўнаўшы яго з выявамі ўжо існуючых у беларускім краі нешматлікіх архітэктурных помнікаў у раманскім стылі, а галоўнае — з велічнымі раманскімі храмамі над нямецкім Рэйнам, успомніўшы сваё ўражанне ад італьянскага падарожжа, Вайніловіч пры Пайздэрскім выбраў адзін з тыпаў раманскага храма. Мінскі Чырвоны касцёл у многім падобны на неараманскі касцёл Святой Эльжбеты ў Ютросіне, які мае аналогіі з раманскім саборам у нямецкім Бамбергу і храмам Святых Апосталаў і храмам Святога Куніберта ў Кёльне. Так было вырашана будаваць касцёл у неараманскім (новараманскім) стылі[10]. Касцёлу Святога Сымона і Святой Алены архітэктар Томаш Пайздэрскі надаў і ўнікальныя рысы, бо ў стылі касцёла назіраюцца формы не толькі раманскага стылю, але і элементы готыкі і мадэрна.

Касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску стаў адным з рэдкіх узораў неараманскага стылю ў Расійскай імперыі. Атрымаўшы прызнанне ў Варшаве пасля праекта (1900—1902) касцёла ў Ютросіне (Германская імперыя) і пераехаўшы ў 1903 г. у Варшаву (Расійская імперыя), Томаш Пайздэрскі разлічваў яшчэ будаваць касцёлы ў неараманскім стылі ў расійскай частцы Польшчы, аднак у пачатку XX ст. сярод эліты Расійскай імперыі раслі антынямецкія настроі, што перашкодзіла распаўсюджанню касцёлаў «нямецкага тыпу» у імперыі. Новы неараманскі касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску стаў унікальным прыкладам таленту Томаша Пайздэрскага ў Расійскай імперыі.

Грамадскі камітэт па будаўніцтву касцёла ў Мінску

правіць
 
Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)

Тым часам у Мінску 20 верасня 1904 г. у канцылярыі губернатара быў зарэгістраваны той самы ліст, які падпісала болей за 2000 жыхароў горада. У гэтым лісце было напісана: «Што датычыць месца для будаўніцтва, дык такое прапануе даць бясплатна гарадская ўправа з участка гарадской зямлі, якая знаходзіцца на рагу Захар’еўскай і Трубнай вуліц. <…> Сродкі на ўзвядзенне муроў і даху касцёла абавязаўся даць дваранін Эдвард Адамавіч Вайніловіч, сродкі ж на ўнутранае абсталяванне і аздабленне будуць сабраны як добраахвотныя ахвяраванні, у шчодрым прыплыве якіх ёсць поўная ўпэўненасць. Намаганнямі двараніна Э. А. Вайніловіча зроблены план і каштарыс, складзеныя варшаўскім архітэктарам У. Марконі, якія пры гэтым даюцца»[12].

Супраць таго, каб у Мінску была пабудавана новая каталіцкая святыня, вельмі рэзка выступаў праваслаўны мінскі і тураўскі епіскап Міхаіл. Ён спачатку прывёў усе фармальныя меркаванні на гэты конт, але ўсё ж падкрэсліваў, што будаўніцтва ў горадзе яшчэ аднаго касцёла нельга дазваляць «у інтарэсах падтрымання ў краі праваслаўя і рускай народнасці, з прычыны варожага настрою мінскіх каталікоў да ўсяго рускага»[13]. А мінскі губернатар (1902—1905) Аляксандр Аляксандравіч Мусін-Пушкін меў іншае меркаванне: у сваім лісце ад 13 кастрычніка 1904 г. да міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі князя Святаполк-Мірскага ён зазначыў, што «з палітычнага пункту гледжання я не апасаюся будаўніцтва ў горадзе новага каталіцкага храма, бо руская справа ў краі ніколькі не панясе страту ад існавання ў Мінску трох касцёлаў замест двух»[13].

Дазвол Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі на будаўніцтва новага касцёла ў Мінску быў атрыманы 9 сакавіка 1905 г., а 15 сакавіка 1905 г. праект будаўніцтва быў разгледжаны і ўхвалены на пасяджэнні будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення. 19 сакавіка 1905 г. у зале Мінскай гарадской управы, што знаходзілася на рагу вуліц Губернатарскай і Юраўскай, адбыўся сход парафіян Мінскага кафедральнага касцёла. Гэтае пасяджэнне ўрачыста адкрыў мінскі ксёндз-дэкан Адам-Напалеон Ака. Спачатку была заслухана кароткая справаздача грамадскага камітэта, які быў створаны ў 1903 г. і займаўся справамі атрымання дазволу на будаўніцтва новага каталіцкага касцёла ў Мінску. Пасля гэтага ксёндз Ака ўрачыста зачытаў заяву Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў, згодна з якой яны, жадаючы ўшанаваць памяць па сваіх заўчасна памерлых дзецях, прапанавалі ажыццявіць будаўніцтва новага касцёла за ўласны кошт[14].

Разам з тым Вайніловічы паставілі перад парафіянамі і камітэтам наступныя ўмовы: 1) Касцёл павінен будавацца паводле прапанаванага Вайніловічамі праекта; 2) Фундатары прымаюць на сябе абавязкі па будаўніцтве муроў і даху храма. Усе астатнія працы, у першую чаргу, абсталяванне інтэр’ераў, павінны быць выкананы за кошт ахвяраванняў парафіян; 3) Новы касцёл павінен быць асвечаны ў гонар Святога Сымона і Святой Алены, а калі гэта будзе немагчыма па канонах рымска-каталіцкай царквы, то Святой Алены альбо Маці Божай Бязвіннага Зачацця (Immaculata Conceptio); 4) Над галоўным уваходам павінна быць замацавана ганаровая таблічка ў выглядзе барэльефа з надпісам на лацінскай мове, што гэты Дом Божы быў пабудаваны ў памяць аб заўчасна памерлых дзецях Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў[15].

У дадатак да гэтага ксёндз Ака паведаміў на пасяджэнні парафіян, што праект касцёла ўжо падрыхтаваны і ўзгоднены ў адпаведных інстанцыях. Некаторыя з прысутных выказваліся за тое, што неабходна пабудаваць храм большых памераў і што жыхары Мінска павінны самі сабраць неабходныя грошы. Аднак большасць выступаючых падтрымала прапанову Вайніловічаў. На заканчэнне доктар Свянціцкі сказаў, што неўзабаве трэба будзе паклапаціцца аб павелічэнні колькасці каталіцкіх храмаў у горадзе. Згадвалася неабходнасць аднаўлення дамініканскага касцёла, які быў раней перабудаваны пад казармы[15].

Пасля невялікіх дыскусій на пасяджэнні парафіян прапанова Вайніловічаў была аднагалосна падтрымана. Адначасова быў створаны камітэт, які складаўся з 14 членаў і 6 кандыдатаў, для кіраўніцтва працамі па будаўніцтве новага касцёла[16]. На пасаду старшыні камітэта аднадушна абралі Эдварда Вайніловіча. У складзе камітэта былі такія шаноўныя асобы як мінскі гарадскі галава Міхал Валовіч; мінскі ксёндз-дэкан Адам-Напалеон Ака; Яўстах Янавіч Любанскі, уласнік маёнтка Лошыца пад Мінскам; граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930); Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч (1866—1936), уласнік Вялікай Сляпянкі пад Мінскам (зараз у межах Мінска); Вітальд Рамуальдавіч Лопат; Ян Ельскі і інш. Але хутка, зняможаны сваімі перажываннямі, 11 красавіка 1905 г. Эдвард Вайніловіч адмовіўся ад старшынства ў камітэце. Яго месца заняў мінскі гарадскі галава Валовіч[17]. Эдвард Вайніловіч асабліва адзначыў самаадданасць і вялікую працу Вітальда Лопата, без якого нічога б не атрымалася. Лопат быў землеўладальнікам у Слуцкім павеце (суседам Вайніловічаў), членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і кіруючым дырэктарам Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню), а галоўнае — самым лепшым сябрам Эдварда Вайніловіча. Вітальд Лопат ад першага да апошняга дня будаўніцтва касцёла ўзяў у свае рукі кіраўніцтва фінансамі і правядзеннем работ[18].

Пачатак будаўніцтва (1905)

правіць
 
Праектны выгляд касцёла, на якім касцёл звязваўся праз галерэю з плябаніяй (непабудаванай у канечным выніку)

11 красавіка 1905 г. гарадская дума пасля перамоў з гарадской управай прыняла наступнае рашэнне: «Адвесці пад будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла ўчастак зямлі на рагу Захар’еўскай і Трубнай вуліц мераю 1305,10 квадратных сажняў, з якога павінна адысці пад пашырэнне Затурэмнага завулка 59,32 і Трубнай вуліцы 132,89 квадратных сажняў, даручыўшы гарадской управе ўвайсці з арандатарамі гэтых пляцаў Баярскай і Балюнасам у добраахвотнае пагадненне аб ачышчэнні арандаваных імі пляцаў ад збудаванняў, пры гэтым грашовая ўзнагарода за зняцце пабудоў павінна быць улічана камітэтам па будаўніцтву касцёла, але ў выпадку адмовы кіраўніцтва прыме рашэнне прымусовага высялення»[17]. Жыхар горада А. Б. Балюнас адмовіўся ад свайго пляца «на падставе добраахвотнага пагаднення 21 красавіка 1905 г.». Суседні пляц жыхаркі Баярскай каталіцкай грамадзе ўдалося атрымаць толькі ў 1907 г., калі будаўніцтва касцёла вялося ўжо поўным ходам. Спатрэбілася спецыяльная пастанова віленскай судовай палаты, каб гэты пляц быў перададзены камітэту па будаўніцтве касцёла разам з «двума драўлянымі дамамі і афіцыйна пры іх садам і плотам»[17].

19 мая 1905 г. Вайніловіч атрымаў паведамленне мінскага камітэта, што пляц, ахвяраваны на рагу вуліц Захар’еўскай і Трубнай, ад усіх збудаванняў ачышчаны і можна прыступаць да будаўніцтва. Яно пачалося адразу: у тым жа маі 1905 г. былі закладзены падмуркі касцёла[19].

Рабочая праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва касцёла была зроблена ў майстэрні вядомага польскага архітэктара Уладзіслава Марконі з Варшавы. Імя Уладзіслава Марконі згадваецца і ў розных афіцыйных паперах. Паводле афіцыйных жа дакументаў усе фармальныя правы на выкананне будаўніцтва былі даручаны грамадзянскаму інжынеру Ф. Барановічу, які паводле афіцыйнай інфармацыі 27 мая 1905 г. прыступіў да сваіх абавязкаў[12]. Аднак з мемуараў Эдварда Вайніловіча і з усіх публікацый у тагачасным перыядычным друку вядома, што праектна-каштарысная дакументацыя была распрацавана Томашам Пайздэрскім. Гэтак жа і сам архітэктар неафіцыйна спачатку займаўся кіраваннем будаўніцтва касцёла, хоць Томаш Пайздэрскі, як іншаземны грамадзянін (Германскай імперыі), не меў у Расійскай імперыі права на будаўніцтва падобнага тыпу пабудоў (г. зн. храмаў)[10]. Афіцыйна нават нагляд за будаўніцтвам праводзілі іншыя людзі. Так, 30 сакавіка 1906 г. інжынер Зыгмунт (Жыгімонт) Свянціцкі паведаміў у мінскае губернскае праўленне, што ён будзе ўзначальваць усе працы па будаўніцтве новага касцёла ў Мінску замест Барановіча. А ўлетку 1907 Свянціцкага на гэтай пасадзе замяніў варшаўскі гарадскі архітэктар Генрых Гай (1875—1936)[20].

Каб вытрымаць адзінства стылю і характар пабудовы, Пайздэрскі сам падбіраў узоры ўсіх дэталей, уключаючы нават клямкі і завесы на дзверы. Вайніловіч патрабаваў, каб усё, што было магчыма, рабілася мясцовымі сіламі, каб даць мясцовым людзям заробак і зацікавіць самой святыняй[10]. А калі Томаш Пайздэрскі (1864—1908) памёр у час будаўніцтва касцёла, то справу ўжо рэальна давяршаў да самога канца будаўніцтва польскі архітэктар Генрых Гай з Варшавы і яго мінская фірма «Гай-Свянціцкі & Co»[10].

