Васіль Васілевіч Нікольскі

пісар гаспадарскі

Васіль Васілевіч Мікольскі (1496, 1508, 1510), або Нікольскі (1505, 1508, 1509) (сяр. XV ст. — пасля 1508) — пісар гаспадарскі за часам вялікіх князёў Казіміра, Аляксандра і Жыгімонта Старога.

Васіль Васілевіч Нікольскі
Род дзейнасці дзяржаўны служачы
Дата смерці не раней за 1511
Грамадзянства
Бацька Васіль Паўлавіч

Біяграфія

правіць

З чарнігаўскіх баяр, сын пісара гаспадарскага Васіля Паўлавіча. Пачаў служыць у Канцылярыі пры вялікім князю Казіміры, што вядома з ліста ад 1505 года вялікага князя Аляксандра свайму пісару «Нікольскаму Васілевічу Паўлавіча» на бацькоўскі маёнтак у Дзярэчынскай воласці (частку вядомую як сяло Кочын).[1]

У 1501 годзе браў удзел у пасольстве на чале з дваранінам гаспадарскім Міхаілам Халецкім, сваім стрыечным братам, ад вялікага князя Аляксандра да хана Заволжскай Арды.[2]

Паміж 1500—1506 гадамі Мікольскі атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Вакінікі ў Троцкім павеце, замест чарнігаўскай вотчыны, захопленай маскоўскімі войскамі, да часу яе вызвалення. У 1506 годзе часовае наданне пацвердзіў вялікі князь Жыгімонт Стары. У 1508 годзе, аднак, гэтыя тэрыторыі былі канчаткова страчаны ВКЛ на карысць маскоўскага боку.[1]

Узяў удзел у мяцяжы Глінскага, прычыны ўчынку не вядомы, і з 1508 года ў дакументах віленскага двара завецца здраднікам. Быў даверанай асобай князя Міхаіла Глінскага, пасыланы ім да вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча. Роля Мікольскага ў мяцяжы не абмяжоўвалася пасольскімі функцыямі, вядома, што летам 1508 года нейкі Курбака трымаў «ад здрадцы Мікольскага» Чачэрск, але болей нічога пэўнага.[3]

Маёмасць Мікольскага канфіскавалі, ужо жніўнем 1508 года яго дом у Вільні «супраць Святога Яна» атрымаў князь Васіль Палубінскі, лютым 1509 года бацькоўскі маёнтак «Кочин то есть Деречин» па «Василю Николском зрадцы»[4] атрымаў оўруцкі намеснік Сямён Палазовіч, двор Вакінікі атрымаў у «заставу» князь Глеб Пронскі, а ў 1510 годзе Вакінікі, якія раней трымаў «зрадъца нашъ Василеи Миколскии»[5] нададзены Пронскаму на «вечнасць».[6]

Такім чынам Васіль Мікольскі апынуўся ў Маскве. Далейшы лёс пэўна невядомы.

На думку Алены Русінай[uk], напэўна, пасрэдніцтвам жонкі князя Васіля Глінскага — Ганны, сястры сербскага ваяводы Стэфана Якшыча, Васіль Нікольскі трапіў да ваяводскага двара, але і там мог быць даверанай асобай Глінскіх.[7] Алена Русіна атаясняе Васіля Мікольскага з «многогрешным и хуждьшим в християнех Василием презвитером Никольским от Дольняя Руси», які на заказ Стэфана Якшыча ў 1511 годзе напісаў палемічны твор «Сказание о исхождении Святого Духа». Паводле Русінай, за тоеснасць сведчаць супадзенне імя і прозвішча і паходжанне з Дольняй Русі, а «презвитером» ён стаў праз скажэнне ў пазнейшых спісках Сказання зыходнага «прозываемый»[8]. Пазней Аляксандр Груша адзначыў, што Нікольскі можа быць не прозвішчам, а звычайным тагачасным вызначэнне месца службы перапісчыка Сказання — царквы св. Мікалая, і на яго думку атаясненне памылковае[9]. У Нэдлаку[ro], горадзе Якшычаў[en], і праўда прынамсі пазней была драўляная царква св. Мікалая, нанова мураваная[ro] ў XIX ст.

Зноскі

  1. а б Русина 2000, с. 46.
  2. Русина 2000, с. 50.
  3. Русина 2000, с. 46-47.
  4. LM 8. — № 424. — С. 315—316.
  5. LM 8. — № 487. — С. 353—354.
  6. Русина 2000, с. 47-48.
  7. Русина 2000, с. 48.
  8. Русина 2000, с. 44.
  9. Груша 2006, с. 161.

Літаратура

правіць
  • Русина О. Василь Никольський — невідомий книжник XVI століття і його творчість // Записки Наукового товариства імені Шевченка. — Львів: 2000. — Т. 240 (CCXL). Праці Комісії спеціальних (допоміжних) історичних дисциплін. — С. 43—52.
  • Русіна О. В. Никольський Василь Васильович // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наукова думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. — 728 с. : іл. — ISBN 978-966-00-1061-1.
  • Груша А. І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гадоў XV – першай паловы XVI ст.. — Мн., 2006. — 215 с.