Вілейскі строй
Вілейскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Цэнтральнай Беларусі (пераважна на паўночным захадзе Мінскай і паўночным усходзе Гродзенскай абласцей). Пад час акрэслівання асаблівасцей вілейскага строю ў 19 ст. на яго паўплываў гарадскі касцюм, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У аздабленні пашыраны ўзорыстае ткацтва, маршчэнне, нашыўкі з тасёмак і стужак. Вышыўка сціплага арнаменту, стрыманага каларыту.
Жаночае адзенне
правіцьУ жаночы гарнітур уваходзяць кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геаметрычнага чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці ў адзін колер — цёмна-зялёны, сіні, чорны (спадніца-рудляк). Фартух 1-полкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6 — 8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур з нашыўкамі тасёмак пазументу, шоўку, аксаміту. Шыйныя ўпрыгожанні: бісерныя, бурштынавыя, шкляныя пацеркі, стужкі з медальёнчыкамі і крыжыкамі.
Традыцыйная жаночая вопратка мала адрознівалася ад мужчынскай (істотныя адрозненні мела вопратка, што ўзнікла пад уплывам гарадской моды). Бурнос і паўбурнос, расшыраныя кнізу, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты з адразной лініяй таліі і фалдамі на спіне, каптанік з сіняга ці чорнага сукна, сурдут, падбіты кудзеляй або ватай.
-
Дзяўчынка-сялянка з вёскі Вялава Ашмянскага павета. Фатограф граф Бенедыкт Тышкевіч, 1898 г.
Мужчынскае адзенне
правіцьМужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У вілейскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваюцца якасцю тканін, кроем, мастацкім афармленнем і каларытам. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, копту, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, у зімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі белага, шэрага, цёмна-карычневага колеру.