Дзень асвячэння будаўніцтва касцёла (1906)

правіць
 
Пралат Казімір Міхалкевіч. Аўтар фота Ян Булгак

Падмурак касцёла (краевугольны камень) быў асвечаны 25 верасня 1906 г. ксяндзом-пралатам Казімірам Міхалкевічам (1865—1940), пробашчам касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы, пазнейшым адміністратарам віленскай дыяцэзіі, у прысутнасці вялікай колькасці вернікаў. Імша праходзіла пад спецыяльным навесам, падчас якой тагачасны мінскі губернатар (1906—1912) Якаў Ягоравіч Эрдэлі разам з усімі вернікамі ўстаў на калені, а пасля падпісаў акт урачыстай закладкі касцёла[18].

Працэс будаўніцтва і аздаблення

правіць
 
Будаўніцтва касцёла, 1908 г.
 
Герб роду Вайніловічаў «Сыракомля» над галоўным парталам касцёла, 1910 г.
 
Касцёл Святога Сымона і Святой Алены (на першым плане драўляны дом-плябанія), раней 1917 г.

Будаўніцтва ішло даволі хутка. Сучаснікі адзначалі, што муры касцёла раслі як на дражджах, і былі здзіўлены надзвычай высокай якасцю будаўнічых работ. Вялікія праблемы былі толькі з фасоннай і абліцовачнай цэглай, якую прыйшлося ўпакаванай завозіць з польскай Чанстаховы, а дахоўку — з польскага Улоцлаўка[18]. Восенню 1908 г. касцёл быў завершаны — накрыты дахоўкай, і адначасова былі разабраны будаўнічыя рыштаванні, пачалося аздабленне касцёла[20].

Для захавання адзінства стылю ўсе каменячосныя і разьбярскія работы ўнутры касцёла (алтары, амбоны, балюстрады, падлога, бронзавыя дэталі і г. д.) былі даручаны здольнаму майстру Зыгмунту Ота з Варшавы. Для калон і алтароў быў прывезены ружовы пясчанік і мармур з Польшчы. Храм упрыгожылі тры алтары работы Зыгмунта Ота[18].

Амбоны, балюстрады і падлогу ахвяравала асабіста жонка Вайніловіча Алімпія са шляхецкага роду Узлоўскіх герба «Тапор». Гэты герб разам са шляхецкім гербам Вайніловічаў «Сыракомля» часта сустракаецца ў арнаментах касцёла[18]. Так, плоскую нішу над галоўным парталам упрыгожыў шляхецкі герб роду Вайніловічаў «Сыракомля»[21]. Па жаданні Вайніловічаў у франтоне ўнутранай галерэі над уваходам была размешчана белая каменная пліта з выявамі Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў і з надпісам на латыні ў памяць аб іх памерлых дзецях, імёнамі апекуноў якіх была названа святыня: «А. М. D. G. Templum hoc piae memoriae liberorum suorum Simeonis MDCCCLXXXV † MDCCCXCVII ET Helenae MDCCCLXXXIV † MCMIII c. Olimpia Uzłowska coniuge procreatorum dedicat vovetque Eduardus Woyniłłowicz A. D. MCMVII» (г. зн. «Вялікай славе Божай гэтую святыню святой памяці сваіх дзяцей Сымона (1885 † 1897) і Алены (1884 † 1903) прысвячаюць і ахвяруюць бацькі — Алімпія Узлоўская і Эдвард Вайніловіч. Год Гасподзень 1907»)[22]. Гэта каменная пліта да нашых дзён не захавалася.

Эдвард Вайніловіч асігнаваў каля 300 тысяч рублёў на будаўніцтва, не прымаючы ніякіх іншых фінансавых ахвяраванняў на будаўніцтва касцёла ад іншых людзей. Ён хацеў бачыць касцёл як уласную ахвяру-напамін па сваіх дзецях. Пасля сканчэння будаўніцтва ён толькі аддаў у распараджэнне камітэта будаўніцтва 1000 рублёў, якія ахвяраваў сябар Вайніловіча Аляксандр Болтуць (землеўладальнік Барысаўскага павета) на выраб званоў, і 200 рублёў, якія ахвяравала пані Шантыр на арганы. На аздабленне касцёла выдаткавалі грошы яшчэ Вільгеміна Пілсудская (1500 рублёў), якія перадаў ксёндз-дэкан Адам-Напалеон Ака, і граф Ежы Чапскі (1000 рублёў)[23].

4 мая 1908 г. у драўляным доме-плябаніі была афіцыйна адкрыта бібліятэка імя Адама Міцкевіча, якая належала Польскаму таварыства «Асвета» у Мінску[24]. У 1915 г. Ядвіга Кастравіцкая перадала бібліятэцы шмат кніг з маёнтка Савічы.

У 1909 г. на касцельную вежу былі паднятыя тры званы: «Міхал» (972 кг, названы ў гонар патрона Магілёўскага архібіскупства Святога Міхаіла), «Эдвард» (527 кг, названы ў гонар Эдварда Вайніловіча) і «Сымон» (311 кг, названы ў гонар Сымона Вайніловіча). Вежа-званіца касцёла Святога Сымона і Святой Алены стала самым высокім збудаваннем тагачаснага Мінска, а сам касцёл стаў самым вялікімі храмам у горадзе. Усю тэрыторыю новага касцёла абнеслі прыгожай жалезнай агароджай на каменным падмурку, што мела дзве парадныя каваныя брамы — з боку вуліцы Захар’еўскай.

Адначасова з будаўніцтвам храма вяліся перамовы з уладамі па зацвярджэнні новай Мінскай парафіі. 30 лістапада 1909 г. на пасяджэнні камітэта па будаўніцтве касцёла была абрана камісія ў складзе ксяндза дэкана М. Сеўрука, ксяндза М. Маеўскага, а таксама Вітальда Лопата і Зыгмунта Венцлавовіча, якая павінна была вызначыць межы новай парафіі, і на падставе яе прапаноў 20 верасня 1910 г. новапрызначаны магілёўскі каталіцкі архібіскуп (1910—1914) Вінцэнт Ключынскі (1847—1917) зацвердзіў новую Мінскую парафію, а пробашчам быў прызначаны ксёндз Вітальд Тамашэўскі, былы ігуменскі дэкан. Пачалася падрыхтоўка, каб можна было адпраўляць набажэнствы.

Эдвард Вайніловіч таксама прыняў для касцёла ахвяраваны сям’ёй Скірмунтаў з маёнтка ПарэччаПінскім павеце) старажытны абраз Божай Маці з адпаведнай эпітафіяй. Ён таксама атрымаў дазвол, каб у новы касцёл была перанесена цудоўная скульптура распяцця Хрыста на крыжы, выразаная з дрэва, што чымсьці нагадвала творчасць Віта Ствоша і магла быць яго работы. Скульптура паходзіла са слуцкага Фарнага касцёла, які быў уфундаваны яшчэ Жыгімонтам Кейстутавічам (пам. 1440), і была размешчана на галоўным алтары касцёла[18].

Архітэктанічнае рашэнне

правіць

У архітэктуры храма выявіўся складаны інтэлектуальна-творчы пошук новай, яшчэ не раскрытай прыгажосці дойлідства сярэднявечнага раманскага перыяду.

Чырвоны касцёл уяўляе сабой базіліку арыгінальнай кампазіцыі з магутным трансептам. Трохнефавая базіліка набыла смелую арыгінальную асіметрычную, складана дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю са змешчанай з восі фасада 50-метровай ладнай вежай-званіцай і 2 меншымі сіметрычнымі вежамі па баках магутнай паўкруглай апсіды: ад традыцыйнага тыпу трохнефавай базілікі храм адрозніваецца тым, што дзве шатровыя малыя вежы касцёла пастаўлены не на галоўным фасадзе, а па баках алтарнай часткі; незвычайны ж асіметрычны выгляд храму надаецца высокай вежай-званіцай. Храм стварае ўражанне манументальнасці і гарманічнасці, адзінай узнёслай магутнай, суровай і аскетычнай масы. Першапачаткова касцёл быў трохапсідным. Паўцыркульнымі апсідамі заканчваліся і цэнтральны неф, і сакрыстаі пад канец бакавых нефаў. Цэнтральны неф і крылы трасепта накрыты перакрыжаванымі двухсхільнымі дахамі. Паміж прэзбітэрыем і сакрыстыямі пачынаюцца дзве пяціярусныя вежы пад высокімі шатровымі дахамі. Вертыкальнай дамінантай кампазіцыі з’яўляецца высотная чатырохгранная чатырохярусная вежа пад высокім двухсхільным шатром, якая ўзвышаецца з паўночнага боку галоўнага фасада. Яе вертыкаль ураўнаважвае гарызантальна выцягнутая галерэя-аркада. Высокія шчыты фасадаў аздоблены аркатурнымі паясамі і фрызамі, спрошчанымі карнізамі, прарэзаны цыркульнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі. У цэнтры галоўнага фасада над галоўным уваходам і над уваходамі ў крылах трансепта — вялікія вокны-ружы. Насычанае каларыстычнае вырашэнне ствараецца спалучэннем чырвонага колеру цагляных сцен і чырвонай дахоўкай. Над галоўным парталам касцёла размешчаны герб Вайніловічаў. У інтэр’еры храма — аконныя каляровыя вітражы, выкананыя па малюнках мастака Францішка Бруздовіча[25].

Разам з балконамі і хорамі ў касцёле магло размясціцца да 1500 чалавек. Вышыня залы для набажэнстваў складае 14,83 м, вежы-званіцы — 50 м, дзвюх малых веж — 36 м. Шырыня галоўнага фасада складае 45 м. Пад касцёлам для трываласці быў размешчаны моцны падмурак глыбінёй 4,8 м.

Пачатак службы ў касцёле (1910)

правіць

Пабудова і асвячэнне ў Мінску касцёла Святога Сымона і Святой Алены, безумоўна, стала важнай падзеяй у жыцці каталікоў Мінскай губерні і Беларусі. Падобных поспехаў у гісторыі каталіцкага касцёла на беларускіх землях у пачатку XX ст. у Расійскай імперыі было небагата.

 
Асвячэнне касцёла. На амбоне звонку ксёндз Казімір Букраба (Пінская дыяцэзія)

21 лістапада 1910 г. на галасы званоў «Міхала», «Эдварда» і «Сымона» сышоўся натоўп гараджан, каб прысутнічаць на асвячэнні храма, які стаў самым вялікім у горадзе і хутка атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны.

 
Казанне ксяндза Юзафа Зэльбы (пробашча касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі ў Воўчкавічах і спавядальніка графаў Чапскіх) унутры новай святыні падчас асвячэння

Эдвард Вайніловіч адзначыў у сваіх успамінах, што яму на ўсё жыццё запомніліся тыя хвіліны, калі, акрамя яго самога, яго сям’і і святароў, якія пачыналі правіць урачыстае набажэнства, у касцёле нікога не было, і, калі пад гукі рэха песні «Цябе, Божа, праслаўляем» адчыніліся дзверы храма, тлум людзей паволі заходзіў у касцёл, паўтараючы ўслед за святарамі словы малітвы. Вайніловіч у мемуарах занатаваў свае думкі: «немажліва, каб столькі малітваў, якія ўзносіліся да Усявышняга, не былі Ім пачуты»[10]. У гэты дзень Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія былі задаволены і рады, што ім усё ўдалося, як яны задумалі. Пабудаваны імі касцёл нават атрымаў тых святых заступнікаў-патронаў, якіх Вайніловічы пачаткова пажадалі, — Святога Сымона і Святой Алены.

Ва ўрачыстым асвячэнні новага храма, якое выканаў ксёндз-дэкан Вітальд Чачот, прынялі ўдзел амаль усе мінскія каталіцкія святары, шмат паважаных гараджан. Прысутнічалі блізкія і далёкія сваякі Эдварда Вайніловіча са сваімі сем’ямі (Марыя Бельская з сям’ёй, Міхаліна Горват, Ядвіга Кастравіцкая, Магільніцкія, Ваньковічы, Даманскія), а таксама сябры (Скірмунты, Залескія і інш.)[26]. На ўрачыстасці прысутнічаў нават мінскі губернатар (1906—1912) Якаў Ягоравіч Эрдэлі. Гэты дзень ператварыўся ў сапраўднае свята ў горадзе.

