Віленская праўда

(Пасля перасылкі з Віленская праўда (1939))

«Віленская праўда» — штодзённая газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, створаная пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

«Віленская праўда»
Нумар «Віленскай праўды» ад 12 кастрычніка 1939
Нумар «Віленскай праўды» ад 12 кастрычніка 1939
Арыгінальная
назва
Віленская праўда
Тып перыядычнае выданне[d]
Заснавана 1939
Спыненне публікацый 1939
Мова беларуская

Планавалася як абласная газета Вільні і Віленскай вобласці БССР. Выходзіла на беларускай мове, № 1 выйшаў 22.9.1939 года. У першых нумарах «Віленскай праўды», як ва ўсёй беларускай савецкай прэсе таго часу, друкаваліся прапагандысцкія тэксты пра гістарычныя правы беларускага народа на Вільню і Віленшчыну. Адказны рэдактар І. М. Афенгейм[заўв. 1], у рэдакцыі працуюць Максім Танк, В. Жук-Грышкевіч (стылістычны рэдактар), М. М. Касцевіч (Макар Краўцоў), Любоў Асаевіч(?), Янка Багдановіч, з рэдакцыяй супрацоўнічалі А. Луцкевіч, Ф. Грышкевіч, С. Бусел і інш. Рэдакцыя размяшчалася ў доме на Біскупскай вуліцы (Талат-Кялпшы, 3[заўв. 2])[1].

У міжнародных навінах даволі рэгулярна без каментароў друкаваліся зводкі нямецкага вайсковага камандавання. У нумары 15 за 8 кастрычніка таксама без каментароў была надрукаваная вялікая прамова Адольфа Гітлера ў Рэйхстагу. Галоўнай жа тэмай гэтага нумару былі паведамленні пра агульнагарадскі мітынг, з якіх фактычна вынікала, што Віленшчына мае быць далучаная да БССР[2].

Аднак у сувязі з заключэннем 14.10.1939 «Дагавора аб перадачы Літоўскай рэспубліцы г. Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» планаваны ў Вільні абласны цэнтр быў перанесны ў Вілейку. Апошні нумар «Віленскай праўды» выйшаў 25.10.1939, рэдакцыйнае абсталяванне перавезлі з Вільні ў Вілейку — газета была перайменаваная ў «Вілейскую праўду» — орган Часовага ўпраўлення Вілейскай вобласці (хоць Вілейская вобласць была створана толькі 4.12.1939), першы нумар якой выйшаў 15.11.1939, нумарацыя захавалася ад «Віленскай праўды». У пачатку 1940 года «Вілейская праўда» перайменаваная ў «Сялянскую газету».

Нумары 1-4, 7-15, 19, 23 «Віленскай праўды» захоўваюцца ў Аддзеле старой перыёдыкі Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (Вільнюс)[3].

Заўвагі

правіць
  1. Ізраіль Мееравіч Афенгейм
  2. У гэтым жа будынку з 1940 (пасля стварэння ЛітССР) да чэрвеня 1941 (нямецкай акупацыі) размяшчаліся рэдакцыі двух беларускіх газет «Свабодная Беларусь» і «За свабоднае жыццё». Цяпер у гэтым будынку Цэнтральны тэлеграф[1].

Зноскі

  1. а б Луцкевич Л. Вильня // Нёман. 1992. № 12. — С. 136-153.
  2. svaboda.org
  3. Айда Грибене. Белорусская печать межвоенного времени в коллекции Отдела старой периодики Библиотеки АН Литвы (издания Вильнюса и Каунаса) // Homo historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А. Ф. Смаленчука з удзелам I. М. Дубянецкай. — Вiльня: ЕГУ, 2008. — 520 с. — ISBN 978-9955-773-16-0. — С. 445.

Спасылкі

правіць