Ліцвіны

палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага
(Пасля перасылкі з Літвіны)

Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.

Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[3]

Гістарычныя згадкі

правіць

Найстаражытнейшым вядомым цяпер кірылічным тэкстам з ужываннем назвы «літвін» ёсць датаваная 1370-1380-мі гадамі берасцяная грамата № 283 з Вялікага Ноўгарада, дзе згаданы «Василко литвинъ»[4].

Назва «литвин» ужываецца ў пазнейшых вялікалітоўскіх і рускіх летапісах: «Лува Литовникъ» або «Лува Литвинъ»[5], у пазнейшых спісах «съ Лукою съ Литвиномъ» (Сафійскі першы летапіс, пачатак XV ст.[6][7]) — да літоўскага баярына пры двары князя Даўмонта пад 1266 годам; «сий Андрей бяше родом литвин» — да сына літоўскага князя Гердзеня пад 1289 годам[8]; «литвин родом» у Жыціі Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагоддзя[9]; «два Литвина большие» — да праваслаўных літоўцаў, баяр караля Ягайлы пад 1387 годам[10]; «Андрей литвин» — да продка Неміровічаў пад 1406 годам[11].

Таксама з XIII ст. вядомы ў вялікалітоўскіх крыніцах граматычныя лацінскія формы: Litwinos, rex Litwinorum — у грамаце Міндоўга 1261 года[12], Lethvinorvm — на пячатцы Гедыміна 1323 года[13]; з суседніх Літве краін: Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэна з Казімірам Куяўскім 1259 года, Littwini — у лісце лівонскіх біскупаў 1277 года і інш.

 
Літвіны (праваруч) на Грунвальдскім полі, 1410 г.

У крыніцах заходнерускай мовы азначэнне «літвін» найраней вядома з перакладу ярлыка 1393 года[14][15] ад ардынскага цара Тактамыша да караля Ягайлы («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»).

У крыніцах ВКЛ назва «літвін» як азначэнне ўсяго насельніцтва Княства вядома ў дамоўных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440 і 1480): «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…»; у дамове 1480 года выраз «нашого Литвина» адпавядае выразам «нашы купцы», «люди нашы» і абымае як жыхароў Вільні, так і жыхароў Полацка[16].

Паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, «родічамі старожытнымі і врожонцамі» ВКЛ былі літвіны і русіны: «…то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского (…). Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ».

 
Літвіны з кнігі «Nova et acurata totius Europae tabula», 1608 г.

Назва «літва», «літвіны» як палітонім — адзіная назва ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, ужывалася ў дзяржаўных актах, наратыўных і мемуарных крыніцах, напрыклад:

  • у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 года («Теж уфаляем, абы панове воеводове, старостове, державцы, тівунове, Літва і Полякове, всі особамі своімі на войну ехалі с почты…»)[17];
  • у статуце менскага цэха рымараў 1634 года («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali…»)[18];
  • у дзённіку Фёдара Еўлашоўскага 1603 года («Маршалковал межы посламі наш літвін, князь Лукаш Болько Свірскій»)[19].

У вялікалітоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[20] «літоўскім народам» названа агулам насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Таксама і ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народа»).[21]

Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (Белай Русі) маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі. Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».

 
Літвіны ў народных строях, пачатак XX ст.

У XIX — пачатку XX стст. абшары бытавання назвы «літвіны» звузіліся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.

Сучасныя ацэнкі

правіць

На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[22][23] Ігар Чаквін адзначаў, што ў XVI—XVIII стагоддзях назва «літвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасвядомасці беларускага народа і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[22][24].

Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[25].

Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[26][27], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[28][27].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Напісанне паводле Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года.
  2. БелЭн 1999.
  3. ЭнцВКЛ 2010, Т. 3, с. 306.
  4. Зализняк А. А. Древненовгородский диалект. — Москва, 2004. — С. 617.
  5. Шаланда 2003.
  6. ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 192.
  7. Лурье Я. С. Общерусские летописи XIV—XV вв. / АН СССР, Ин-т рус. литературы (Пушкинский дом). — Л., 1976. — С. 77.
  8. Троицкая летопись. Реконструкция текста. / изд. М. Д. Присёлков. Москва-Ленинград, 1950. — С. 344—345.
  9. Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — Москва, 2009. с. 199—201.
  10. ПСРЛ, т. 6, вып. 1. Москва, 2000. стб. 489.
  11. Хроника Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. — Т. 32. — С. 78.
  12. Жлутка А. Міндаў, кароль Літовіі. Менск, 2005. ч. І, № 10b, с. 43.
  13. Gumowski M. Pieczęcie Ksiązat Litewskich // Ateneum Wileńskie. Zesz. 3—4, 1930. S. 696.
  14. Полехов С. В. Ярлык хана Токтамыша польскому королю Владиславу II Ягайлу 1393 года. Проблема происхождения древнерусского текста // Золотоордынское обозрение. — 2021. — В. 2. — Т. 9. — С. 314–335. — ISSN 2308-152X. — DOI:10.22378/2313-6197.2021-9-2.314-335
  15. Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. с. 443.
  16. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. І. СПб., 1846. № 38, 39, 73.
  17. Литовская метрика. Ч. 3, т. 1. — Юрьев, 1914. стб. 425.
  18. Беларускі архіў. Т. 3. — Менск, 1930. № 94. с. 143.
  19. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. / укл. А. Ф. Коршунаў. Мінск, 1959. с. 230.
  20. Akta unji Polski z Litwą 1385—1791. Kraków, 1932. № 149. s. 355—356.
  21. Volumina Legum. T. 5. — Petersburg, 1860. P. 420—421.
  22. а б Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Мінск, 1993. С. 48-49.
  23. Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
  24. Чаквин И. В. Избранное: теоретические и историографические статьи по этногенезу, этническим и этнокультурным процессам, конфессиональной истории белорусов. — Минск: Беларуская навука, 2014. с. 172, 176.
  25. Марзалюк 2009, с. 59, 65, 116, 120.
  26. Груша 2013, с. 39.
  27. а б Груша 2015, с. 173.
  28. Груша 2013, с. 38.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
 
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Літвіны