Ксёндз Вітальд Чачот быў калегам Вайніловіча па Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі, а таксама ў свой час пробашчам касцёла Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, страціўшы месца кіраўніка парафіі за патрыятычныя выказванні пасля смерці Карнэлія Уейскага, вядомага каталіцкага публіцыста. Праз некаторы час Чачот стаў пробашчам Мінскага кафедральнага касцёла[10].

Мастацкае афармленне касцёла працягвалася і пасля яго афіцыйнага адкрыцця. Аднак на тое, каб цалкам скончыць усе работы па аздабленні храма, не хапала сродкаў. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу члены камітэта па будаўніцтве. Не быў пабудаваны мураваны будынак плябаніі, запланаваны паводле праекта Томаша Пайздэрскага, што павінен быў злучацца з касцёлам спецыяльнай мураванай галерэяй. Гэта адзначалася ў спецыяльнай запісцы камітэта ад 5 лістапада 1911 г., дзе згадвалася пра неабходнасць будаўніцтва плябаніі. У самім касцёле неабходна было скончыць будаўніцтва алтароў, зрабіць падлогу, усталяваць арганы і г.д.[27]

 
ксёндз Адам Лісоўскі (1884—1929). Фота раней 1921 г.

Фундатары касцёла Вайніловічы, якія спачатку жадалі ахвяраваць грошы толькі на будаўніцтва муроў і даху храма, дадаткова ўсклалі на сябе аплату ўсталявання трох алтароў, амбона і градуала (бар’ера, які аддзяляе прэзбітэрый). Адначасова, каб адпаведна дэкараваць касцёл унутры (роспісы сцен і вітражы), Эдвард Вайніловіч падпісаў пагадненне з вядомым кракаўскім мастаком Францішкам Бруздовічам, які на падставе зацверджаных Вайніловічам эцюдаў, заснаваных на мясцовых матывах, пачаў выконваць паліхромныя работы, перарваныя толькі пачаткам Першай сусветнай вайны. Малявальныя работы былі выкананы Бруздовічам толькі напалову, бо мастак, як іншаземны грамадзянін, падчас вайны быў інтэрніраваны ў Харкаў[27]. Справу упрыгожвання касцёла ў тыя часы ўзяў у свае рукі ксёндз Люцыян Жаландкоўскі (Жалудкоўскі) і вернікі. Атрымалася, што, замест запланаваных 300 тысяч, сям’я Вайніловічаў выдаткавала цалкам на будаўніцтва і аздабленне храма ў канечным выніку 360 тысяч расійскіх рублёў[28].

 
ксёндз Люцыян Жаландкоўскі (Жалудкоўскі). Фота каля 1914 г.

Каля касцёла, збоку ад невялікай каплічкі, Вайніловіч размясціў выкананую на заводзе «Браты Лапеньскія» (Варшава) бронзавую копію Божай Маці, аналагічную той, якая стаяла на фамільных могілках на кургане ў яго родавым маёнтку Савічы і якая стала прадметам асаблівага шанавання вернікамі[22].

У 1916 г. у комплексе з касцёлам быў пабудаваны цагляны двухпавярховы дом, які ўзвялі ў заходняй частцы касцельнага пляца і які адным са сваіх фасадаў выходзіў на Трубны завулак. Паводле праекта гэта павінен быў быць дом арганіста, але ў пабудаваным стаў жыць пробашч касцёла. Цагляная плябанія (дом для ксяндза-пробашча) не была пабудавана і, зразумела, не злучалася з касцельнай галерэяй, як гэта прадугледжваў праект Пайздэрскага. На месцы, адведзеным праектам пад плябанію, стаяў жылы драўляны будынак, які быў пабудаваны яшчэ ў 1870 г. як жылы дом і выкарыстоўваўся да 1916 г. як плябанія. Пасля перасялення пробашча ў дом арганіста ў 1916 г., у драўляным доме (на месцы планаванай мураванай плябаніі) пачалі жыць дапаможныя ксяндзы Чырвонага касцёла. Сам драўляны дом-плябанія стаяў на сваім месцы і быў разабраны толькі пасля Другой сусветнай вайны ў 1946 г.[27]

Ліквідацыя касцельнай службы ў савецкі час

правіць
 
Чырвоны сцяг на даху званіцы, партрэт Леніна ў акне-ружы і лозунг «XV год савецкай уладзе» на сцяне званіцы касцёла ў час гадавін рэвалюцыі, 1932 г.

Вялікі ўдар па новым касцёле і рэлігійным жыцці ўвогуле прыйшоўся пасля захопу ўлады бальшавікамі ў Петраградзе і пачатку іх антыцаркоўнай палітыкі. У 1919 г. у Мінску ўсталявалася бальшавіцкая ўлада, але ненадоўга, бо пачалася польска-савецкая вайна (1919—1920), якая скончылася Рыжскім мірным пагадненнем (1921). Да Эдварда Вайніловіча, які пасля заключэння гэтага пагаднення вырашыў эміграваць ад бальшавікоў у польскі Быдгашч, даходзілі звесткі аб лёсе касцёла ў Мінску, пра што ён адзначыў у другой частцы сваіх мемуараў пад датай 8 ліпеня 1921 г.: «Спаткаў пані Легатовіч з Бабруйскага [павета], якая тры месяцы таму прыбыла з Мінска з-за бальшавікоў: апавядала, што падчас шматгадзіннага заняцця Мінска польскімі войскамі адходзіўшыя бальшавікі з браніраванага цягніка абстрэльвалі горад, маючы галоўнай мэтай новы касцёл, але проста цуд, што снарады шкоды не зрабілі, за невялікім выключэннем — вітражоў»[29].

У 1922 г. у Мінску па загадзе бальшавіцкіх улад былі разрабаваны многія касцёлы і цэрквы горада: з ікон здзіралі залатыя і срэбныя шаты, забіраліся залатыя келіхі, адкрываліся труны ў скляпеннях, дзе з нябожчыкаў знімалі каштоўную адзежу, і г. д. А ў 1923 г. разрабаванне амаль усіх каштоўнасцей адбылося і ў Чырвоным касцёле. Тады з касцёла вывезлі амаль усё: мэблю, гадзіннікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарнільніцы. Званы з веж былі скінуты. У 1922 г. вернікі змаглі вывезці ў Беласток кніжны фонд бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, якая існавала пры касцёле, і ўратаваць бібліятэку ад разрабавання. Тым не менш рэлігійныя службы ў касцёле працягваліся[30].

У 1920—1930-ыя гг. савецкія ўлады не планавалі разбураць гэты касцёл, бо бачылі, што гэта вельмі моцная і надзейная канструкцыя. Калі савецкі архітэктар Іосіф Рыгоравіч Лангбард (1882—1951) праектаваў комплекс Дома ўрада ў Мінску, ён пакінуў у сваім праекце арганізацыі плошчы Леніна комплекс Чырвонага касцёла, і па яго прапановах будынак касцёла не павінен быць разбураны.

Канчаткова касцёл Святога Сымона і Святой Алены савецкія ўлады зачынілі ў 1932 г., прыстасаваўшы касцельны будынак спачатку пад памяшканне Польскага тэатра БССР. У тым жа 1932 г. з веж касцёла былі скінуты крыжы, але вернікам удалося забраць і схаваць адзін гранітны крыж, на ўзор якога ў 1990-ыя гг. рэстаўратары вырабілі дзесяць новых крыжоў (але не з граніта, а з латуні). Будынак касцёла стаяў без абразоў, званоў і крыжоў. А калі прайшлі савецкія рэпрэсіі ў адносінах да прадстаўнікоў польскай нацыянальнасці, у сувязі з абвастрэннем адносін СССР і Польшчы ў міжваенны час, акцёраў тэатра выгналі, а будынак былога касцёла ў 1937 г. савецкімі ўладамі быў аддадзены пад галоўнае памяшканне кінастудыі «Савецкая Беларусь»[30].

У часы нацысцкай акупацыі (1941—1944)

правіць
 
Парад нямецкай паліцыі аховы грамадскага парадку ў Мінску, 1943 г. На заднім плане — драўляная плябанія і касцёл

Падчас Другой сусветнай вайны храм быў вернуты парафіі. У святыні зноў распачаліся богаслужэнні. У галерэі касцёла для дзяцей ладзілі батлейку на беларускай мове. Над узнаўленнем касцёла, як і іншых храмаў Мінска, працавалі славутыя беларускія мастакі: Анатоль Тычына, Мікалай Дучыц, скульптар Керзін. Пётра Сергіевіч адмыслова прыехаў для гэтага ў Мінск з Вільні. У 1942 г., пасля рэстаўрацыі, касцёл зноў адкрыўся для набажэнстваў[30]. Пробашчамі касцёла ў ваенны час былі ксёндз Станіслаў Глякоўскі (1896—1941) і ксёндз Зянон Ігнатовіч. Правіў службу ў Чырвоным касцёле і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (1888—1942), які быў пробашчам Мінскага кафедральнага касцёла. Нямецкім уладам не падабалася папулярнасць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, увечары 24 снежня 1942 г. ён быў адвезены са сваёй кватэры службітамі СД і расстраляны каля ўвахода ў канцэнтрацыйны лагер Малы Трасцянец (каля Мінска). Прыняў пакутніцкую смерць ад рук нацыстаў і ксёндз Станіслаў Глякоўскі. Апошні пробашч касцёла ў часе вайны, ксёндз Зянон Ігнатовіч (Ігнатавічус), перажыў вайну, а пасля знаходзіўся ў Ватыкане, затым у Канадзе, дзе і памёр.

Антон Шукелойць (1915—2017), які ў час вайны быў дырэктарам Гістарычнага музея ў Мінску, шмат зрабіў для ўзнаўлення былога хараства святыні. Шукелойць вярнуў у касцёл выдатныя абразы ў стылі мадэрн, што некалі там былі: абраз Божай Маці з краявідам Мінска з касцёлам і ўкленчанымі дзецьмі Вайніловіча. Гэты абраз, што быў забраны савецкімі ўладамі ў музей, выклікаў праблемы, бо і ў музеі людзі на яго хрысціліся і маліліся, таму абраз давялося схаваць на гарышча[30].

Ксёндз Станіслаў Глякоўскі запрасіў у 1941 г. мастака Пётру Сергіевіча для мастацкага ўпрыгожання касцёла. У 1942 г. ён аднавіў вялікі абраз Божай Маці, шанаваны ў гэтай парафіі, і тады ж напісаў славуты партрэт ксяндза Глякоўскага. У гэтым жа музеі былі знойдзены планы фрэскавых роспісаў касцёла, якія ў 1911 г. падрыхтаваў мастак Францішак Бруздовіч і якія толькі праз паўстагоддзя былі выкананы поўнасцю[30].

У часы вайны Мінск моцна пацярпеў, але была страчана ў асноўным драўляная частка горада, а самыя каштоўныя з гістарычнага і культурнага боку мураваныя будынкі гістарычнага цэнтра (Верхняга горада, Нямігі, Траецкага прадмесця, Ракаўскага прадмесця і інш.) і савецкая даваенная забудова ўцалелі: былы Марыінскі кафедральны касцёл, былая Петрапаўлаўская царква, былы сабор Святога Духа, былыя Касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак, Дом урада, Дом афіцэраў, будынкі Ленінскай бібліятэкі, Акадэміі навук, Опернага тэатра і г. д.). Захаваўся некранутым вайной і будынак Чырвонага касцёла. Пагроза разбурэння навісла ў паваенны час.

Паваенны савецкі час

правіць
 
«Паў-барабан» — пазнейшая прыбудова да прэзбітэрыя (алтарнай часткі) касцёла. Фота 2013 г.

Пасля аднаўлення савецкай улады ў Мінску ў 1944 г. касцёл Святога Сымона і Святой Алены зноў быў закрыты. Хоць кіраўнік КПБ Панцеляймон Панамарэнка (1902—1984) абяцаў, што калі мастак Пётра Сергіевіч (1900—1984) пераедзе з Вільні (Вільнюса) у Мінск, то Чырвоны касцёл зноў будзе адчынены. Але Сергіевіч не прыехаў, і касцёл не быў адчынены[30].

