Вялікія Навасёлкі

вёска ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Вялі́кія Навасёлкі[1] (трансліт.: Vialikija Navasiolki, руск.: Великие Новосёлки) — вёска ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Дзяржынскага сельсавета.

Вёска
Вялікія Навасёлкі
Палац пры сядзібе Кастравіцкіх
Палац пры сядзібе Кастравіцкіх
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
229 м
Насельніцтва
  • 398 чал. (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1716
Паштовыя індэксы
222740
Аўтамабільны код
5
Вялікія Навасёлкі на карце Беларусі ±
Вялікія Навасёлкі (Беларусь)
Вялікія Навасёлкі
Вялікія Навасёлкі (Мінская вобласць)
Вялікія Навасёлкі

Гісторыя правіць

 
Сядзіба Кастравіцкіх. Руіны стайні.

Гістарычны маёнтак у Менскім павеце Менскага ваяводства, у розныя часы землі маёнтка належалі Гальшанскім, Гладкім, Аколавым, Багуфалам, Гарноўскім, Скіндарам, Аўсядоўскім, Ратомскім, Жыдовічам, Камароўскім, Умецкім, Радзівілам, Ждановічам, Калечыцам, Юндзілам, Даноўскім, Жукавецкім, Кастравіцкім. У склад маёнтка ўваходзілі мястэчка Навасёлкі з каталіцкай плябаніяй і навакольныя фальваркі і вёскі Гаруцішкі, Ярашоўка, Баброўка, Прыступаўшчына, Ясюцевічы, Чапля, Яцкоўшчына, Ляхаўшчына, Акалоўшчына, Граблеўшчына, Камень і іншыя землі.

Вядомы з XV стагоддзя як уладанне князёў Гальшанскіх у Менскім павеце. У XV ст. князі Юрый Сямёнавіч і яго сын Аляксандр Юр’евіч Гальшанскі, кашталян віленскі і староста гарадзенскі, надавалі землі ў Навасёлках на ленным праве прадстаўнікам баярскага роду Гладкіх, нашчадкі якіх валодалі маёнткам да 2-й паловы XVII ст. У 1540 годзе Навасёлкі былі нададзены Гладкім на вечнасць князем Паўлам Гальшанскім, віленскім біскупам, прывілей быў пацверджаны Жыгімонтам Аўгустам. У 1562 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў Навасёлкам статус мястэчка.

У XVI ст. землі маёнтка Навасёлкі раздзяліліся паміж прадстаўнікамі некалькіх шляхецкіх родаў, уладальнікамі частак былі Гладкія, Багуфалы, Аколавы, Гарноўскія, Радзівілы. Асноўная частка маёнтка і мястэчка Навасёлкі з мяшчанамі належала Гладкім.

У 1584 годзе частка зямель з прыгоннымі сялянамі была нададзена Рыгору Ждановічу ад князя Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага. Ждановічам у Навасёлках належалі зямля Семенчоўшчызна, зямля Тарайкоўская, зямля Малдрычына, зямля Чарамовічы, зямля Грыбчоўская, зямля Какорэчынская, зямля Дашкоўская, Ляхаўшчына.

У пачатку XVII ст. частка зямель перададзена Гладкімі ў заставу пану Даніэлю Скіндару (Навасёлкі Галубоўскія). Частка Навасёлак, якая належала Ждановічам, пазней стала менавацца засценкам Навасёлкі і ляжала паміж землямі Гладкіх і Аравінка-Аўсядоўскіх, якія аселі ў Навасёлках у XVII ст. Аляксандр Аўсядоўскі быў жанаты на прадстаўніцы роду Скіндараў, ад сваякоў жонкі атрымаў частку маёнтка ў заставу. У сваю чаргу праз шлюб з Аўсядоўскай частка зямель перайшла ў валоданне Ратомскіх. Сярод саўладальнікаў маёнтка ў XVII ст. таксама былі Юндзілы (праз шлюб з Гладкай), Даноўскія. Гаруцішкі, якія ўваходзілі ў склад Навасёлак, належалі Таргоням-Жыдовічам. Частка маёнтка, якая заставалася ў валоданні Гладкіх, менаваліся Навасёлкі Гладкоўскія.

Частка маёнтка Навасёлкі, названая Ярашоўка, упершыню згадваецца ў 1594 г. як баярскае паселішча Ярашоўскае. Каля 1634 г. разам з баярамі Казінцамі была перададзена застаўным правам ад Даніэля Скіндара Марку Калечыцу. 30 красавіка 1638 года Марка Калечыц таксама атрымаў застаўнае права на грунт пад Ярашоўкай ад Яна Ждановіча. У 1655 годзе той грунт пад Ярашоўкай быў перададзены ад Калечыца Аравінка-Аўсядоўскім. Калечыцы трымалі ў пазнейшыя часы памежныя Навасёльскія землі Крошын, Карандзянка, Круглую, Вуглы (Пяткевічы). Частка фальварка Яцкоўшчына была перададзена ад Аколавых Жукавецкім. У 1668 годзе Стэфан Крыштафавіч Гладкі прадаў Навасёлкі Гладкоўскія Багуфалам, 4 кастрычніка 1673 года астатнія землі пад назвай Аколава (Аколаўшчына), Яцкоўшчына, Граблеўшчына былі прададзены ад Стэфана Гладкага Стэфану Кастравіцкаму, скарбніку мсціслаўскаму. Частка маёнтка, што менавалася Навасёлкі Галубоўскія разам з фальваркам Ярашоўка ў XVIII ст. перайшла ад Аўсядоўскіх да Умецкіх.

Асобныя часткі Навасёлак былі далучаны да Койданаўскага графства Радзівілаў. Так, у 1670-я гады XVII стагоддзя Шымакоўшчыну трымаў за службу лоўчым пан Станіслаў Ждановіч. У канцы стагоддзя яна была далучана да вёскі Леднікі пры фальварку Уса, пазней менавалася засценак Бойдакі.

З канца XVI стагоддзя памежныя грунты Навасёлак займаліся койданаўскімі баярамі князёў Радзівілаў і ўключаліся ў інвентары койданаўскай маёмасці. Лес і поле Вуглы паноў Багуфалаў былі заселены Варонічамі, Калечыцамі, Міхалоўскімі, якія заснавалі шляхецкі засценак Пяткевічы. У той частцы Навасёлак, якая ў XVIII стагоддзі стала менавацца засценкам (сучасныя Малыя Навасёлкі) у 2-й палове XVII—XVIII стагоддзях зямлю трымалі радзівілаўскія зямяне і шляхта Ждановічы, Шунейкі, Шацілы, Антановічы, Каржанеўскія. У 1695 годзе сярод мясцовых жыхароў Станіслаў Кршчановіч, былы падстароста койданаўскі і праз шлюб з Зофеяй Івіцкай Станіслававай Вяжэвічавай застаўны трымальнік маёнтка Дабрынёва.

У 1932—1954 гадах — цэнтр Навасёлкаўскага сельсавета.

Славутасці правіць

 
Магіла Каруся Каганца

Страчаная спадчына правіць

  • Каталіцкая капліца Святога Станіслава на могілках

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)

Літаратура правіць

  • Чарняўскі Ф. В. Стэфан Гладкі — пісар земскі Менскага ваяводства ў 1571—1617 гг. // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Выпуск 10. Мінск: НГАБ, 2012. С. 247—266.
  • Ф.319-2-1198, Арк. 1-5 НГАБ, справа аб дваранскім паходжанні роду Ждановічаў.
  • НГАБ. КМФ5-1-1696. Інвентар маёнтку Койданава 1588 г.

Спасылкі правіць