Вялікі рэйд Лісоўскага

Рэйд Лісо́ўскага — эпізод вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў, у часе якога лісоўчыкі пад камандаваннем пана Лісоўскага здзейснілі паход углыб тэрыторыі Масковіі. Агулам у рэйдзе ўзялі ўдзел да 1200—2000[1] чалавек. Паход быў узгоднены з гетманам Хадкевічам, якому патрэбна было адцягнуць увагу маскавітаў ад аблогі Смаленска.

ПадрыхтоўкаПравіць

Пад канец 1614 года ў Магілёве палкоўнік Аляксандр Юзаф Лісоўскі абгаварыў з гетманам Хадкевічам магчымасць глыбокага рэйду ў «маскоўскія межы» і атрымаў згоду і ўхвалу як манеўр, што адцягне ўвагу ад Смаленска. 12 студзеня 1615 года ў спецыяльным універсале Лісоўскі заклікаў пад свае харугвы «людзей, што перабываюць без службы», гатовых служыць без аплаты, толькі за долю ў ваеннай здабычы.

Падрыхтоўка да паходу вялася ў Смаленску. Аддзел складаўся з палякаў, літвінаў, немцаў, татараў, украінцаў. Польская скарбніца не фінансавала паход, які меў карміцца цалкам коштам ваеннай здабычы. У першаснае ядро загону ўваходзіла 600 лісоўчыкаў, якія дзяліліся на 6 харугваў (сотняў). Паводле загаду гетмана Хадкевіча Лісоўскі выступіў у паход у другой палове лютага 1615 года. Першай мэтай яго паходу быў Бранск.

Падзеі рэйдуПравіць

 
Лісоўчыкі — удзельнікі рэйду Лісоўскага

13 сакавіка лісоўчыкі падышлі да Бранска, дзе знаходзіўся маскоўскі гарнізон, аднак узяць яго не здолелі. Блакада горада цягнулася больш за два месяцы, за якія Лісоўскі назапашваў сілы. Лік лісоўчыкаў падвоіўся за кошт немцаў, данскіх казакоў і палякаў, прысланых Хадкевічам. Дачуўшыся пра падыход маскоўскага войска князя Юрыя Шахаўскога (7 тысяч чалавек), Лісоўскі выйшаў насустрач і 19 чэрвеня атакаваў пад Карачавам. Нягледзячы на колькасную мяншыню, Лісоўскі здолеў разбіць войскі князя Шахаўскога. У гэты час да Масквы з поўначы падышлі казакі атамана Балаўні, якія падтрымалі лісоўчыкаў.

Пасля здушэння мецяжу на поўначы маскоўскія ўлады сабралі супраць Лісоўскага новае войска з князем Пажарскім на чале. 23 жніўня за 6 кіламетраў ад Арлу перадавы аддзел царскіх войскаў атакаваў лісоўчыкаў, сам Лісоўскі быў паранены стралой у руку, аднак кантратака лісоўчыкаў адкінула маскоўцаў. Князь Пажарскі страціў палову з 2000 воінаў, але Лісоўскі не стаў атакаваць умацаванні, каб не панесці вялікіх ахвяр.

Праз 6 дзён, 29 жніўня, Лісоўскі нечаканым штурмам захапіў і спаліў Арол. Адсюль лісоўчыкі пайшлі на поўнач і ўжо 10 верасня падышлі пад Болхаў. Сустрэўшы тут супраціўленне, 11 верасня спалілі аддадзены на волю лёсу Бялёў. У той жа дзень лісоўчыкі падышлі да Ліхвіна, аднак мясцовы гарнізон утрымаў абарону. 12 верасня Лісоўскі ўзяў Перамышль. Тым часам князь Пажарскі сабраў сілы і пачаў пераслед Лісоўскага, аднак, захварэўшы, адышоў у Калугу. Лісоўскі абышоў Калугу з захаду і неспадзявана ўдарыў на Ржэў, дзе знаходзілася буйное войска маскалёў пад камандаваннем Фёдара Шарамецева. Нечаканая атака забяспечыла лісоўчыкам перамогу. Пад Ржэвам да Лісоўскага далучыліся 160 казакоў, аднак агульная колькасць паменшылася за кошт сыходу немцаў і гібелі ці палону часткі воінаў. У распараджэнні Аляксандра Лісоўскага заставалася 850 вершнікаў.

Пакінуўшы Ржэў, лісоўчыкі спалілі Таржок і, мінуўшы Кашын, падышлі да Угліча. 2 снежня лісоўчыкі спыніліся ў ваколіцах Раманава, захапілі Данілаву слабаду і разрабавалі ваколіцы. Наступная здабычай стала Шуя. У канцы снежня 1615 года лісоўчыкі дайшлі да Мурама, аднак былі адбіты мясцовым гарнізонам. 25 снежня царскі ваявода Фёдар Куракін дагнаў Лісоўскага ў раёне Алексіна, аднак апошні здолеў захаваць аддзел. 29 снежня лісоўчыкі падышлі да Ліхвіна і 3 студзеня 1616 зноў паспрабавалі яго ўзяць, але беспаспяхова. Пасля гэтага войска Лісоўскага вярнулася на Літву, у Мсціслаў.

ЗначэннеПравіць

Поспех рэйду акрыліў палякаў і літвінаў, і праз два гады яны зладзілі Маскоўскі паход Уладзіслава, спадзеючыся пасадіць каралевіча на маскоўскі сталец і заключыць унію між абедзвюмя дзяржавамі.

Зноскі

  1. Леонтьев Я. Казак с картины Рембрандта // «Политический журналъ», 12 ноября 2007 — № 31 (174); (www.politjournal.ru)

ЛітаратураПравіць

  • Зорин А. В. Лисовчики: Александр Юзеф Лисовский и его полк в истории Смутного времени. — М.: Квадрига, 2017. — 236 с. — (Забытые войны России). — ISBN 978-5-91791-250-9.

СпасылкіПравіць