У будынку касцёла зноў размясцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», дзе ў 1945—1947 гг. правялі капітальную рэканструкцыю: да прэзбітэрыя (алтарнай часткі) была зроблена новая двухпавярховая прыбудова, унутры сам касцёл літаральна аббудавалі рознымі маленькімі памяшканнямі, у якіх пачалі размяшчаецца тэхнічныя службы кінастудыі, зрабілі павільёны на другім паверсе. Туды, на другі паверх, для здымкаў усцягвалі літаральна і машыны, і коней, іншыя вялізныя аб’екты. Тут здымалі кінастужкі «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Міколка-паравоз», «Нашы суседзі» — класіку беларускага савецкага кіно[30]. У 1960-ыя гг. у будынку касцёла стваралася таксама і ўся беларуская дакументалістыка.

 
Дадатковая верхняя галерэя і дадатковая апсіда — пазнейшыя прыбудовы да касцёла. Фота 2013 г.

У тыя жа 1960-я гг. над будынкам былога касцёла навісла рэальная пагроза поўнага знішчэння. Існаванне каталіцкага касцёла побач з Домам урада і помнікам Уладзіміру Леніну вельмі раздражняла партыйнае кіраўніцтва. Падчас распрацоўкі ў 19501960-х гг. праекта рэканструкцыі плошчы Леніна ў сталіцы БССР комплекс касцёла Святога Сымона і Святой Алены цалкам ігнараваўся як выдатны помнік гісторыі і архітэктуры. Яго прапаноўвалі альбо цалкам зруйнаваць, падарваць, альбо грунтоўна перабудаваць, каб знішчыць яго касцельны выгляд. У 1960-х гг. быў распрацаваны праект самага вялікага ў Мінску і БССР шырокафарматнага кінатэатра, які (альбо краму «Дзіцячы свет») планавалася пабудаваць менавіта на месцы Чырвонага касцёла. Цяпер цяжка сказаць, чаму гэтага не атрымалася. Прычын магло быць некалькі. Спачатку саюзныя ўлады ў Маскве цягнулі з выдзяленнем фондаў на будаўніцтва. Пасля дыктар Беларускага тэлебачання Рэгіна Бакуновіч паведаміла ў прамым эфіры аб маючым адбыцца падрыве касцёла, што выклікала бурныя пратэсты творчай інтэлігенцыі. А хутка і кіраўніка КПБ Кірыла Мазурава (1914—1989) забралі з Мінска на высокую пасаду ў Маскву ў 1965 г., і ён зусім перастаў цікавіцца лёсам панарамнага кінатэатра ў Мінску. Па адной з версій, прыняў удзел ва ўратаванні Чырвонага касцёла ад разбурэння і народны артыст СССР, кінарэжысёр, мастацкі кіраўнік «Беларусьфільма» Уладзімір Корш-Саблін. Пасля пачутых аргументаў мясцовай улады, што касцёлу ўсяго паўсотні год, таму ніякай гістарычнай каштоўнасці ён не ўяўляе, Корш-Саблін паехаў у Маскву, сталіцу СССР. Там ён выказаў такія довады, што, калі зараз пабудове 50 гадоў, то праз 50 ёй ужо будзе 100, а яшчэ праз стагоддзе — 200 год. І рытарычна запытаў, што мы пакінем нашчадкам. Гэта пераканала ўладу, якая загадала касцёл не ўзрываць. Корш-Саблін прапанаваў выкарыстаць будынак пад Дом кіно.

У 1969—1971 гг. быў распрацаваны праект рэканструкцыі будынка касцёла пад Дом кіно. Згодна з гэтым праектам упершыню былі выкананы работы па рэстаўрацыі фасада касцёла і разабраны ўсе пазнейшыя прыбудовы, за выключэннем той, якая прымыкала да прэзбітэрыя (алтарнай часткі), а таксама дадатковай верхняй галерэі з левага боку касцёла. Адначасова гэтым праектам прадугледжвалася далейшае знішчэнне інтэр’ераў былога храма. Інтэр’ер раздзялілі бетоннымі перакрыццямі і перагародкамі, увесь жывапіс сашкрэблі, зрабілі дзве глядзельныя залы на 250 месцаў, кафэ, у вежы адкрылі музей кінематаграфіі. Была разабрана агароджа касцельнай тэрыторыі з манументальнымі брамамі (з боку вуліцы Савецкай), замураваны два ўваходы на тэрыторыю будучага Дома кіно. Каваная металічная брама не была знішчана, а толькі перанесена на вуліцу Берсана. Але менавіта ў такім выглядзе комплекс былога касцёла Святога Сымона і Святой Алены раптам быў аб’яўлены помнікам культуры рэспубліканскага значэння і прыняты пад ахову ўлад. У 1970-я гг. вядомы мастак Гаўрыла Вашчанка зрабіў новыя вітражы, што ўвасаблялі алегорыі пяці мастацтваў, а таксама вялікія медзяныя жырандолі (люстры). Праца Вашчанкі не прапала дарэмна — яго вітражы і да сённяшняга дня ўпрыгожваюць касцёл[31].

У 1975 г. у Чырвоным касцёле, пасля рэканструкцыі, і размясціўся Дом кіно, былі адкрыты кафэ і музей. Менавіта ў сценах Чырвонага касцёла ў 1979 г. адбылася прэм’ера фільма «Дзікае паляванне караля Стаха», знятага па матывах аднайменнай аповесці беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У 1979 г. сцены касцёла паслужылі дэкарацыяй горада Лондана, дзе «Беларусьфільм» здымаў адзін з эпізодаў фільма пра Шэрлака Холмса «Блакітны карбункул». Так было да 1990 г.

19 кастрычніка 1988 г. у Доме кіно (у сценах касцёла) адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход (прысутнічала каля 350 чал.), які зацвердзіў Статут добраахвотнага грамадска-асветнага таварыства «Мартыралог Беларусі» і Дэкларацыю таварыства, а таксама стварыў арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Тады ў грамадскую раду ўвайшлі Зянон Пазняк (старшыня), Васіль Быкаў, Алег Белавусаў, Сяргей Грахоўскі і інш.

У жніўні 1989 г. у сценах касцёла адбыўся сход («сойм») Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», на якім было адкрыта сцверджана, што галоўная задача Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» — суверэнітэт і незалежнасць Беларусі[32].

Аднаўленне дзейнасці касцёла (1990)

правіць

Вяртанне касцёла вернікам

правіць

У часы Перабудовы палітыка Міхаіла Гарбачова абвясціла сапраўдную свабоду веравызнання і адпраўлення культаў. У атмасферы грамадскага абнаўлення ў прыхільнікаў вяртання будынка былога касцёла пад храм з’явілася надзея на лепшае. У 1986 г. мінскія каталікі стварылі ініцыятыўную групу, якая ўзняла пытанне аб рэгістрацыі «другой рэлігійнай каталіцкай грамады». У 1988 г. гэты рух падтрымаў ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, які ў 1984 г. быў пераведзены з латышскіх парафій у Беларусь, дзе пачаў працаваць пробашчам у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, а пасля 1988 г. адначасова служыў вікарыем у Мінскім кальварыйскім касцёле Узвышэння Святога крыжа.

З 1989 г. ксёндз Завальнюк разам з вернікамі пачаў працу за вяртанне народу каталіцкіх святынь у Мінску (касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Кафедральны касцёл, касцёл Святога Роха), аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. 16 сакавіка 1989 г. другая рэлігійная каталіцкая грамада была афіцыйна зарэгістравана ўладамі. Але калі дайшло да вяртання будынка былога касцёла, які на той час належаў Саюзу кінематаграфістаў БССР, высветлілася, што ў савецкай рэспубліцы яшчэ маюць законную сілу дэкрэты аб адносінах да царквы ад 1918 г., падпісаныя Уладзімірам Леніным, згодна з якімі ўся царкоўная маёмасць належыць мясцовым саветам. Разгарнуўся рух за вяртанне касцёла каталіцкім вернікам, у якім прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек — мужчыны і жанчыны, старыя і моладзь. Імі кіраваў камітэт на чале з Ганнай Ніціеўскай-Сіневіч і Уладзіславам Лапам[33]. Паўтара года кожны вечар пасля працы, а ў нядзелю — днём, у любое надвор’е 200—300 вернікаў (склад групы змяняўся) рабілі крыжовыя шэсці вакол будынка касцёла, узносілі малітвы[33]. Акрамя таго, вернікі пачалі настойліва хадзіць па інстанцыях і звяртацца да чыноўнікаў, якія з цяжкасцю прымалі рашучыя захады. Важную ролю ў змаганні за святыню адыгралі Ганна Ніціеўская-Сіневіч і Эдвард Тарлецкі, якія 1 сакавіка 1990 распачалі галадоўку пад сценамі святыні і асабістым укладам паскорылі павяртанне касцёла.[34][35][36]

Настойлівасць удзельнікаў руху не была марнай. 16 мая 1990 г. з’явілася рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта «Аб перадачы будынка на вуліцы Савецкая, 15 другой рэлігійнай грамадзе рымска-каталіцкай царквы»[37]. Праўда, спачатку была вернута толькі малая частка касцёла — галерэя, куды адразу ж унеслі абраз «Езус Хрыстус у цярновай кароне», які служыў сімвалам адраджэння веры і вяртання храмаў. Спатрэбіўся яшчэ доўгі час і намаганні людзей, каб цалкам вярнуць святыню[37].

21 лістапада 1990 г., у дзень 80-годдзя касцёла, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт выдаў пастанову аб вяртанні ўсяго будынка касцёла каталіцкай суполцы. У той самы вечар каталіцкі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч (нар. 1946 г.) адслужыў малебен у касцёле на другім паверсе і блаславіў вернікаў у іх духоўнай і фізічнай працы па аднаўленні касцёла. Так святыня была вернута рымска-каталіцкай царкве, пачаліся набажэнствы і ў каталіцкім, і ва ўніяцкім абрадах, а таксама працы па адраджэнні і рэстаўрацыі святыні. Пробашчам касцёла быў прызначаны ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, пад кіраўніцтвам якога пачало праводзіцца адраджэнне і аднаўленне храма.

Праца па рэстаўрацыі храма. Інтэр’ер і экстэр’ер

правіць

Пачалася рэстаўрацыя, перабудова, ускрыццё схаваных пад тынкоўкай фрэсак. Навуковым кіраўніком работ па рэстаўрацыі касцёла была прызначана вядомы беларускі рэстаўратар Л. Іванова. Пад яе кіраўніцтвам пачаліся навуковыя даследаванні і падрыхтоўка праекта рэстаўрацыі помніка. Падчас натурных даследаванняў інтэр’ераў храма высветлілася, што першапачатковыя роспісы храма знаходзяцца пад слоем тынкоўкі, адначасова быў выяўлены паліхромны клеявы жывапіс на скляпеннях, сценах і калонах касцёла. На падставе гэтых даследаванняў былі зроблены дакладныя копіі малюнкаў, якія пасля перанеслі на існуючую тынкоўку. Гэта дазволіла аднавіць аўтарскія роспісы скляпенняў, апсідаў храма, якія выканаў Бруздовіч[38]. Пачалося аднаўленне жывапісу на калонах і сценах. Пад кіраўніцтвам Гаўрылы Вашчанкі тут вяліся роспісы, а яго вучань Бекір Смольскі напісаў для гэтага храма два абразы: «Святы Сымон і Святая Алена» і «Прыйдзі валадарства Тваё»[31].

Праектам рэстаўрацыі прадугледжвалася максімальна наблізіць інтэр’еры да яго першапачатковага выгляду, аднавіць страчаныя гістарычныя вітражы, металічныя дэталі, алтары і г. д. Было запланавана і аднаўленне разбуранай агароджы і касцельнай брамы. Каб цалкам завяршыць ансамбль касцёла паводле аўтарскага праекта архітэктара Томаша Пайздэрскага, планавалася пабудаваць плябанію, якая злучаецца з касцёлам праз галерэю[38].

 
Рэльеф у інтэр’еры касцёла. Скульптар Яўген Колчаў.

Самі людзі панеслі ў касцёл тое, што здолелі некалі прыхаваць: касцельныя кнігі, прылады для імшы, крыжы, абразы. У 1991 г. была адліта выява герба Мінска («Маці Божая») памерам 3,2 на 2,7 метра, вагой 320 кг. Яе ўмацавалі на франтоне касцёла на месцы, дзе першапачаткова знаходзілася выява шляхецкага герба роду Вайніловічаў «Сыракомля». На сценах касцёла, акрамя ікон, было размешчана шмат карцін духоўнай тэматыкі. У дадзены момант столь касцёла Святога Сымона і Святой Алены чырвоная, а сцены белыя. На сценах плануецца зрабіць іканаграфічныя роспісы. На браме цэнтральнага ўвахода паўколам размешчаны чалавечыя фігуры, якія ўвасабляюць сабой асноўныя этапы будаўніцтва касцёла, але ў дадзены момант брама цэнтральнага ўвахода знаходзіцца на рэстаўрацыі і заменена часовай празрыстай брамай з надпісам-лічбай «100» (юбілейнай датай).

27 верасня 1996 г. рымска-каталіцкім кардыналам (1994—2011) Казімірам Свёнткам (1914—2011) перад уваходам у касцёл у гонар працы першага ў гісторыі Беларусі Сінода каталіцкай царквы была асвечана скульптура Міхаіла Арханёла (4,5 метры; каля 3 тон), святога заступніка Беларусі, над якой працаваў у 1994—1996 гг. мінскі скульптар Ігар Голубеў. Арханёл сімвалізуе перамогу нябеснага войска над сіламі цемры. Бронзавыя таблічкі (шыльды) пры партале і бронзавыя дзверы галоўнага партала зроблены скульптарам Сяргеем Логвінам. На п’едэстале скульптуры надпіс: «Абаронцам Бога, веры, хрысьціянства»[31].

У 2000 г. каля касцёла быў устаноўлены помнік-званіца «Звон Нагасакі» (які зрабіў японскі архітэктар Марыяма) у памяць ахвяр Хірасімы, Нагасакі і Чарнобыля, дакладная копія звона «Анёл», уцалелага пасля атамнай бамбардзіроўкі амерыканцамі падчас Другой сусветнай вайны японскага горада Нагасакі 9 жніўня 1945 г. Такі падарунак гораду быў зроблены японскім каталіцкім біскупствам Нагасакі. Кожны год 26 красавіка, у дзень катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у Мінску «Звон Нагасакі» адначасова звоніць са званамі ў Нагасакі — ва ўшанаванне ахвяр радыяцыі.

Плануецца, што каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены будзе пастаўлены помнік Папе Рымскаму Яну Паўлу II, паводле праекта Леаніда Левіна і народнага мастака Беларусі скульптара Івана Міско[39]. Зараз Чырвоны касцёл упісаны ў кампазіцыю плошчы Незалежнасці, хоць у праекце касцёла не ўлічвалася, што ён будзе знаходзіцца на вялікай плошчы. Па архітэктурным праекце Томаша Пайздэрскага каталіцкі храм павінен быў быць абкружаны 2-3-хпавярховай забудовай XIX ст. і быць высокай архітэктурнай дамінантай у асяроддзі.

На сучасным этапе не ўсе работы па рэстаўрацыі касцёла завершаны, касцёлу патрэбна аднаўленне як унутры будынка, так і знешне. Дагэтуль адсутнічаюць званы ў вежы-званіцы, таму выкарыстоўваецца электронны гук званоў.

У кастрычніку 2017 г. касцёл абнеслі агароджай, каб зрабіць рэстаўрацыю, якую выконвае «Минскпромстрой» па замове КУП «Мінская спадчына»: на касцёле з’явіцца керамічная чарапіца замест металічнай чарапіцы; метал на даху будзе заменены на медзь; будуць заменены і вітражы[40][41]. Каля касцёла былі прадстаўлены і рэндэры, якія адлюстроўваюць прапанову касцельнай адміністрацыі зрабіць прыбудову да касцёла, хоць прапанаваны праект прыбудовы (у тым ліку, з дадатковай вежай), як засведчылі прадстаўнікі КУП «Мінская спадчына», не адпавядае выгляду прыбудовы з пачатковага праекта касцёла ад 1905 года, які быў ухвалены Эдвардам Вайніловічам[41]. Гэта прапанова разглядалася ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь[41], але не была рэалізавана.

Аб’ект здалі ў эксплуатацыю ў маі 2019 года. Кошт работ склаў больш за 5,3 млн рублёў, з якіх 94 % — гэта сродкі гарадскога бюджэту, астатняя частка — грошы, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка і сродкі «Мінскай спадчыны». Рэлігійная абшчына ў фінансаванні работ удзелу не прымала. Былі адрамантаваны будынак плябаніі, рэканструяваны фасады касцёла, заменены дах і дзвярныя блокі[42].

Падзеі 2020 года

правіць

У ліпені 2020 года вакол Чырвонага касцёла разгарэўся скандал. У 2013 годзе касцёл перададзены з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць горада і на праве гаспадарчага ведання замацаваны за КУП «Мінская спадчына». У той жа час на падставе дагавора, заключанага з прадпрыемствам, рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены» атрымала ў бязвыплатнае карыстанне два аб’екты нерухомасці — дом настаяцеля і будынак касцёла агульнай плошчай 3,3 тыс. м²[42]. 12 ліпеня падчас службы вернікам паведамілі, што ўлады налічылі падатак на зямлю і амартызацыю будынка ў памеры 13 тысяч рублёў штомесяц, а агульны доўг склаў 156 тысяч рублёў — непад’ёмныя для парафіі сумы[43]. Быў распачаты збор подпісаў пад зваротам да Прэзідэнта Беларусі з просьбай вярнуць парафіі касцёл з плябаніяй. Раней вернікі ўжо звярталіся ў Мінгарвыканкам з просьбай вярнуць касцёл парафіі, але гарадскія ўлады адмовілі, бо не бачаць у гэтым неабходнасці[43].

 
Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк побач з Чырвоным Касцёлам падчас пратэстаў (14 жніўня 2020 года).

Увечары 26 жніўня, у час адной з мірных акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пачаліся масавыя затрыманні. АМАП хапаў мужчын у аўтазакі, жанчын адпускалі. АМАП зачыніў усе дзверы ў Чырвоны касцёл, заблакаваўшы на 40 хвілін некалькі дзясяткаў людзей, якія там схаваліся[44]. Дзеянні праваахоўных органаў выклікалі абурэнне ў грамадскасці. У той жа дзень генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў рашучы пратэст на дзеянні АМАПу. Ён папярэдзіў дзяржаўныя ўлады і кіраўніцтва сілавых структур, што падобныя дзеянні з’яўляюцца недапушчальнымі і незаконнымі, бо касцёл з’яўляецца святыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя, а блакаванне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму праву грамадзян на свабоду сумлення, абражае пачуцці вернікаў і «выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых». Яго падтрымаў біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі[45].

27 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў заяву вікарыяў, заявіўшы, што неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя панесці пакаранне[46].

  Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту.  

У той жа дзень вакол касцёла жанчыны са звязанымі рукамі ўтварылі ланцуг салідарнасці[47]. Падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк[48].

Сучаснае жыццё касцёла

правіць

Духоўна-культурная дзейнасць

правіць
 
Чырвоны касцёл. Фота 2013 г.

За сто гадоў свайго існавання касцёл служыў па сваім прызначэнні меней за палову свайго веку. Дзякуючы намаганням святароў, рэстаўратараў і мастакоў, Чырвоны касцёл паступова стаў цэнтрам не толькі рэлігійнага жыцця, але і культуры. Зараз у касцёле праводзяцца набажэнствы на беларускай, польскай і італьянскай мовах. Храм адчынены для ўсіх жадаючых, незалежна ад рэлігійных перакананняў. Пачала працу нядзельная школа для дзяцей і дарослых. У касцёле пачала праходзіць катэхізацыя перад прыняццем святых сакрамантаў: хрышчэння, шлюбу, споведзі.

З 2000 г. у касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў дольнай капліцы рэгулярна праводзяць богаслужэнні святары дзвюх уніяцкіх парафій Мінска — Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Святога Духа. Па вялікіх святах да іх далучаліся святары і прыхаджане яшчэ дзвюх парафій — Святога Мікалая і Святога Юзафа[49]. Аднак станам на 2014 г. праз арганізацыйныя змены ў БГКЦ у Чырвоным касцёле рэгулярна моліцца толькі парафія Святога Духа (у дольнай капліцы), а па вялікіх святах (напрыклад, у Вялікдзень) усе мінскія ўніяцкія парафіі збіраюцца на ўрачыстыя набажэнствы ў галоўнай капліцы (верхняй зале).

Зараз пры касцёле дзейнічае болей за 35 духоўных гурткоў, у тым ліку 28 аб’яднанняў «Жывы ружанец» і Клуб каталіцкіх жанчын. З 2006 г. існуе малітоўная група студэнцкай моладзі «Via Dolorosa» (каля 40 чалавек), якія ўзялі ў якасці прыкладу свайго існавання Школу хрысціянскага жыцця і Евангелізацыі (Украіна), створаную капуцынамі[50].

У 1991 г. менавіта Чырвоны касцёл першым у гісторыі Рэспублікі Беларусь арганізаваў паломніцтва з Мінска ў Будслаў у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, які з 1613 г. знаходзіцца ў храме. З той пары паломніцтвы («пілігрымкі») праводзяцца штогод і сталі папулярнымі сярод вернікаў. Усе 120 км да Будслава каталіцкія вернікі Беларусі і замежжа (Польшча, Літва, Украіна і інш.) ідуць пешшу, што займае звычайна пяць дзён. З 2005 г. частка вернікаў (разам з ксяндзом) сумяшчае паломніцкі ход з пастом (на хлебе і вадзе). У 2003 г. пры Чырвоным касцёле быў арганізаваны маладзёжны цэнтр веласіпедных паломніцтваў імя Фрэнка Дафа (болей за 70 веласіпедыстаў). У 2011 г. нават планавалася паломніцтва на скутарах (збіралася болей за 200 чалавек)[49].

З 11 верасня 1993 г. на працягу сямі год ксяндзы з Чырвонага касцёла вялі на радыё перадачу «Голас душы». З 1993 г. у Чырвоным касцёле рэгулярна арганізуюцца сустрэчы святароў і вернікаў розных веравызнанняў (хрысціян, мусульман і іўдзеяў). Сустрэчы праводзяцца ў фармаце сумесных маленняў, канцэртаў з выкананнем твораў духоўнай музыкі і паэзіі, юбілейных сустрэч[51].

У 1994 г. пры касцёле было створана мінскае грамадскае аб’яднанне «Кальварыя», якое пачало займацца доглядам магіл і ўборкай тэрыторыі Кальварыйскіх могілак, а таксама аховай іх ад разбурэння. У 2001 г. аб’яднанне было афіцыйна зарэгістравана, а могілкі атрымалі статус помніка культуры міжнароднага значэння і былі ўзяты пад ахову дзяржавай. Кальварыйскія могілкі — адзіныя старажытныя могілкі, якія маюць такі высокі статус у краіне. У 1997 г. была выдадзена кніга Алы Сакалоўскай «Кальварыя», дзе былі апісаны старыя пахаванні. У 2000 г. кніга атрымала прэмію імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра[52].

У 1992 г. пры храме быў створаны хор «Голас душы», які паспяхова выступае на міжнародных фестывалях духоўнай музыкі, у філармоніі, на радыё і тэлебачанні, запісвае альбомы на дыскі. З цягам часу пры Чырвоным касцёле з’явіліся яшчэ некалькі харавых калектываў, сярод якіх вядомасць атрымаў мужчынскі хор «Арханёл», шматразовы прызёр конкурсаў і фестываляў. З таго часу як у Чырвоным касцёле з’явіўся электрычны арган, пачалі праводзіцца ўрачыстыя вечарыны арганнай музыкі і харавых калектываў Беларусі і замежжа. З 2006 г. кожны месяц дае канцэрты Беларуская дзяржаўная філармонія, арганістам выступае Канстанцін Шараў[53].

У касцёле выдаваўся часопіс «Вера і жыццё», створаны пры касцёле выдавецкі цэнтр (з 1990 г.) пачаў друкаваць шматлікую хрысціянскую літаратуру ў перакладзе на беларускую мову, праводзяцца дабрачынныя канцэрты, адчыняюцца мастацкія выстаўкі. У 2006 г. быў створаны відэацэнтр для здымак фільмаў хрысціянскай тэматыкі. У тэатральнай зале (у г.зв. дольным касцёле) праходзяць спектаклі і выстаўкі. У касцёле былі заснаваны тэатр аднаго акцёра «Зніч» (1989) і студэнцкі тэатр «Анёл» (1996). Касцёл супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, студэнты якой атрымліваюць заказы ад касцёла на выраб ікон, керамікі, вітражоў і г. д., і Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны[54].

У 1996 г. касцёл (з блаславення кардынала Казіміра Свёнтка) звярнуўся да ўлад горада Беластока з просьбай аб вяртанні касцельнай бібліятэкі, што ў 1922 г. была вывезена ў Беласток, дзе да канца XX ст. захоўваліся 6000 тамоў гэтага ўнікальнага збору. Урачыстая перадача фонду кніг адбылася ў 1998 г. у Беластоку на цырымоніі, на якой прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і польскага боку (архібіскуп Станіслаў Шамецкі і беластоцкі гарадскі галава Кшыштаф Юргель). Была перададзена не толькі старая касцельная бібліятэка, але і далучаны фонд іншых кніг, што разам склала 27 тысяч тамоў. У тым жа 1998 г. пры касцёле была адчынена бібліятэка, якая была названа ў гонар Адама Міцкевіча. Гэта адбылося ў дзень 200-годдзя з дня нараджэння паэта. Зараз фонд бібліятэкі налічвае каля 60 тысяч тамоў (як рэлігійнага, так і свецкага характару). Унікальнай з’яўляецца калекцыя кніг аб Рымскім Папе Яне Паўле II. Бібліятэка бясплатна адкрыта для ўсіх жыхароў горада — колькасць абанентаў складае каля 4000 чалавек. У памяшканні бібліятэкі (у дольнай частцы касцёла) праводзяцца літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы[55].

З 2005 г. касцёл выдаў 10 кніг паэзіі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. За кнігу духоўнай паэзіі «Ксты» ў 2006 г. Рыгор Барадулін быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію. У Чырвоным касцёле пасля смерці Рыгор Барадулін быў адпеты па ўніяцкім абрадзе 4 сакавіка 2014 г.

Гуманітарная дзейнасць

правіць

У 1993 г. было зарэгістравана парафіяльнае хрысціянскае таварыства «Карытас» (Міласэрнасць). Людзям, якія жывуць у нястачы, аказваецца гуманітарная дапамога (прадукты харчавання, вопратка, абутак, прадметы побыту, якія ахвяруюцца парафіянамі). З 1992 г. па 2003 г. пры касцёле дзейнічалі дзве бясплатныя сталоўкі, у якіх атрымлівалі ежу 800 чалавек. У дольнай частцы касцёла часам арганізуюцца святочныя бясплатныя абеды для бедных парафіян. Гэтае ж таварыства арганізавала пры касцёле цэнтр медыцынскай кансультацыі, у працы якога ўдзельнічаюць высокакваліфікаваныя лекары (псіхіятры, гамеапаты, гінеколагі) і бясплатна дапамагаюць прыхаджанам сваімі парадамі. Акрамя таго, таварыства «Карытас» арганізуе за кошт ахвяраванняў парафіян, грамадскіх арганізацый і добраахвотных спонсараў паездкі дзяцей з бедных і няпоўных сямей на адпачынак як у беларускія летнікі, так і за мяжу (за кошт прымаючых сямей вернікаў)[56].

У 1994 г. пры Чырвоным касцёле быў створаны (а ў красавіку 1995 г. зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі) цэнтр «Ахова жыцця і выратаванне ненароджаных» (каля 500 чалавек). Яго ўзначаліў доктар тэхнічных навук, прафесар Міхаіл Цяўлоўскі. Цэнтр хутка распаўсюдзіў сваю дзейнасць на ўсю Беларусь: у абласных і раённых цэнтрах былі створаны аддзяленні аховы зачатых дзяцей, сябры якога выступаюць з публічнымі лекцыямі, праводзяць індывідуальныя кансультацыі для цяжарных жанчын і членаў іх сямей, працуюць пры жаночых кансультацыях пры паліклініках і бальніцах. У сакавіку 1999 па ініцыятыве цэнтра ў Мінску адбыўся Міжнародны навукова-практычны кангрэс «Дэмаграфічныя праблемы Беларусі», у працы якога на працягу чатырох дзён прынялі ўдзел 272 дэлегаты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, ЗША і Кітая. Сярод іх было 5 лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, 25 акадэмікаў, 46 дактароў і 85 кандыдатаў навук, 7 аспірантаў, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і ўстаноў краіны. Матэрыялы кангрэса былі апублікаваны касцёлам і дасланы ў многія краіны свету[57].

З 1995 г. пры касцёле працуе цэнтр псіхатэрапеўтычнай дапамогі алкаголікам «АА» (Ананімныя алкаголікі). У 2001 г. склад работнікаў цэнтра папоўніўся на 100 чалавек (святары, нарколагі, псіхолагі, сацыяльныя работнікі, юрысты), паводле прапаноў якіх цэнтр быў перайменаваны ў «Эфата». Касцёл прадставіў цэнтру «Эфата» памяшканне, які штодзённа (акрамя серады) працуе з людзьмі на прынцыпах ананімнасці, добраахвотнасці і добразычлівасці. Цэнтр супрацоўнічае з дзяржаўнымі цэнтрамі «АА» Беларусі і замежжа[58].

Фотакопія Турынскай плашчаніцы

правіць
 
Фотакопія Турынскай плашчаніцы ў Чырвоным касцёле. Фота 2013 г.

Пры Чырвоным касцёле пачаў дзейнічаць навукова-даследчы цэнтр «Святая Плашчаніца Турынская», куды ўвайшлі акадэмікі, дактары навук, іншыя навукоўцы. Пад рэдакцыяй кандыдата гістарычных навук ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка выйшаў у свет болей чым на 600 старонках навуковы том «Евангелле ад Ісуса Хрыста» (аўтары — прафесар Міхаіл Цяўлоўскі і яго жонка Люцыя, якія з 1980 г. праводзілі тэарэтычныя доследы, збіралі факты, што тычыліся Плашчаніцы). А 3 мая 2002 г. (за заслугі навукова-даследчага цэнтра па вывучэнні Турынскай плашчаніцы) касцёлу Святога Сымона і Святой Алены была перададзена з Турына (Італія) «як сімвал сяброўства, місіі міра» адна з сямі існуючых у свеце поўнапамерных фотакопій (4,3x1 м) гэтай рэліквіі, што была размешчана ў галоўным алтары храма. Мінская фотакопія Плашчаніцы была занесена ў дзяржаўны рэестр і з’яўляецца дзяржаўнай каштоўнасцю.

З верасня 2002 па май 2004 г., па просьбе ўкраінскага кардынала Любаміра Гузора, мінская копія «пілігрымавала» па каталіцкіх парафіях Украіны, а пасля па Віцебскай і Мінскай абласцях Беларусі. За гэты час яна стала адной з галоўных Святых Рэліквій Беларусі, якая ўдзельнічае ў хрысціянскіх святах, крыжовых і святочных шэсцях па горадзе Мінску. У 2004 г. ксяндзом-магістрам Уладзіславам Завальнюком перакладзена на рускую мову і выдадзена ў друкарні Чырвонага касцёла кніга прафесара Эмануэлы Марынэлі «Саван — Турынская плашчаніца». Аддаць пашану і пакланенне рэліквіі можна падчас экскурсій, якія штодзённа праводзяцца ў касцёле[59].

У Валенсіі (Іспанія) 28—30 красавіка 2012 г. адбыўся міжнародны кангрэс, прысвечаны Турынскай Плашчаніцы, у якім бралі ўдзел каля 300 дэлегатаў з розных краін свету. Мінскі навукова-даследчы Цэнтр «Святая Плашчаніца Турынская» таксама атрымаў запрашэнне на вылучэнне дэлегата ад Беларусі. Ім стаў навуковец-фізік Валерый Шалатонаў.

22 снежня 2013 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў у касцёле святых Сымона і Алены новы арган. Аргана не было ў Чырвоным касцёле з 1943 г., калі яго вывезлі з Беларусі. На пачатку 2000-х там выкарыстоўваўся сінтэзатар. Кажучы пра асвячэнне аргана Чырвонага касцёла, арцыбіскуп назваў яго «вялікім дарам для святыні, якая знаходзіцца ў цэнтры сталіцы Беларусі», «дзякуючы гучанню якога наша малітва будзе больш магутнай, каб выпрасіць у Бога неабходныя ласкі»[60].

Перанясенне праху Эдварда Вайніловіча ў Мінск (2006)

правіць

Ініцыятыва перанясення праху Вайніловіча ў Чырвоны касцёл

правіць

У 2004 г. пробашч парафіі Святога Сымона і Святой Алены, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, выступіў з ініцыятывай перанесці прах Эдварда Вайніловіча (1847—1928) з Быдгашча (Польшча), дзе Вайніловіч быў пахаваны на Старафарных могілках, у Мінск і размясціць яго ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены, фундатарам якога і быў сам Эдвард Вайніловіч. Вернікі Мінска і многіх мясцін Беларусі адгукнуліся на гэтую ініцыятыву. 21 лістапада 2005 г., у дзень 95-й гадавіны асвячэння і пачатку дзейнасці касцёла Святога Сымона і Святой Алены, парафіяльны камітэт касцёла звярнуўся да пробашча, ксяндза Уладзіслава Завальнюка, з просьбай распачаць справу перанясення праху Эдварда Вайніловіча ў Мінск. Наступным крокам была просьба вернікаў да ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь аб выказванні згоды на пачатак усёй працэдуры. У Польшчы з беларускага боку ў справу ўключыўся тагачасны пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка[61].

Узгадненне фармальных правіл

правіць

Справа была не вельмі лёгкай, бо трэба было аформіць і зацвердзіць шмат дакументаў, каб пераадолець усе юрыдычныя бар’еры. У снежні 2005 г. пробашч Уладзіслаў Завальнюк паехаў у Быдгашч (Польшча) і прывёз адтуль у шкляной урне зямлю з магілы Эдварда Вайніловіча на Старафарных могілках горада, а таксама добрую навіну, што ўлады горада Быдгашч падтрымліваюць старанні вернікаў з Мінска[61].

Калі беларускі бок даў згоду на перанясенне праху фундатара касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінск, для жыхароў Быдгашча імя Вайніловіча ўжо не было чужым, прынамсі для тых, хто чытаў мясцовую прэсу: на старонках «Газеты Паморскай» з’явілася серыя артыкулаў Гізэлі Хмялеўскай, у якіх распавядалася пра гісторыю мінскага Чырвонага касцёла, жыццё і дзейнасць яго фундатара, а пасля дарогу Вайніловіча да Быдгашча. Было гэта мажліва, між іншым, дзякуючы таму, што ўдалося звязацца з нашчадкамі сваякоў Эдварда Вайніловіча. Гэтай інфармацыяй скарысталіся прадстаўнікі мінскага касцёла пры стараннях па перанясенні праху Эдварда Вайніловіча ў сталіцу Беларусі, бо ў адпаведнасці з законамі павінны былі мець на тое згоду блізкіх памерлага. Ніякіх адмоў ад нашчадкаў сваякоў Эдварда Вайніловіча і польскіх улад не было. 31 сакавіка 2006 г. згоду на перанясенне праху ў Мінск у прысутнасці натарыуса падпісала ўнучка яго сястры Марыі Адамаўны (з роду Вайніловічаў) Бельскай (1849—1927) — Ірэна Ендржаёвіч, дачка Эдварда Бельскага і Францішкі Бельскай (з роду Камяроўскіх)[61]. У сакавіку 2006 г. таксама стала вядома, што Мінска-Магілёўская архідыяцэзія не выказвае пярэчання ў справе перавязення ў мінскі касцёл праху яго фундатара. Дакумент з такой інфармацыяй, падпісаны кардыналам Казімірам Свёнткам, атрымаў быдгашцкі біскуп Ян Тырава[62].

Эксгумацыя праху і жалобная імша ў Быдгашчы

правіць
 
Штандар з выявай шляхецкага герба «Сыракомля», які знаходзіцца ў Чырвоным касцёле

8 чэрвеня 2006 г. а дзявятай гадзіне раніцы ў Быдгашчы адбылася эксгумацыя. З боку польскага касцёла ў ёй прыняў удзел ксёндз доктар Генрык Кетлінскі, пастулатар у мностве беатыфікацыйных працэсаў. Беларускі бок прадстаўляў ксёндз пробашч касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк. Па прычыне значнасці падзеі, пры эксгумацыі прысутнічаў таксама беларускі консул у Гданьску Андрэй Фралкоў. Яго прысутнасць на быдгашцкіх могілках мела яшчэ іншы аспект. Як прызнаўся Фралкоў каля магілы Вайніловіча, ён быў выхаваны з павагай да мінскага касцёла: у часы, калі ў будынку касцёла размяшчаўся Дом кіно, яго набожная бабка не дазваляла яму туды хадзіць, мовячы, што функцыянаванне там гэтай установы ў будынку храма недапушчальна[62]. Паводле фармальных правілаў (акрамя падпісаных і натарыяльна засведчаных дакументаў) сваякам патрэбна было і вусна пацвердзіць рашэнне ўжо пры магіле Вайніловіча. Гэтая роля прыпала Гелене Пшчалкоўскай, унучцы Баляслава Канстанцінавіча Скірмунта (1868—1941), што быў стрыечным братам Рамана Скірмунта. Знамянальна, што пры пахаванні Эдварда Вайніловіча ў 1926 г. у Быдгашчы прысутнічаў і вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч Раман Скірмунт (1868—1939) з маёнтка Парэчча (каля Пінска). Пасля эксгумацыі прах быў перакладзены ў труну, купленую на грошы гарадскіх улад горада Быдгашч[62].

10 чэрвеня 2006 г. у Быдгашчы ў кафедральным касцёле Святога Марціна і Святога Мікалая адбылася жалобная імша па Эдвардзе Вайніловічу, якую адслужыў біскуп Ян Тырава. Пры труне ў касцёле стаяў штандар з выявай шляхецкага герба «Сыракомля», якім карысталіся Вайніловічы, спецыяльна прывезены для гэтай нагоды з мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены. А на наступны дзень прах павезлі ў беларускі бок. Яго суправаджалі і беларусы (у тым ліку моладзь з мінскага касцельнага хору, які выступіў падчас жалобнай імшы ў касцёле ў Быдгашчы), і восем палякаў з Быдгашча. Сярод членаў польскай дэлегацыі была і Гелена Пшчалкоўская, і Дарота Мыцельская — праўнучка Пятра Зыгмунтавіча Ваньковіча (1866—1936) і яго жонкі Габрыэлі Артураўны Ваньковіч (з нараўлянскай лініі роду Горватаў), уласнікаў маёнтка Вялікая Сляпянка (каля Мінска)[62]. Як вядома, Пётр Ваньковіч з 1905 г. уваходзіў у склад камітэта па будаўніцтве Чырвонага касцёла.

Цырымонія перапахавання ў Мінску

правіць
 
Месца пахавання Эдварда Вайніловіча каля Чырвонага касцёла ў Мінску[63]. Фота 2013 г.

11 чэрвеня 2006 г., у нядзелю, дэлегацыя з прахам Эдварда Вайніловіча прыбыла ў Мінск, які сустрэў іх добрым надвор’ем і мноствам людзей, што сабраліся каля касцёла. Труну Эдварда Вайніловіча сустракалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка, пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк і вернікі. Сярод прысутных гасцей былі прадстаўнікі іншых ліній беларускага роду Вайніловічаў, афіцыйнай улады, беларускай інтэлігенцыі, а таксама дыпламаты польскага пасольства ў Беларусі.

На даху касцёла побач з крыжам стаялі людзі, якія сімвалізавалі жонку Эдварда Вайніловіча Алімпію і іх заўчасна памерлых дзяцей Сымона і Алену. Ксёндз Завальнюк сказаў: «Мы бачым там жанчыну, хлопчыка і дзяўчынку. Гэта сімвал жонкі Эдварда Вайніловіча Алімпіі, дзеці Сымонка і Алена, якія чакаюць прыезду свайго бацькі. Вось ён. Мы яго чакалі, маліліся і дзякавалі Богу, што ў нашым народзе ёсць такія велічныя людзі». Падчас літургіі сабраным была расказана гісторыя жыцця Эдварда Вайніловіча.

Было дадзена слова прадстаўніцы роду Вайніловічаў, якая, не хаваючы хвалявання, прамовіла, як важна, што нарэшце з’явілася такое месца, дзе могуць разам сабрацца ўсе прадстаўнікі знакамітага роду, каб памаліцца, каб захоўваць і перадаваць нашчадкам багатую гісторыю сваіх продкаў. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў падрыхтавалі прыгожую ўрачыстую цырымонію: у неба ўзляцелі чырвоныя шары, як своеасаблівы сімвал пакутніцкіх кропляў крыві і слёз. У канцы цырымоніі ў неба ўзляцелі і дзясяткі галубоў — сімвал душ, што рассталіся з зямлёю і імкнуцца да Бога. Пасля ўрачыстай імшы ксяндза Уладзіслава Завальнюка, у якой браў удзел ксёндз біскуп Антоній Дзям’янка, апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, труну з прахам Эдварда Вайніловіча замуравалі ў нішы па левым баку ад галоўнага ўваходу ў Чырвоны касцёл (у крыпце дольнага касцёла)[64].

Гарадскія ўлады Быдгашча (Польшча) палічылі, што на Старафарных могілках іх горада павінен быць пакінуты след па Эдвардзе Вайніловічу. Гранітная пліта з яго магілы была адрэстаўравана, і на яе дадалі надпіс аб перанясенні праху Эдварда Вайніловіча ў Мінск[64].

Дзейнасць касцёла па ўшанаванні памяці аб Эдвардзе Вайніловічу

правіць

Пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк распачаў вялікую працу па ўшанаванні памяці аб Эдвардзе Вайніловічу, што працягваецца і дагэтуль. Ён асабіста выступае з ініцыятывамі правядзення навуковых канферэнцый, выдання кніг, стварэння дакументальных фільмаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці Вайніловіча; выступае ў сродках масавай інфармацыі з мэтай пашырэння ведаў аб Чырвоным касцёле і яго фундатары. Ксёндз таксама стварыў прыватны архіў, дзе збірае звесткі і дакументы аб жыцці Эдварда Вайніловіча, яго сям’і і роду.

У 1996 г. ксёндз Уладзіслаў Завальнюк блаславіў выданне кнігі Уладзіміра Дзянісава «Касцёл Св. Сымона і Св. Алены» (1996), якая ўпершыню ўсебакова распавяла аб гісторыі будаўніцтва касцёла Эдвардам Вайніловічам і лёсе храма да нашых дзён.

 
Святкаванне свайго 100-годдзя

Пачынаючы з 2006 г. было створана тры дакументальныя фільмы, якія расказваюць аб Чырвоным касцёле і сям’і Вайніловічаў: «Каля чырвонага касцёла» (2006), «Стагоддзе з бясконцым працягам» (2009), «Малітва за Беларусь» (2010). Рэжысёрам іх стаў Уладзімір Аляксандравіч Арлоў[65]. У 2009 г. па беларускім тэлеканале «ОНТ» у рамках дакументальна-пазнавальнага цыкла «Обратный отсчёт» была паказана перадача «Обратный отсчёт. История покушений на Красный Костёл» («Адваротны адлік. Гісторыя замахаў на Чырвоны касцёл»), якая расказала аб гісторыі касцёла Святога Сымона і Святой Алены і Эдвардзе Вайніловічу. Рэжысёрам фільма таксама быў Уладзімір Арлоў (нар. 1938 г.).

Пасля перанясення праху Эдварда Вайніловіча ў Мінск і яго перапахавання каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены, вялікая група вернікаў (болей 50 тысяч подпісаў) звярнулася да гарадскіх улад з просьбай аб перайменаванні вуліцы Берсана, што праходзіць паблізу Чырвонага касцёла, у вуліцу Вайніловіча. 26 верасня 2007 г. рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта вуліца Берсана была перайменавана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча. Але праз месяц Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову, паводле якой рашэнне гарадскіх улад было прызнана «юрыдычна неабгрунтаваным»[66].

У 2007 г. выдавецтва каталіцкай парафіі Святога Сымона і Святой Алены выдала ўпершыню пераклад першага тома ўспамінаў Эдварда Вайніловіча на рускай мове, рэдактарам якога стаў ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк[67].

У 2008 г. ксёндз пробашч Уладзіслаў Завальнюк выдаў паэму-казань «Так хацеў Бог» у якой апавядаецца пра жыццё Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў. Кніга багата ілюстравана фатаграфіямі, у тым ліку відамі Мінска пачатку XX ст. У чэрвені 2008 г. была ўмуравана мемарыяльная табліца на месцы пахавання Эдварда Вайніловіча каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены.

14 лютага 2009 г. у Мінску ў тэатральнай зале ў дольнай частцы касцёла Святога Сымона і Святой Алены адбылася беларуска-польская навуковая канферэнцыя «Эдвард Вайніловіч — зямянін[68], грамадзянін, каталік»[69], арганізаваная мінскай каталіцкай парафіяй Святога Сымона і Святой Алены, Польскім інстытутам у Мінску, гісторыка-культурнай установай «Палоніка-Літуаніка». На канферэнцыі з дакладамі выступілі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, Аляксандр Стральцоў-Карвацкі (Беларусь), Зміцер Яцкевіч (Беларусь), Аляксандр Смалянчук (Беларусь), Раман Юркоўскі (Польшча), Дарыуш Шпопер (Польшча), Алег Латышонак (Польшча) і Уладзімір Дзянісаў (Беларусь). Даслалі свае артыкулы Аляксандр Ільін (Беларусь) і Анатоль Грыцкевіч (Беларусь). Прысутнічаў і Адам Мальдзіс. Удзельнікі канферэнцыі выказаліся за неабходнасць выдання на беларускай мове ўспамінаў Эдварда Вайніловіча ў поўным аб’ёме і болей грунтоўнага даследавання яго біяграфіі.

У 2010 г. касцёл пачаў святкаваць стагоддзе з дня свайго асвячэння. Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю Чырвонага касцёла, пачаліся ўрачыстасцямі 21 лістапада і працягваліся да 21 лістапада 2011 г.: на працягу святочнага года праводзіліся навуковыя канферэнцыі, фестывалі, турыстычныя паездкі па сядзібах Эдварда Вайніловіча ў Капыльскі раён і г. д.

Чырвоны касцёл (разам з філіялам Нацыянальнага мастацкага музея «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX века» і Польскім інстытутам у Мінску) прыняў удзел у арганізацыі прэзентацыі ў Мінску 18—19 мая 2011 г. кнігі Гізэлі Хмялеўскай «Ускраінны цярноўнік. Аповесць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю» («Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie», 2011). Гэтая кніга на польскай мове стала першым поўным апісаннем біяграфіі Эдварда Вайніловіча. Першы дзень прэзентацыі кнігі Хмялеўскай і рэдкіх фатаграфій фундатара Чырвонага касцёла адбыўся 18 мая, у міжнародны дзень музеяў, у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX века» — у мінскай сядзібе дзеда Эдварда Вайніловіча. А 19 мая прэзентацыя кнігі і альбома фатаграфій была прадоўжана ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены пры ўдзеле пробашча касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка[70].

10 красавіка 2016 г. распачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча.

Пробашчы касцёла

правіць

Пробашчамі касцёла ў розныя гады былі[71]:

  • 1910—1911 — ксёндз Вітальд Тамашэўскі; ксёндз Адам Лісоўскі (1882—1929); ксёндз Міцэвіч; ксёндз Леўгаўд[72]
  • 21 мая 1911—1918 — ксёндз Люцыян Жаландкоўскі (Жалудкоўскі)[72]
  • 1919—1920 — ксёндз Францішак Леўгаўд
  • 1920—1922 — ксёндз Вінцэнт Ключынскі
  • 1922—1928 — ксёндз Адам Пучкар-Хмялеўскі (1891—1938)
  • 1928—1932 — ксёндз Сеўрук і ксёндз Маеўскі
  • 1941—1942 — ксёндз Станіслаў Глякоўскі
  • 1942—1944 — ксёндз Зянон Ігнатовіч (Ігнатавічус)
  • з 1989 — ксёндз Уладзіслаў Завальнюк (нар. 1949)

У культуры

правіць

Песня «Каля Чырвонага касцёла» аўтарства Леаніда Захлеўнага і Леаніда Пранчака ў тэксце мае яўныя спасылкі на касцёл Святога Сымона і Святой Алены.

Легенды вакол касцёла

правіць

Касцёл з’яўляецца выдатным помнікам гісторыі і архітэктуры. І як усе такія прыкметныя помнікі, ён паспеў абрасці прыгожымі легендамі і міфамі. Вось некаторыя з іх:

  • Легенда кажа, што нібыта дачка Эдварда Вайніловіча Алена перад сваёй смерцю намалявала на аркушы паперы эскіз будучага касцёла з чырвонай цэглы, які ёй прысніўся напярэдадні[73].
  • Анекдатычная легенда расказвае пра тое, чаму быў выбраны неараманскі стыль архітэктуры пры будаўніцтве Чырвонага касцёла. Іпаліт Оскаравіч Корвін-Мілеўскі (1848—1932), член Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Віленскай губерні, нібыта запытаў у свайго калегі Эдварда Вайніловіча, члена Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні і адначасова старшыні (прэзеса) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі: «Пане прэзесе, а чаму пан выбраў неараманскі стыль для фундаванага панам касцёла. Вядома, што болей пасаваў бы стыль нашага прыгожага віленскага барока На што Вайніловіч адказаў: «Неараманскі касцёл у царкву ніколі не пераробяць, а барочны — лёгка». Легенда звязана з праблемай, калі пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. царская ўлада многія каталіцкія касцёлы зачыняла ці знешне перарабляла на праваслаўныя цэрквы.
  • Легенда кажа, што фундатар касцёла Эдвард Вайніловіч, які выдаткаваў вельмі шмат грошай на будаўніцтва святыні, пад канец свайго жыцця стаў з-за таго жабраком. Аднойчы ён сам папрасіў міласціну ў людзей каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены. Але людзі не пазналі Вайніловіча і не далі яму грошай. Касцёл гэта пабачыў, і яго камяні пачырванелі ад сораму. З таго часу касцёл з’яўляецца чырвоным.

Спіс пахаваных у касцёле

правіць

Галерэя

правіць

У філатэліі

правіць

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Харэўскі, С.. Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску // Прамоўленае / С. Харэўскі.. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 107.
  2. Харэўскі, С.. Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску // Прамоўленае / С. Харэўскі.. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 108.
  3. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 11.
  4. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 13.
  5. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 14.
  6. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 23. — 368 с. (польск.)
  7. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 15.
  8. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 14. — 368 с. (польск.)
  9. а б в Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 96. — 368 с. (польск.)
  10. а б в г д е ё Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 97. — 368 с. (польск.)
  11. Fruba, P. Tomasz Pajzderski // Polski Słownik Biograficzny / Padło Jan — Parczewski Franciszek.. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1980. — Т. XXV/1. — С. 34. — 104 с. (польск.)
  12. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 21.
  13. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 23.
  14. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 24.
  15. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 29.
  16. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 30.
  17. а б в Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 31.
  18. а б в г д е Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 98. — 368 с. (польск.)
  19. Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 33.
  20. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 34.
  21. Зараз на гэтым месцы размешчана выява герба Мінска — «Маці Божая».
  22. а б Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz.. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — Т. cz. 1. — С. 99. — 368 с. (польск.)
  23. Ślizień, Wł. Nowy kościoł w Mińsku Litewskim… С. 10.
  24. Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске… С. 134.
  25. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — С. 100. — 216 с. — ISBN 985-11-0199-0.
  26. Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska.. — Łomianki: LTW, 2011. — С. 108. — 369 с.
  27. а б в Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 37.
  28. Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska.. — Łomianki: LTW, 2011. — С. 130. — 369 с.
  29. Jurkowski, R. Ziemia ojczysta, Mińszczyna i lud białoruski we «Wspomnieniach» Edwarda Woyniłłowicza // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў літаратурных творах на рубяжы XIX—XX стст.: Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф.: Польскі Ін-т у Мінску. Мінск: 27 крас. 2010 г. / рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі.. — Мінск: В. Хурсік, 2011. — С. 47.
  30. а б в г д е ё Харэўскі, С. В.. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі.. — Вільня: ЕГУ, 2011. — С. 23. — 432 с.
  31. а б в Харэўскі, С. В.. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі.. — Вільня: ЕГУ, 2011. — С. 24. — 432 с.
  32. Пазьняк, З. Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў Архівавана 5 сакавіка 2016.… С. 3.
  33. а б Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 42. — 192 с.
  34. Magazyn Polski № 10.2013. TADEUSZ GAWIN «Początek odrodzenia» стар.11
  35. Tadeusz Gawin. «POLSKIE ODRODZENIE NA BIAŁORUSI 1988—2005». стар.288 Wyższa Szkoła Administracji Publicznej im. Stanisława Staszica BIAŁYSTOK 2010 Архівавана 4 лютага 2016. ISBN 978-83-60772-23-2
  36. Cezary Goliński, Batalia o kościół, «Głos znad Niemna», nr 5 (7) z maja 1991.
  37. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 46.
  38. а б Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — С. 50.
  39. Харэўскі, С. В.. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі.. — Вільня: ЕГУ, 2011. — С. 25. — 432 с.
  40. Смотрите, каким может стать Красный костел после реконструкции(недаступная спасылка)
  41. а б в Красный костел в Минске начали реконструировать, рядом может появиться пристройка
  42. а б Мінгарвыканкам: Запазычанасць Чырвонага касцёла складае больш за 166 тысяч рублёў
  43. а б «Для нас гэта было нечаканасцю»: прэс-сакратар Каталіцкай царквы пра сітуацыю з Чырвоным касцёлам
  44. Затрыманні на плошчы Незалежнасці. Мужчын хапалі, жанчын адпускалі, заблакавалі дзверы Чырвонага касцёла
  45. «Выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых». Біскуп Юрый Касабуцкі заявіў пратэст на дзеянні сілавікоў на тэрыторыі Чырвонага касцёла
  46. «Неадэкватныя дзеянні павінны быць расследаваныя, а вінаватыя панесці пакаранне»: заява Тадэвуша Кандрусевіча наконт блакавання Чырвонага касцёла
  47. Каля Чырвонага касцёла ў Мінску ўтварыўся ланцуг жанчын. Яны стаяць са звязанымі рукамі.
  48. Менск, падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Чырвонага касьцёлу
  49. а б Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 54. — 192 с.
  50. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 56. — 192 с.
  51. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 66. — 192 с.
  52. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 60. — 192 с.
  53. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 63. — 192 с.
  54. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 61, 63, 66, 67. — 192 с.
  55. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 64—65. — 192 с.
  56. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 58. — 192 с.
  57. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 59—60. — 192 с.
  58. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 64. — 192 с.
  59. Тарас, А. Е. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 69.
  60. http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/120442-argan.html catholic.by
  61. а б в Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska.. — Łomianki: LTW, 2011. — С. 343. — 369 с.
  62. а б в г Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska.. — Łomianki: LTW, 2011. — С. 344. — 369 с.
  63. Злева знаходзіцца надмагільны камень з разбуранага надмагільнага помніка Сымону Вайніловічу ў вёсцы Савічы (Капыльскі раён).
  64. а б Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska.. — Łomianki: LTW, 2011. — С. 345. — 369 с.
  65. Фильмы производства «Чырвоны касцёл» (руск.)
  66. Тарас, А. Е. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас. — Минск: ФУАинформ, 2010. — С. 51.
  67. Войнилович, Э. Воспоминания: Пер. с польск. / Общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римско-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.)
  68. Арганізатарамі канферэнцыі ўжыта слова-калька з польскай мовы „зямянін“ („ziemianin“), якое перакладаецца як „маянтковец“, „землеўласнік“ ці „шляхціц-землеўласнік“.
  69. Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік: матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску.. — Мінск, 2009. — 70 с.
  70. День музеев в Доме Ваньковичей Архівавана 30 жніўня 2011. (руск.)
  71. Інфармацыя пра тое, хто быў пробашчам касцёла з 1918 па 1922 з’яўляецца супярэчнай, падаецца ў розных друкаваных выданнях па-рознаму. Гл. Тарас, А. Е.. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас.. — Минск: ФУАинформ, 2010. — 192 с.
  72. а б Nasze koscioły / pod red. ks. Jozafata Żyskara. — Warszawa: Druk Piotra Laskauera, 1914. — Т. 2. Djecezja mińska. — Z. 11, Dekanat miński — miasto. — S. 8. — 18 s. (польск.)
  73. Воложинский, В. Г. Минск в легендах, мифах и преданиях / В. Г. Воложинский.. — Минск: ФУАинформ, 2012. — С. 206. — 345 с. — ISBN 978-985-6868-51-4. (руск.)

Літаратура

правіць
  • Войнилович, Э. Воспоминания: Пер. с польск. / Общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.)
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s. (польск.)
  • Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — 52 с.
  • Дзянісаў, У. Каштоўная крыніца гісторыі / У. Дзянісаў // Наша вера. — 2004. — № 1.
  • Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске / О. Матусевич // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 133—136.
  • Туронак, Ю. Трагізм і загадкавасць лёсаў / Ю. Туронак // Наша вера. — 1996. — № 1 (2).
  • Харэўскі, С. В.. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі.. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1.
  • Харэўскі, С. Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску // Прамоўленае / С. Харэўскі.. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 88—111.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki: LTW, 2011. — 369 s. — ISBN 978-83-7565-128-7. (польск.)
  • Пазняк, З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў / З. С. Пазняк. — Мінск: Нар. асвета, 1985. — 109 с.
  • Чернатов, В. Страничка каменной летописи / В. Чернатов // Нёман. — 1976. — № 3. (руск.)
  • Тарас, А. Е. Костел в нашей жизни / А. Е. Тарас. — Минск: ФУАинформ, 2010. — 192 с. — ISBN 978-985-6868-44-6. (руск.)
  • Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік: матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску.. — Мінск, 2009. — 70 с.
  • Nasze koscioły / pod red. ks. Jozafata Żyskara. — Warszawa: Druk Piotra Laskauera, 1914. — Т. 2. Djecezja mińska. — Z. 11, Dekanat miński — miasto. — 18 s. (польск.)
  • Jurkowski, R. Ziemia ojczysta, Mińszczyna i lud białoruski we «Wspomnieniach» Edwarda Woyniłłowicza // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў літаратурных творах на рубяжы XIX—XX стст.: Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф.: Польскі Ін-т у Мінску. Мінск: 27 крас. 2010 г. / рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі.. — Мінск: В. Хурсік, 2011. — С. 31—52.
  • Wyczyński, K. Pajzderski Tomasz / K. Wyczyński // Architekt. — 1909. — styczeń, z. 1. (польск.)
  • Ślizień, Wł. Nowy kościoł w Mińsku Litewskim Архівавана 5 сакавіка 2016. / Wł. Ślizień // Tygodnik Wileński. — 1911. — № 2. — S. 7—10. (польск.)
  • Воложинский, В. Г. Минск в легендах, мифах и преданиях / В. Г. Воложинский.. — Минск: ФУАинформ, 2012. — 345 с. — ISBN 978-985-6868-51-4. (руск.)
  • Fruba, P. Tomasz Pajzderski / P. Fruba // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1980. — T. XXV/1. Zesz. 104: Padło Jan — Parczewski Franciszek. — S. 34—35. (польск.)

Спасылкі

правіць